У Маскве праходзіць канферэнцыя «Рэлігійнасць і клінічная псіхіятрыя» |
20.04.2017 08:47 |
Двухдзённая міжнародная канферэнцыя «Рэлігійнасць і клінічная псіхіятрыя» з удзелам вядучых сусветных вучоных распачалася 20 красавіка ў Навуковым цэнтры псіхічнага здароўя ў Маскве.
Арганізатары форуму: ФДБНУ «Навуковы цэнтр псіхічнага здароўя» Расійскай акадэміі медыцынскіх навук, Сусветная псіхіятрычная асацыяцыя і Расійскае таварыства псіхіятараў. Удзельнікі форуму разважаюць пра клініка-псіхапаталагічныя асаблівасці станаў з рэлігійнай фабулай, асаблівасці іх лячэння і рэабілітацыі хворых. Удзельнікі абмяркуюць ролю ўрача-псіхіятра ў разуменні рэлігійнасці хворага і дапамогі пацыенту з рэлігійным светапоглядам, які мае псіхалагічную паталогію. Арганізатары адзначаюць, што «цалкам відавочным з’яўляецца той факт, што рэлігійнае і духоўнае не могуць быць выключаны з клінічнай практыкі. Гэтыя пытанні сапраўды важныя. Таму такія катэгорыі, як рэлігійнасць і духоўнасць, а таксама іх уплыў на здароўе чалавека павінны быць уключаны... ў лячэбны працэс усялякі раз, калі гэта з’яўляецца абгрунтаваным». У той жа час арганізатары прызнаюць, што ў звычайнай урачэбнай практыцы такое стаўленне да праблемы не атрымлівае шырокага распаўсюджвання. Як адзначаецца ў паведамленні арганізатараў, у ХХ стагоддзі ў псіхіятрыі атрымалі распаўсюджванне ідэі і методыкі, якія не прымаюць у разлік існаванне Бога. «Наступствам “бязбожнага” погляду на чалавека і яго цярпенні стала ў многіх сітуацыях беспаспяховасць у лячэнні псіхічных хворых». Рэлігія, як падкрэсліваюць арганізатары, істотна ўплывае на эмацыйную сферу, мысленне і паводзіны чалавека. На думку Віктара Франкла (аўстрыйскі псіхіятр, псіхолаг і неўролаг, былы вязень нацысцкага канцэнтрацыйнага лагера), рэлігія «фактычна можа прывесці да дзейсных псіхагігіенічных і нават да псіхатэрапеўтычных вынікаў дзякуючы таму, што яна дае прыстанак і апору, якія ён не знайшоў бы больш нідзе; прыстанак і апору ў трансцэндэнтным і абсалютным». Паводле sib-catholic.ru |