Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вялікі пост ва Украіне стане часам малітвы аб міры
01.03.2017 09:36

«Як Касцёл мы маем маральны абавязак быць голасам тых, хто яго пазбаўлены», — гэтымі словамі звяртаюцца да міжнароднай супольнасці біскупы Украіны, заклікаючы ў перыяд Вялікага посту да ўстрымання і малітвы за мір.

Асабліва драматычнай з’яўляецца сітуацыя дзяцей і асобаў старэйшага ўзросту. Паводле UNICEF, у Дамбасе пражывае каля 19 тысяч дзяцей, якія зведалі траўму вайны і да сёння з’яўляюцца сведкамі абстрэлаў і ўзброеных дзеянняў.

«У Аўдзееўцы дзяцей развозяць у розныя мясцовасці, дзе яны могуць працягваць вучобу. Ваенныя дзеянні маюць дэстабілізацыйны характар, — адзначыў дапаможны біскуп Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі і адначасова каардынатар гуманітарнай акцыі «Папа для Украіны» Ян Сабіла. — Гуманітарныя арганізацыі забяспечылі жыццё насельніцтву. Але, як кажуць людзі з памежных з лініяй фронту мясцовасцяў, не адным хлебам жыве чалавек. Жыццё ёсць, але няма спакою і пэўнага заўтра».

«Праваслаўныя і католікі абодвух абрадаў распачынаюць на гэтым тыдні Вялікі пост. Як у цэрквах, так і ў касцёлах гучыць заклік і вялікая просьба аб духу пакаяння і навяртання ў інтэнцыі міру на ўсходзе Украіны і ва ўсім свеце», — дадаў іерарх.

Па ўсёй Украіне падчас Вялікага посту пройдуць малітоўныя чуванні ў інтэнцыі міру, а вернікі будуць арганізоўваць гуманітарную дапамогу для жыхароў тэрыторый, ахопленых вайной.

КАІ (VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.