Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гэтаму іспанцу ўжо 91 год, але яго праца здзівіць любога
17.03.2017 12:17

Хусто Гальега нарадзіўся ў 1925 годзе ў іспанскім горадзе Мехарада-дэль-Кампа за 40 км ад Мадрыда. Ва ўзросце 27 гадоў ён паступіў у кляштар у суседнім горадзе і заставаўся ў ім на працягу васьмі гадоў. Але захварэў на сухоты і быў вымушаны пакінуць кляштар.

З чаго ўсё пачыналася?

Паколькі ён не мог служыць Богу ў якасці манаха, Гальега вырашыў пабудаваць сабор на надзеле зямлі, які ён атрымаў у спадчыну ад сваёй сям’і. Яго просьбу на дазвол аб будаўніцтве ўлады ігнаравалі, паколькі не верылі ў сур’ёзнасць намераў мужчыны. Але Гальега гэта не спыніла. У 1961 годзе ён пачаў будаўніцтва касцёла, не маючы на гэта ані дазволу, ані архітэктуранага вопыту.

Нядаўна фатограф Радольфа Кантрэрас сустрэўся з Гальега і распытаў яго пра сабор, які мясцовыя называюць «Сабор Хусто». Грандыёзнасць праекта здзівіла фатографа.

«Я не эксперт у архітэктуры, але сабор выглядае так, быццам яго распрацавалі і пабудавалі сапраўдныя спецыялісты, — кажа Кантрэрас. — Ніколі не скажаш, што за яго пабудовай стаіць чалавек без архітэктурнай або будаўнічай адукацыі», — адзначае фатограф.



Гальега не скончыў сваю адукацыю з-за грамадзянскай вайны ў Іспаніі ў 1930-я гады і таму чэрпаў натхненне галоўным чынам з кніг з фотаздымкамі старажытных замкаў і сабораў. Ён не меў фармальнага плану будаўніцтва, але больш за ўсё ў дызайне сабора адчуваецца ўплыў раманскага стылю з тыповымі для яго калонамі і шэрагамі арак.

Адкуль браліся матэрыялы для святыні?

Будаўнічыя матэрыялы энтузіяст купляў на грошы, якія атрымаў у спадчыну ад бацькі, а таксама збіраў па вуліцах горада старую цэглу для паўторнага выкарыстання.

На працягу многіх гадоў Гальега самастойна выконваў усе будаўнічыя працы. Часам яму дапамагалі пляменнікі, за што ён аплачваў іх навучанне ў школе. Сабор Хусто ператварыўся ў праект усяго жыцця.

Мужчына ніколі не дапускаў думкі кінуць будаўніцтва і ніколі не хацеў займацца чымсьці іншым. Ён да сёння прачынаецца кожную раніцу на  досвітку, каб папрацаваць, — акрамя нядзельных дзён, калі ён наведвае святую Імшу ў касцёле.

Апошнія 20 гадоў разам з Гальега працуе яго зямляк Анхель Лопэс, якога натхніў праект, і ён прапанаваў сваю дапамогу. Лопэс, у прыватнасці, ствараў вітражы і пафарбаваў скляпенні сабора. Ён таксама не мае ніякага вопыту ў архітэктурнай дзейнасці.

Лопэс дапамагае 91-гадоваму Гальега з умовай, што пасля яго смерці атрымае ў спадчыну будаўніцтва і павінен будзе яго скончыць.

Сабор уражвае сваімі каласальнымі памерамі. Самы вялікі з 28 купалоў святыні мае каля 40 метраў, яго будаўніцтва працягвалася 30 гадоў.

У сваім тастаменце Гальега пакідае сабор Хусто ў спадчыну Каталіцкаму Касцёлу. Паводле яго слоў, Касцёл задаволены яго тварэннем, але зможа прыняць яго як ахвяраванне толькі тады, калі мужчына выправіць парушэнні і атрымае нарэшце афіцыйны дазвол на будаўніцтва ад іспанскіх уладаў.

Гальега спадзяецца, што аднойчы яго сабор усё ж стане дзеючым касцёлам, а яго самога пахаваюць у створанай ім святыні.



Будаўніцтва святыні, аднак, завершыцца яшчэ не хутка. Будынак і купалы — цалкам гатовыя, але яшчэ застаецца шмат працы па ўнутраным аздабленні.

Лопэс расказаў, што, верагодна, яму спатрэбяцца яшчэ адны рабочыя рукі для завяршэння будаўніцтва. Акрамя таго, інтэр’ерныя працы патрабуюць дадатковага фінансавання, якога ні ў яго, ні ў Гальега пакуль няма.

Паводле blagovest-info.ru (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.