Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Украінскі святар на шоў «Голас» выканаў візантыйскі спеў Х стагоддзя «Аксіон Эсцін» (+відэа)
18.04.2017 09:43
Святар Аляксандр Кліменка, удзельнік украінскага шоу «Голас» (7 сезон),
падчас выступу ў прамым эфіры, які прыпаў на Вялікдзень, выканаў
візантыйскі спеў на грэчаскай мове «Аксіон Эсцін» — малітву да
Багародзіцы «Дастойна ёсць».
У каментарыі да свайго выступлення святар адзначыў, што доўга разважаў на тым, як аб’яднаць два шляхі перадвелікоднага служэння — святарскую паслугу і ўдзел у свецкім песенным шоў напярэдадні Вялікадня.
У выніку Аляксандр Кліменка спыніў свой выбар на малітве «Аксіон Эсцін», якая ўпершыню была выканана ў 982 годзе і з таго часу спяваецца ва ўсіх праваслаўных цэрквах па ўсім свеце.
Традыцыя кажа, што першым выканальнікам гэтага спеву быў сам Арханёл Габрыэль, які праспяваў яго перад іконай Божай Маці ў келлі «Аксіон Эсцін» («Дастойна ёсць») на Афоне.
Ікона з таго часу была перайменавана ў «Дастойна ёсць» і з’яўляецца галоўнай цудатворнай іконай, заступніцай усяго Афона. На працягу стагоддзяў келля «Дастойна ёсць» была месцам паломніцтва манахаў з Грэцыі, Расіі, Балгарыі, Румыніі і г.д.
Тэкст спеву (прыбл. пераклад):
«Сапраўды дастойна праслаўляць Цябе, Багародзіцу, заўсёды шчаслівую і беззаганную і Маці Бога нашага. Ты вартая большай пашаны, чым Херубімы, і па славе Сваёй непараўнальна вышэй за Серафімаў, Ты без парушэння чысціні нарадзіла Бога-Слова, і як сапраўдную Багародзіцу мы Цябе ўзвялічваем [...]»
«Ён нясе сваю ідэю і місію, па-сапраўднаму нясе любоў і дабро, — так выказалася пра святара яго трэнер у музычным шоў спявачка Ціна Караль.
У канцы выпуска стала вядома, што Аляксандр Кліменка выйшаў у фінал.