Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох
прапаноўвае стварыць спецыяльную камісію для ўрэгулявання адносін паміж
Рускай Праваслаўнай Царквой і Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквой. На думку ватыканскага іерарха, такая спецыяльная камісія магла б заняцца працай над аздараўленнем ранаў мінулага і стварэннем сумеснай будучыні.
Сваю прапанову Кох сфармуляваў у пісьмовай заяве, якую разам з тэкстам афіцыйнага выступлення кардынала распаўсюдзіў Інстытут экуменічных даследаванняў універсітэта Фрыбурга.
12 лютага ў гэтым універсітэце адбыліся памятныя мерапрыемствы з удзелам кардынала Курта Коха і Мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна, прысвечаныя гадавіне сустрэчы Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.
«Што датычыць балючай сітуацыі ва Украіне, у прыватнасці, адносін паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквой, то я лічу, што адным з плёнаў сустрэчы магло б і павінна было б стаць узнаўленне дыялога на многіх узроўнях. На гістарычным узроўні мне бачыцца неабходнай сумесная праца для “ачышчэння памяці” ў межах камісіі ad hoc, якая, безумоўна, будзе доўгай і складанай, улічваючы раны мінулага як з аднаго, так і з іншага бакоў. Аднак, без “вымання” памяці цяжка ўявіць сабе агульную будучыню», — адзначаецца ў заяве кардынала Коха.
Пры гэтым ватыканскі іерарх зрабіў акцэнт на тым, што сённяшнія цяжкасці ў адносінах паміж праваслаўнымі і грэка-католікамі ва Украіне выкліканы не столькі прычынамі багаслоўскага характара, колькі ўмовамі, звязанымі з нацыянальнымі і палітычнымі фактарамі. Кардынал заклікаў у гэтай сувязі знайсці формы ўзаемапрымальнага суіснавання, як і прапануе Сумесная дэкларацыя, падпісаная ў Гаване.
У сваю чаргу праваслаўны іерарх адзначыў, што «павінна быць завершана і даведзена да свайго лагічнага завяршэння абмеркаванне тэмы уніі, якая закраналася падчас багаслоўскага дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой»
Паводле sib-catholic.ru (IL)
|