Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Спробы ўраду знішчыць хрысціянства толькі ўзмацняюць яго»: гісторыя Ёнмі Парк — бежанкі з Паўночнай Карэі
24.03.2017 15:15

Ёнмі Парк нарадзілася і правяла дзяцінства ў Паўночнай Карэі. Сваю краіну яна лічыла «лепшай у свеце». Але ўсё змянілася пасля таго, як яе маці падзялілася лістом сястры свайго калегі.

«У ім было напісана: “Калі Вы прачытаеце гэты ліст, пяці членаў нашай сям’і не будзе больш існаваць на гэтым свеце, таму што мы не елі апошнія тры тыдні. Мы ляжым на падлозе, нашы целы настолькі абяссіленыя, што мы чакаем смерці”», — прачытала яна.

«Я была так узрушана, — сказала Парк. — Гэта быў першы раз, калі я пачула пра тое, што людзі ў маёй краіне пакутуюць».

У 2007 годзе, калі Парк было 14 гадоў, яе сям’я ўцякла з Паўночнай Карэі ў пошуку лепшага жыцця ў Кітай. Дзяўчына адзначыла, што яна і яе маці ішлі па замерзлай рацэ, каб туды дайсці.



Гісторыя Парк стала распаўсюджвацца пасля таго, як у сеціве стаў дасяжны відэаролік з прамовай, з якой яна выступіла на Сусвеным саміце моладзі ў 2014 годзе. Падчас выступлення Парк распавяла пра злоўжыванні, якія здзяйсняюцца ўрадам Паўночнай Карэі.

«Паўночная Карэя — адзіная краіна ў свеце, якая карае людзей за несанкцыянаваныя міжнародныя тэлефонныя званкі», — сказала Парк у відэа.

Дзяўчына падкрэсліла, што хрысціяне ў Паўночнай Карэі сутыкаюцца з жорсткім пераследам. Спробы ўраду краіны знішчыць хрысціянства дапамаглі яму толькі вырасці.
Паводле слоў дзяўчыны, паўночныя карэйцы адчайна шукаюць свабоды і паміраюць за яе акурат зараз. «Калі мне было дзевяць гадоў, я ўбачыла публічнае смяротнае пакаранне маці майго сябра. Яе злачынствам быў прагляд галівудскага фільма», — патлумачыла Парк.

Пасля ўцёку ў Кітай у Парк памёр бацька. «Мне давялося пахаваць яго ў 3 гадзіны ночы патаемна, мне было 14 гадоў, я нават не магла плакаць — я баялася, што мяне адправяць назад у Паўночную Карэю», — дадала дзяўчына.



Дзяўчына зазначыла, што ў Кітаі разам з маці яе прадалі ў рабства гандляры людзьмі. «У той дзень, калі я ўцякла з Паўночнай Карэі, я ўбачыла, як маю маці згвалтавалі, а зрабіў гэта кітайскі брокер. Ён напаў на мяне, але маці дазволіла згвалтаваць сябе, каб абараніць мяне».

У Кітаі дзяўчына і яе маці пазнаёміліся з хрысціянскімі місіянерамі, якія дапамаглі ім трапіць у Манголію.

«Манголія была нашым момантам свабоды: смерць або годнасць. Узброіўшыся нажамі, мы былі гатовыя забіць сябе, калі нас адправяць назад у Паўночную Карэю. Мы хацелі жыць, як людзі. Ніхто не заслугоўвае таго, каб яго ці яе прыгняталі толькі з-за месца нараджэння».

У 2015 годзе дзяўчына апублікавала сваю аўтабіяграфію «Права на жыццё: шлях дзяўчыны з Паўночнай Карэі да свабоды». Сёння яна вывучае эканоміку ў Калумбійскім універсітэце.

Паводле cnl.news (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.