У Панаме прадставілі афіцыйны лагатып СДМ-2019 |
15.05.2017 18:06 |
Арганізацыйны камітэт Сусветных дзён моладзі, якія ўпершыню пройдуць у Цэнтральнай Амерыцы, прадставіў афіцыйны лагатып каталіцкага форуму.
У лагатып увайшлі выявы Панамскага канала, які сімвалізуе паломніка, абрысы самой Панамы і крыж пілігрыма, а таксама выява Маці Божай і маленькія белыя плямы, як карона Марыі — таямніцы Ружанца і колькасць кантынентаў.
Гасціць у дыяцэзіх пілігрымы будуць 17-21 студзеня 2019 года. Традыцыйныя інтэграцыйныя і малітоўныя дні моладзь правядзе ў пяці мясцовых дыяцэзіях, а таксама ў суседніх дыяцэзіях Коста-Рыкі і Нікарагуа.
Арганізатары спадзяюцца прыняць у сябе каля 350 тысяч пілігрымаў Рэгістрацыя распачнецца за год да правядзення СДМ. Каля 200 тысяч чалавек плануецца размясціць у сем’ях мясцовых жыхароў. Таксама будзе магчымасць стаць валанцёрам на СДМ у Панане. Іх навучанне распачнецца за год да СДМ. Даўгатэрміновы валантарыят будзе арганізаваны супольна з мясцовымі епіскапатамі.
Таксама былі названыя духоўныя апекуны СДМ-2019 у Панаме. Імі сталі св. Ян Павел ІІ, св. Дон Боско, св. Роза Лімская, св. Марцін дэ Порэс, св. Хуан Дыега, св. Хасэ Санчас дэль Рыа, бл. сястра Марыя Рамера і бл. Оскар Рамера |