Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пётр Наліч: «Важна не толькі, як ты жывеш, але і тое, якім ты памрэш»
05.04.2017 12:49
Пётр
Наліч праславіўся ў 2007 годзе, выклаўшы ў сеціва сваю песню «Гітар». У
2010-м каманда Наліча выступіла на Еўрабачанні. Больш пра музыканта
практычна ніхто нічога не ведае.
А дарма! У Наліча архітэктурная і
акадэмічная музычная адукацыя. Ён спявае партыі з «Травіяты», піша
музыку для тэатра, а паўгады таму прыняў хрост...
— Вы пахрысціліся зусім нядаўна. Вялікі пост — першы для вас?
—
Як бачыце па маёй раф-каве, я не вельмі добра яго выконваю. Я пастаянна
сябе суцяшаю, што паўсюль у святых айцоў напісана: калі няма галоўнага,
то гастранамічны пост — глупства. І я наіўна разлічваю, што галоўнае ў
мяне ёсць. Стараюся, канешне, але не вельмі ў мяне атрымліваецца — я
вялікі абжора!
Ды й сёння такія кулінарныя шэдэўры можна
гатаваць, выкарыстоўваючы толькі посныя прадукты.... Стараюся есці менш —
так, каб не аб’ядацца, але я нікому не прыклад, канешне.
— Як вы апынуліся ў храме Тройцы ў Хохлах? Што прывяло вас у святыню ўвогуле?
—
Была такая ўнутраная неабходнасць. Як кажуць, пошук вядзецца ўсё жыццё,
у мяне ён пачаўся ў дзяцінстве. Я з дзяцінства быў упэўнены, што за
ўсім стаіць нейкі трансцэндэнтны, разумны пачатак. Бо, як мне здаецца,
даказаць гэта або аспрэчыць нельга — ні тое, ні іншае простымі
«яўклідавымі» алгарытмамі не вылічыш.
Вера, разуменне, што дзесьці там штосьці такое ёсць — для мяне была заўсёды натуральным станам. А
ў нейкі момант у сувязі з рознымі падзеямі ўзнікла адчуванне, што
неабходныя нейкія «метадычкі». Не магу сказаць, што я правёў магутны
аналіз усіх рэлігій свету і прыйшоў да праваслаўя ў сваім пошуку. Але
побач са мной апынуліся веруючыя людзі, якія казалі пра рэчы, якія
пралівалі святло на мае пытанні...
А ў нейкі момант я падумаў, што трэба прыняць хрост. Мая сям’я не рэлігійная, яны, скажам так, агностыкі.
Бацькі
мамы і таты былі камуністамі, але не ваяўнічымі атэістамі, не. Першым у
нашай сям’і пахрысціўся старэйшы брат — відаць, сутыкнуўся з нейкімі
пытаннямі і пахрысціўся. Гэта было дастаткова нечакана для нас. Думаю,
гэты факт паўплываў і на маё рашэнне.
— Большасць людзей памятаюць вас як аўтара песні і аматарскага
кліпа «Гітар», або як удзельніка Еўрабачання-2010. А прайшло ўжо амаль
10 гадоў — вы скончылі Гнесінку, зусім іншыя рэчы спяваеце...
— Увесь час ёсць такі момант, наколькі
ты павінен адпавядаць запытам публікі. Два гады таму я цалкам адмовіўся
ад выканання свайго старога шлягернага рэпертуара на вялікіх канцэртах.
І, вядома, гэта вялікая барацьба для мяне, таму што многія прыходзяць,
каб пачуць старыя песні...
Аўдыторыя зменшылася працэнтаў на 20. Затое прыйшлі новыя 5 працэнтаў, якім падабаюцца новыя песні. Гэта мне найбольш прыемна.
— Наколькі важныя для вас водгукі публікі?
—
Ёсць такі наказ вакаліста Ніколы Парпоры: «Не слухай нікога акрамя Бога
аднаго». Але гэта напісана ў канцы таўсценнага трактату аб тым, як
трэба спяваць! Я заўсёды звяртаў увагу на рэакцыю публікі. Але адзін
скажа, што музыка геніяльная, іншы — што лухта поўная. Не трэба давяраць
ні таму, ні другому. Але зусім нікога не слухаць — таксама нельга!
Усё
адно ў мяне недастаткова крутыя налады для таго, каб я мог слухаць
аднаго толькі Бога. Вельмі шмат рознага бруду ўнутры, які замінае —
зайздрасці, ганарыстасці, спробы дагадзіць якімсьці людзям, якія мне
здаюцца аўтарытэтамі.
