У Рыме адкрыўся Міжнародны кангрэс Дамініканскага ордэна з нагоды 800-годдзя яго заснавання. У працы форуму, які завершыцца 21 студзеня, прымаюць удзел каля 600 дэлегатаў, у асноўным, свецкіх, разам з сотняй дамініканскіх братоў і сясцёр.
Місія Ордэна прапаведнікаў абазначана ў яго назве. Магістр дамініканцаў а. Бруна Кадорэ ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё падкрэсліў, што духоўныя сыны і дочкі святога Дамініка пакліканы працягваць справу Езуса Хрыста, абвяшчаючы Добрую Вестку аб збаўленні: «Ісці, сустракацца, слухаць, будаваць масты сяброўства і абвяшчаць новае Валадарства», якое заклікана змяніць погляд на гісторыю, адносіны да іншых людзей, даць новую надзею ўсяму чалавецтву. Удзельнікі кангрэса абмяркуюць два асноўных пытання: як паказаць свету, што Евангелле Хрыста — гэта Добрая Вестка, і якім чынам у сённяшнія часы ордэн можа служыць чалавецтву і Касцёлу. У працы форуму будуць абмяркоўвацца тэалагічныя аспекты евангелізацыі ў сучасным свеце і пытанні дыялогу ў розных культурных прасторах.
Міжнародны форум, паводле слоў магістра дамініканцаў а. Вівіяна Баланда, будзе «новым крокам для ўсіх нас, найперш дзякуючы абмену вопытам паміж тымі, хто служыць у розных частках свету, асабліва ў цяжкадаступных месцах, дзе сведчанне пра Хрыста і добрую вестку звязаны з рызыкай і пераследам».
На завяршэнне сустрэчы ў базыліцы святога Яна на Латэране будзе цэлебравацца святая Імша, якую ўзначаліць папа Францішак. Менавіта тут у 1215 годзе св. Дамінік дэ Гусман звярнуўся да папы Інакенція ІІІ з просьбай зацвердзіць новае манаскае брацтва.
Паводле sib-catholic.ru (IL)
|