Алепа прысвяцілі Маці Божай Фацімскай |
18.05.2017 14:20 |
Католікі сірыйскага Алепа прысвяцілі Маці Божай Фацімскай свой горад, які яшчэ не так даўно быў арэнай цяжкіх баёў. Прысвячэнне адбылося падчас святой Імшы 13 мая, у дзень 100-годдзя першага аб’яўлення Фацімскай Пані, у касцёле св. Францішка Асізскага.
Эўхарыстыю ўзначаліў пробашч парафіі а. Ібрагім Насар, францішканін. Літургію канцэлебравалі алепскія святары. Вернікі паўночнай сталіцы Сірыі маліліся перад фігурай Божай Маці, якую прывезлі ў Алепа з Фацімы. 13 кастрычніка мінулага года яе асвяціў біскуп Лейры і Фацімы Антоніу Марту, пасля чаго фігуру даставілі ў алепскую «епархію-мучаніцу». Пасля Эўхарыстыі душпастыры і вернікі прайшлі ў працэсіі вуліцамі хрысціянскага квартала Азізія, які моцна пацярпеў за гады вайны. Гэтая працэсія стала першым каталіцкім шэсцем за апошнія некалькі гадоў. Па словах відавочцаў, многія ўдзельнікі працэсіі былі расчулены да слёз. Хоць баі за горад завяршыліся, умовы жыцця ў Алепа застаюцца складанымі: адчуваецца недахоп прадуктаў харчавання і лякарстваў, не адноўлена водазабеспячэнне і падача электраэнергіі. Паводле sib-catholic.ru |