Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Старшыня Еўрапарламента: без каштоўнасцей Еўропы не існуе
27.03.2017 08:54

З’яднаная Еўропа жыццёва неабходная для абароны свабоды, дэмакратыі і міру, адзначыў Старшыня Еўрапарламента Антоніа Таяні ў інтэрв'ю Ватыканскаму радыё, якое даў 24 сакавіка  за некалькі гадзін да запланаванай у Ватыкане сустрэчы Святога Айца з лідарамі еўрапейскіх дзяржаў. Яны прыбылі ў італьянскую сталіцу з нагоды святкавання 25 сакавіка 60-годдзя падпісання Рымскіх пагадненняў.

Беспрацоўе сярод маладога насельніцтва, тэрарызм і міграцыя — галоўныя выклікі, на якія Еўрасаюз павінен даць тэрміновыя адказы, упэўнены новы Старшыня Еўрапарламента. «Тэрарызм не ведае межаў, таму і антытэрарыстычныя аперацыі не павінны мець перашкод, звязаных з межамі», — перакананы палітык. Таму, на яго думку, трэба ўзмацняць згуртаванасць, пашыраць супрацоўніцтва паміж паліцэйскімі структурамі, судовымі органамі і спецслужбамі. Галоўную мэту свайго прэзідэнцтва Антонія Таяні бачыць у спрыянні адзінству Еўропы, каб яна была сапраўды «Еўропай народаў».

Ён выказаўся за працяг дыялогу з Вялікабрытаніяй, нягледзячы на рашэнне краіны выйсці з ЕС. Ён прызнаў, што так званы Brexit «не з’яўляецца пазітыўным вынікам для Еўропы» і дадаў, што «цяпер трэба быць прагматычнымі: весці перамовы з брытанцамі і абараняць інтарэсы жыхароў». «Мы павінны працаваць, каб будучыя адносіны паміж Еўрасаюзам і Вялікабрытаніяй былі станоўчымі. Вялікабрытанія выходзіць з Еўрапейскага саюза, але не пакідае Еўропу», — дадаў палітык.

Палітык падкрэсліў неабходнасць нанова адкрыць каштоўнасці, якімі была натхнёная сама ідэя стварэння Еўрапейскага саюзу: «Мы павінны падарыць сваім дзецям магчымасць і жаданне верыць у іншую будучыню. Без каштоўнасцей, без ідэнтычнасці Еўропы не існуе. І калі мы хочам супрацьстаяць з большай мужнасцю вялікім выклікам сённяшняга дня, мы павінны верыць у нашую стракатую і з’яднаную ідэнтычнасць».

Сёння, на думку Антоніа Таяні, адчуваецца неабходнасць наблізіць грамадзян да палітычных інстытутаў, скараціць дыстанцыю, якая існуе паміж Бруселем і жыхарамі, размаўляючы з імі, тлумачачы тое, што адбываецца, даючы канкрэтныя адказы на іх запыты, імкнучыся вырашыць праблемы, з якімі не спраўляюцца асобныя краіны ці мясцовыя органы ўлады.

Старшыня Еўрапарламента пажадаў, «каб Еўропа працягвала свой шлях, выпраўляючы здзейсненыя памылкі, запаўняючы прабелы, якія існуюць, і працуючы ў інтарэсах грамадзян». Менавіта гэта пасланне, як паведаміў Антоніа Таяні, еўрапейскія лідары і хочуць перадаць Пантыфіку.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.