Дональд Трамп: ЗША будуць прымаць хрысціян з Сірыі |
31.01.2017 10:51 |
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра несправядлівасць у адносінах да сірыйскіх хрысціянаў, якім, на яго думку, цяжэй, чым мусульманам, эміграваць у ЗША, і паабяцаў дапамагчы ім.
Як піша blagovest-info.ru са спасылкай на РИА Новости, пра гэта Трамп заявіў у інтэрв’ю Хрысціянскай вяшчальнай тэлесетцы.
«Ведаеце, калі б вы былі хрысціянінам з Сірыі, то вам было б немагчыма, прынамсі вельмі цяжка, трапіць у ЗША. Калі б вы былі мусульманінам, то маглі б прыйсці», — заявіў Трамп.
Паводле яго слоў, тэрарысты ў Сірыі адсякаюць галовы многім людзям, але ў большай ступені пакутуюць менавіта хрысціяне. Таму сённяшнюю сітуацыю з міграцыяй хрысціян у ЗША ён назваў «вельмі-вельмі несправядлівай». «Мы збіраемся дапамагчы ім», — дадаў прэзідэнт.
Тым часам 27 студзеня Трамп падпісаў указ, які прыпыняе прыём бежанцаў у ЗША на 120 дзён, забараняе на нявызначаны тэрмін размяшчэнне бежанцаў з Сірыі і ўскладняе некаторыя правілы ўезду ў ЗША. Такое рашэнне новаабранага прэзідэнта выклікала шматлікія пратэсты.
Паводле blagovest-info.ru (IL)
|