Поспехі ў навукова-тэхнічным прагрэсе ў сукупнасці з дасягненнямі
медыцыны і навукі давалі людзям у савецкія часы ўсведамленне, што яны
непераможныя. Быццам чалавек сам сабе бог... Палёт у космас першага чалавека толькі ўзмацняў гэту памылковую думку, што ў космасе Бога няма, а значыць яго не існуе. Лічылася, што сам Гагарын выказваўся на гэты конт. Але як высветлілася...
Факт першы: Гагарын не казаў, што не бачыў Бога
«У космасе быў, Бога не бачыў». Гэты выраз растыражыравалі ўсе атэістычныя СМІ СССР. Але насамрэч Юрый Гагарын сказаў зусім не гэта.
Як сцвярджае генерал-маёр, лётчык-касманаўт Валерый Корзун, першаму чалавеку ў космасе належыць наступная фраза: «Калі Бога не сустрэў на Зямлі, то не ўбачыш і ў космасе».
Сказанае пацвярджае калега Корзуна, палкоўнік Валянцін Пятроў, які сябраваў з першым касманаўтам Зямлі. Ён лічыць, што Гагарын, будучы чалавекам веруючым, проста не мог сказаць такіх слоў, а выказванне належыць першаму сакратару ЦК КПСС Мікіту Хрушчову, які прамовіў іх на партыйным пленуме па пытаннях антырэлігійнай прапаганды.
Корзун сцвярджае, што Юрый Гагарын не быў атэістам. Напрыклад, менавіта ён першым публічна прапанаваў узнавіць разбураны храм Хрыста Збаўцы ў Маскве. Таксама вядома, што Гагарын хрысціў сваю дачку Алену.
Факт 2: пасланне «Апалон-8» зямлянам — думкі з Евангелля
Вядома, што падчас амерыканскай місіі «Апалон-8» камандзір экіпажа Фрэнк Борман падчас выхаду на сувязь з Зямлёю заявіў, што ў экіпажа ёсць пасланне для ўсіх зямлян.
Пасланне заключалася ў тым, што кожны ўдзельнік экспедыцыі прачытаў урывак з першай главы кнігі Быцця. Пасля камандзір завяршыў сеанс словамі: «Ад імя экіпажа мы заканчваем трансляцыю, жадаючы вам спакойнай ночы, удачы, шчаслівага Божага Нараджэння і благаславі, Пане, усіх вас там, на цудоўнай Зямлі».
Факт трэці: многія касманаўты — веруючыя людзі
Рэлігійнасць сярод касманаўтаў не рэдкасць. Двойчы Герой Савецкага саюза, лётчык-касманаўт Аляксей Лявонаў неаднойчы заўважаў рэлігійнасць не толькі сярод рускіх касманаўтаў, але і сярод замежных.
«Мне давялося пабываць у многіх амерыканскіх астанаўтаў дома, і амаль паўсюль я бачыў адмысловыя куткі, пакоі для малітваў. Там на сцяне абавязкова вісіць крыж, пасцелены палавік, каб можна было стаць на калені, памаліцца, — расказваў рускі касманаўт. — Калі мы, касманаўты, астранаўты, збіраемся разам, то не дзелім адно аднаго на “белых” і “каляровых”, рускіх, амерыканцаў, еўрапейцаў. Мы ўсе — дзеці Зямлі, дзеці Божыя. Без палёта нам было б цяжэй зразумець гэту простую ісціну».
Іншыя касманаўты таксама адкрыта кажуць пра сваё стаўленне да веры. Так, двойчы Герой Савецкага Саюза, лётчык-касманаўт Георгій Грэчка не раз прызнаваўся ў інтэрв’ю, што прыйшоў да рэлігіі, прааналізаваўшы сваё жыццё.
«Чаму я веру? Таму што падчас вайны, нават не на фронце, а ў тыле або ў акупацыі, так здарылася са мной, іншай надзеі ў чалавека няма, акрамя як на Бога. І я магу сказаць, што тады практычна ўсе былі веруючымі».
Паводле pravmir.ru (IL)
|