Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Іспанскі «Рэал Мадрыд» прыбярэ хрысціянскі крыж з эмблемы клуба ў арабскіх краінах
31.01.2017 09:45

Фірмовая прадукцыя іспанскага футбольнага клуба «Рэал Мадрыд» у краінах Блізкага Усходу будзе прадавацца са змененым лагатыпам. На ім прыбяруць каталіцкі крыж. Такім чынам клуб хоча зарабіць 50 мільёнаў еўра.

Такая ўмова прапісана ў кантракце клуба з кампаніяй Marka, якая набывала права на выраб і продаж сувенірнай прадукцыі з сімволікай «Рэала» ў мусульманскіх краінах Усходу.

Пры гэтым, як адзначаецца, сам клуб не збіраецца змяняць свой лагатып.

«У краінах Персідскага заліва трэба быць асцярожнымі, таму што тут насцярожана ставяцца да любой выявы крыжа», — заявіў віцэ-прэзідэнт   Marka Халед аль-Мхеіры.



Адсутнасць крыжа на эмблеме «Рэала» на сувенірнай прадукцыі будзе не першым прэцэдэнтам у гісторыі футбольнага клуба. У 2014 годзе падчас будаўніцтва Real Madrid Resort Island у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах (ААЭ) футбольны клуб таксама прыбраў крыж са свайго лагатыпа, каб знайсці паразуменне з Нацыянальным банкам Абу-Дабі. Тады такія дзеянні выклікалі пратэсты сярод членаў і футбольных заўзятараў іспанскага клуба.

Cумныя прыклады

«Рэал Мадрыд» — не першы футбольны клуб Еўропы, які прыбірае хрысціянскі сімвал пад націскам мусульманскіх бізнес-партнёраў. ФК «Барселона» прыбірала са сваёй эмблемы крыж св. Юрыя, каб прадаваць больш цішотак у мусульманскіх краінах.

Французскі клуб «Paris Saint Germain», які належыць каралеўскай сям’і Катару, таксама змяніў свой герб, прыбраўшы каралеўскую калыску. Гэты элемент лічыцца абражлівым у арабскім свеце, бо звязаны з дынастыяй, якая брала ўдзел у Крыжовых паходах.


Петыцыя нязгодных

Каталіцкае таварыства Enraizados (Закаранёныя) распачало кампанію па зборы подпісаў, каб не дапусціць змянення эмблемы клуба ў арабскіх краінах.

Як адзначаюць аўтары петыцыі, у той час, калі хрысціяне церпяць пераслед у багатых краінах Афрыкі і Азіі, прэідэнт «Рэал Мадрыда» Фларэнціна Перэс вырашыў прыбраць крыж, каб не страціць шматмільённы кантракт.

Гэтым рашэннем клуб павернецца спіной да 800 тысяч хрысціян, якія жывуць у ААЭ, а гэта 12,6 працэнта жыхароў.
Актывісты нагадваюць, што футбалісты «Рэалу» заўсёды гуляюць у цішотках з эмблемай крыжа і ніхто ніколі не выказваў незадаволенасці з гэтай прычыны. Да таго ж, крыж змешчаны на сцягах шмат якіх еўрапейскіх краін. І іх улады ніколі не прыбіраюць крыж са сцяга, калі туды прыязджаюць дэлегацыі з мусульманскіх краін.

Паводле CREDO (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.