Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасля навяртання яны спяваюць для Бога: гісторыя рок-гурта «The Sun»
14.03.2017 15:07
Гурт «The Sun» штурмуе музычны рынак Італіі, даючы канцэрты і прымаючы новыя ўзнагароды. Усё — у імя Бога. Яшчэ 20 гадоў таму яны ігралі панк-рок, запісваючы дыскі з гуртамі іншых краін.
Іх нават называлі лепшым італьянскім панк-гуртом у свеце. У 2004 годзе пасля трэцяга альбому яны былі на вяршыні папулярнасці — давалі безліч канцэртаў і суправаджалі выступамі вядомых зорак. Але побач з такой славай былі наркотыкі, алкаголь і жанчыны...
Як так адбылося?
«Замест таго, каб адчуваць сябе шчаслівымі, мы ўсё радзей размаўлялі, былі проста злыя», — казаў пазней франтмен гурта Франчэска Ларэнцы на сустрэчы з ватыканскім ведамствам па пытаннях культуры. Як так адбылося, што панкі ігралі перад біскупамі, кардыналамі і журналістамі, прадстаўляючы маладую хрысціянскую музычную сцэну?
Усё пачалося з маці Ларэнца. Яна, бачачы, што адбываецца з сынам, у 2007 годзе ўзяла аднойчы яго з сабою ў касцёл ў парафію ў іх родным горадзе.
Вакаліст прыгадвае: ён думаў, што гэта месца для старых і адзінокіх, дзе ён будзе нудзіцца.
«Замест гэтага мяне там цёпла прывіталі, а цеплыня — тыя ўсмешкі, якія я пабачыў на тварах людзей у святыні, — мяне сапраўды ўразіла. Гэта было штосьці, што мне было так патрэбна. Я ўсё часцей пачаў прыходзіць у касцёл, на адарацыю і святую Імшу. Я змяняўся».
«Змены ўва мне пачалі заўважаць іншыя члены гурта», — кажа Франчэска. І хоць агулам змены ў гурце занялі пяць гадоў, ужо ў 2008 годзе яны змянілі назву на “сонца” (The Sun), а ў іх песнях пачалі з’яўляцца словы пра надзею, любоў, сяброўства, вечнае жыццё, пра “тое, што найважнейшае”.
Іх місіяй стала пасланне ў Касцёле да такіх самых, як яны: маладых, творчых, хто нядаўна адкрыў для сябе Хрыста. Праз некалькі месяцаў пасля свайго навяртання Ларэнцы выклаў у сваім блогу анкету для сваіх фанатаў, пытаючы, ці варта верыць і што іх прываблівае ў Касцёле?
На пытанні адказалі тысячы людзей. Адказы былі адназначнымі: прываблівае насамрэч сапраўднае сведчанне. Неўзабаве гурт вырашыў дапамагаць адкрыць для сябе Касцёл, «засыпаючы» музыкай межы, якія падзяляюць моладзь ад сустрэчы з Хрыстом і іншымі людзьмі.
Разам з іншымі ўдзельнікамі гурта Ларэнцы здзейсніў некалькі пілігрымак на Святую Зямлю, якая пасля гэтага атрымала ў творчасці гурта сваё месца. Пасля адной з такіх пілігрымак быў прадстаўлены альбом «Spiritti del sole» (2010), які стаў першым альбомам гурта на італьянскай мове.
Гурт сёння
У 2011 годзе яны выступілі на Дні міру, запісаўшы песню аб працы італьянскага місіянера ў Палесціне, а ў 2015-м разам з прыхільнікамі правялі збор грошай, прызначаных на дапамогу дзецям у Палесціне.
У сваіх песнях «The Sun» імкнуцца паказаць праўду пра тое, што адбываецца на тэрыторыях, ахопленых узброеным канфліктам, і дапамагчы пакрыўджаным вайною. За ўсе памкненні ў гэтай сферы ў 2016 годзе яны прынялі з рук кардынала П’етро Параліна пачэсны папскі медаль. Але, як прызнаюцца самі ўдзельнікі гурта, найважнейшым з’яўляюцца сведчанні, якія яны даюць праз сваю музыку.