Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У РПЦ выступаюць за поўную забарону сурагатнага мацярынства
28.03.2017 12:10

Руская Праваслаўная Царква падтрымлівае забарону сурагатнага мацярынства, бо падобная практыка прыніжае годнасць жанчыны і падрывае асновы сямейных каштоўнасцяў. Пра гэта паведаміў ТАСС намеснік старшыні Сінадальнага аддзела па ўзаемаадносінах Царквы з грамадствам і СМІ Вахтанг Кіпшыдзэ.

Раней у Дзярждуму быў унесены праект закона пра забарону ў Расіі сурагатнага мацярынства.

«Мы лічым, што практыка сурагатнага мацярынства прыніжае годнасць жанчыны. Падобны падыход да нараджэння дзяцей не адпавядае ўяўленням пра шлюб і сям’ю. Дадзеная сітуацыя можа разглядацца як продаж маці свайго дзіця, што з’яўляецца маральна сумніўным», — адзначыў Вахтанг Кіпшыдзэ.

Намеснік старшыні Сінадальнага аддзела падкрэсліў, што жаданне нараджаць і выхоўваць дзяцей цалкам нармальнае, але для гэтага не трэба выкарыстоўваць сурагатнае мацярынства. «Зусім не абавязкова звяртацца да тэхналогій, якія скажаюць уяўленне пра сям’ю і адносіны паміж дзіцём і маці. Можна звярнуцца да практыкі ўсынаўлення дзяцей, якія таксама маюць патрэбу ў бацькоўскай любові», — дадаў Кіпшыдзэ.

Прадстаўнік РПЦ нагадаў, што ў многіх краінах сурагатнае мацярынства забаронена, але, нягледзячы на заканадаўчыя бар’еры, на шляху гэтай практыкі павінна быць «яе маральнае непрыманне і выхаванне ў духу павагі да годнасці жанчыны, якая не можа разглядацца як інкубатар для чужых дзяцей».

У сваю чаргу, аўтар праекта закона Антон Белякоў адзначыў у размове з ТАСС, што ў Расіі пытанне сурагатнага мацярынства «практычна не кантралюецца дзяржавай, ... а Расія пераўтварылася ў “рэпрадуктыўную Мекку” для замежных грамадзян».

На думку сенатара, заканадаўча ўрэгуляваць гэтае пытанне немагчыма. «Сурагатнае мацярынства з’яўляецца продажам дзяцей. Гэта не проста амаральна, але парушае правы жанчын і дзяцей, таму такія здзелкі павінны быць забаронены».

Паводле blagovest-info.ru
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.