У Маніле распачаўся Сусветны кангрэс Божай Міласэрнасці |
17.01.2017 09:15 |
Сусветны апостальскі кангрэс Божай Міласэрнасці распачаўся ў сталіцы Філіпін — Маніле. Форум праходзіць з 16 па 20 студзеня пад кіраўніцтвам спецыяльнага пасланніка папы Францішка — арцыбіскупа Ліёна кардынала Філіпа Барбарэна. У лісце да французскага пурпурата Святы Айцец адзначыў яго асаблівы клопат пра бедных і патрабуючых. Папа выказаў пажаданне, каб удзельнікі кангрэса спаўнялі запаведзь любові да бліжняга, аднаўлялі духоўнае жыццё ў сем’ях, парафіях і манаскіх супольнасцях, а таксама садзейнічалі пашырэнню знаёмства з Божай міласэрнасцю. Напярэдадні форума кардынал Барбарэн заўважыў, што дзякуючы Юбілейнаму Году Міласэрнасці, які нядаўна прайшоў у Касцёле, слова «міласэрнасць» стала часцей гучаць з вуснаў хрысціян.
Вернікі зразумелі, што яно займае цэнтральнае месца ў Бібліі, пачынаючы ад кнігі Зыходу, дзе Бог пачуў вокліч свайго народа ў егіпецкай няволі і сышоў, каб яго збавіць, аж да прыпавесці пра Добрага Самараніна, якая абагульняе ўсю місію Езуса, а для нас, Ягоных вучняў, з’яўляецца прыкладам, за якім трэба ісці. Арцыбіскуп Ліёна заўважыў, што ў Евангеллях прысутнічае каля 40 прыпавесцяў, але самымі любімымі ў людзей з’яўляюцца дзве: пра Добрага Самараніна і блуднага сына — дзве вялікія прыпавесці аб міласэрнасці. Ідэя кангрэсаў Божай міласэрнасці нарадзілася пасля смерці св. Яна Паўла ІІ сярод яго паплечнікаў-кардыналаў: польскага — Станіслава Дзівіша, літоўскага — Аўдрыса Бачкіса, філіпінскага — Луіса Антоніа Тагле і французскага — Жана-Луі Таран. Сусветны апостальскі кангрэс у Маніле стане чацвёртым па ліку. Першы быў праведзены ў 2008 г. у рымскай базыліцы св. Яна на Латэране, другі — у Кракаве ў 2011 г, трэцці — у Багаце ў 2014 г. Акрамя таго форумы праводзяцца на кантынентальным і нацыянальным узроўнях. |