За 20 гадоў да смерці святар у ЗША прасіў не асуджаць на смяротнае пакаранне свайго забойцу |
01.02.2017 10:32 |
Каталіцкі святар Рэнэ Робэрт, якога застрэлілі ў красавіку 2016 года, яшчэ ў 1995 годзе падпісаў так званую «дэкларацыю жыцця». Сутнасць дакумента ў тым, што чалавек, які яго падпісвае, у выпадку гвалтоўнай смерці просіць не прыгаворваць забойцаў да смяротнага пакарання. Пра гэта паведамляе Русская служба Би-би-си.
«Дэкларацыю жыцця» ў ЗША звычайна падпісваюць праціўнікі смяротнага пакарання. У тыповай рэдакцыі такога пісьма гаворыцца, што забойцу нельга пакараць смерцю, якім бы жахлівым не было злачынства і якімі б моцнымі не былі пакуты ахвяры. Супрацоўнікі кс. Робэрта, у тым ліку арцыбіскуп Уілтан Грэгары, прыйшлі да будынку суда ў горадзе Агаста (штат Джорджыя), каб данесці да суддзяў пазіцыю Рабэрта. Па іх словах, святар, нібы прадбачачы ўласны лёс, настаяў на тым, каб інфармацыя пра яго адносіны да смяротнага пакарання была ўнесена ў яго асабістую справу. Святары прадставілі суду петыцыю, подпісы пад якой пакінулі амаль 7,5 тысяч вернікаў. У дакуменце гучыць заклік да ўладаў штата ўшанаваць пажаданне спачылага. Сябры святара расказалі, што ён усё жыццё дапамагаў людзям, якія трапілі ў складаную сітуацыю, у тым ліку былым зняволеным і людзям з псіхічнымі адхіленнямі. Цела застрэленага 71-гадовага Рэнэ Рабэрта было знойдзена ў лесе ў штаце Джорджыя ў красавіку 2016 года. Па версіі следства, святара забіў Сцівен Мюррэй, якому святар дапамагаў на працягу некалькіх месяцаў. Ён папрасіў святара падвезці яго на сваёй машыне, пасля чаго выкраў і забіў яго. Пасля забойства Мюррэй забраў аўтамабіль святара. Яго затрымалі за рулём гэтага аўтамабіля праз дзень пасля таго, як кс. Рэнэ Рабэрт быў аб’яўлены ў вышук. Мюррэй прывёў паліцэйскіх да месца, дзе ляжала цела святара. Абвінавачванне мае намер дабівацца смяротнага пакарання для Мюррэя, калі прысяжныя прызнаюць яго вінаватым. У судзе Мюррэй заявіў, што ў яго праблемы з псіхікай і што ён страціў кантроль над сабою. Абвінавачаны папрасіў прабачэння за свае дзеянні. Паводле tut.by |