Папулярная амерыканская актрыса Алекса Вега, вядомая па ролі Кармен Картэз у фільме «Дзеці шпіёнаў», апублікавала ў Інстаграме сведчанне пра дзівоснае аздараўленне сваёй бабулі ў выніку малітвы.
«Я хацела б скарыстацца момантам і расказаць пра Божую дзівосную ласку», — з такімі словамі пачала актрыса свой пост.
Яна расказала, што на мінулым тыдні яе 93-гадовая бабуля раптам адчула сябе дрэнна, яе адправілі ў лякарню і падключылі да сістэмы жыццязабеспячэння. Яе лёгкія не працавалі, сэрца працавала вельмі слаба, страўнік адмовіў, яна ўпала ў кому. Урачы шансаў не давалі.
«Вось жанчына, у якой было такое поўнае і прыгожае жыццё... 93 гады...12 дзяцей... больш за 50 унукаў... 10 праўнукаў», — так апісала бабулю Алекса Вега.
І калі родныя ў шпіталі ўжо рыхтаваліся развітацца са сваёй бабуляй, прыйшлі некалькі чалавек з іх мясцовай Царквы. Яны маліліся за хворую больш за пяць гадзін, і ў выніку бабуля прачнулася цалкам аздароўленая. «Дактары не могуць знайсці ніякіх парушэнняў. Яны не могуць гэта растлумачыць. Яны пастаянна яе абследуюць, каб паспрабаваць зразумець гэта. Але мы ведаем... Божая ласка — вось што аздаравіла яе», — заявіла актрыса і падкрэсліла, што сіла малітвы здзяйсняе неверагодныя цуды.
Свой пост яна завяршыла словамі: «Цуды, падобныя да гэтага, нагадваюць мне, які вялікі наш Бог. Дзякуючы за кожны дзень, мы працягваем жыць».
Алекса Вега — старэйшая з сямі дзяцей у сваёй сям’і. З будучым мужам, акцёрам і музыкантам Карласам Пена, дзяўчына пазнаёмілася на царкоўнай хатняй групе, яны часта адкрыта кажуць пра сваю веру.
Паводле cnl.news (IL)
|