І часта мне бывае незразумела: дзе ты, што ты, навошта ты? Такое рэгулярна бывае.
— Па першай адукацыі вы — архітэктар, па другой — музыкант. На вашу думку, ёсць розніца — маліцца ў старым храме або ў новабудзе, пад аматарскія спевы клірасу ці пад прафесійныя?
— Гэта вялізнае значэнне мае! Мяне якраз мае сябры часта асуджалі за тое, што я заўсёды надаваў занадта вялікае значэнне эстэтыцы. Архітэктура, прастора, колеры, фактура настрайваюць пэўным чынам. Так стары будынак ці вельмі прыгожы — для мяне мае вялікае значэнне. Від храма — знутры і звонку — павінен цябе настрайваць на пэўны лад, сакральны.
Чалавек пастаянна здзяйсняе выбар. У яго ёсць свабода і ў гэтым, уласна кажучы, і ёсць яго падабенства да Бога. Гэты выбар — або ты ідзеш направа, або налева — адбываецца пастаянна. Калі казаць мовай «Зорных войнаў», ты або на цёмным баку Сілы, або на светлай.
Гэты выбар адбываецца пастаянна, таму ты не можаш у нейкі момант спыніцца і сказаць: «Усё, я стаў добрым». Гэта немагчыма! Толькі адчуеш сябе добрым — пачынаеш падаць. З аднаго боку, ты ніколі не можаш паставіць сябе вышэй за якога-небудзь п’яніцу і біндзюгу, які жонку сваю б’е. Ты не ведаеш, што з ім пасля можа адбыцца, як ён пасля навернецца. Ты не ведаеш, якім сам будзеш у момант смерці!
Вось гэта крута, гэта мне спадабалася: важна не тое, як ты жывеш, але і тое, якім ты памрэш.
— Ці ёсць зараз такія жыццёвыя пытанні, якія ставяць вас у тупік?
— Ёсць рэчы, якія я пакуль не разумею, на якія не хапае пакуль веры. Напрыклад, што твой сын, твае дзеці — на другім плане ў адносінах да Бога. Чаму гэта так уладкавана —лагічна розумам я не разумею.
Скажам, я спрабаваў чытаць К’еркегора, дзе ідзе гаворка пра тое, як Аўраам вядзе свайго сына на гару, каб забіць, таму што даверыўся Богу. І гэта для мяне незразумела.
Або, напрыклад, мяне ставіць у тупік пытанне пра тое, дзе заканчваецца пакора і пачынаецца актыўнае дзеянне. Скажам, у мяне расшаталася ручка ў дзвярах, я пайду і парамантую яе. Я ж не буду чакаць, калі Пан Бог за мяне гэта зробіць.
А калі ў мяне ў раёне праблемы са смеццем — я павінен пайсці і скандаліць, калі я праваслаўны? Пытанне. Як на яго адказваць? Дзе заканчваецца твая пакора, калі ты павінен спакойна паставіцца і па-добраму паспрабаваць паразмаўляць з людзьмі з ЖЭКа, і пачынаецца момант, калі ты павінен успрыняць гэта як зламаную ручку дзвярэй і пайсці адрамантаваць. Дзе гэта мяжа?
— У адным з інтэрв’ю вас спыталі: «Каб у штосьці верыць, абавязкова ведаць, што гэта праўда?», і вы адказалі: «Калі ты верыш, ты ведаеш, што гэта праўда!» Чаму?
— Казаць: «Я веру, таму што ведаю», як нейкі Бадхісатва, я, канешне, не магу. Не, у мяне сапраўды няма ніякіх сумненняў у існаванні Бога!
Верыць для мяне — натуральна, але гэта зноў жа такі вырашае вялікую колькасць маіх унутраных праблем. Вера — гэта ўсё-такі не толькі веды. Мы добра ведаем, што сумленне ў нас ёсць, таксама ведаем, што ачарняць людзей — дрэнна, абмяркоўваць і зайздросціць — дрэнна.
Мець веру і прыслухоўвацца, адчуваць, у які бок табе трэба ісці — гэта тое, што з’яўляецца важнай штодзённай працай, мне здаецца. Я стараюся так сябе настроіць, і часам, спадзяюся, атрымліваецца.
Гутарыла Валерыя Міхайлава, pravmir.ru Друкуецца ў скарачэнні. Пераклад і адаптацыя Ільі Лапато