25 гадоў адраджэння святкуе Каталіцкі Касцёл у Манголіі |
07.02.2017 11:03 |
Больш за 50 місіянераў і кансэкраваных асобаў з 14 краін прысвяцілі сваё жыццё Касцёлу ў Манголіі, ідучы шляхам паклікання. Дзякуючы іх служэнню Касцёл у Манголіі рыхтуецца адсвяткаваць 25-годдзе свайго адраджэння, і ў хуткім часе будуць заснаваныя тры новыя парафіі.
Пра гэта ў Апостальскай прэфектуры распавёў місіянер з Конга, які нясе служэнне ў Манголіі, а. Праспер Мбумба. Святар належыць да Супольнасці Беззаганнага Зачацця Сэрца Марыі. Таксама пра сваё 10-гадовае ў Манголіі служэнне расказала с. Нірмала з Індыі. Паводле яе слоў, на Божую службу яе натхніў французскі місіянер, які аддана служыў індыйскаму народу.
«Прысвяціць сваё жыццё Богу — азначае клапаціцца пра стасункі з Богам, і гэта прадугледжвае самаахвярнасць. Стасункі з Богам, жыццё ў супольнасці і місія ўтвараюць цэнтр нашай харызмы і з’яўляюцца асноўнымі элементамі кансэкраванага жыцця». Таксама манахіня прыгадала, што ў мінулым годзе Касцёл у Манголіі папоўніўся першым святаром мясцовага паходжання.
Каталіцкі Касцёл аднавіў сваё місійнае служэнне ў Манголіі 25 гадоў таму пасля распаду СССР. Сёння каталіцкая супольнасць у Манголіі налічвае больш за тысячу ахрышчаных і сотні катэхуменаў, якія належаць да шасці парафій. Таксама ў краіне працуюць тры місійныя супольнасці, якія з нагоды юбілею будуць абвешчаны асобнымі парафіямі. Паводле catholicnews.org.ua(IL)
|