У гістарычным цэнтры Рыма пройдзе Святая ноч |
22.05.2017 09:43 |
У ноч з 27 на 28 мая ў святынях гістарычнага цэнтра італьянскай сталіцы пройдзе Святая ноч. Мэта акцыі — адраджэнне любові да патрабуючых і адкінутых, гатоўнасць быць гасціннымі для іх.
Падобная падзея ладзіцца ўпершыню. Арганізатарамі акцыі выступаюць памесная дыяцэзія і Рымскае бюро пілігрыма. У вігілію ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана для наведвальнікаў адкрые свае дзверы базыліка Сан Джавані Батыста дэль Ф’ёрэнціні, дзе пройдзе начное чуванне. Як адзначыў адзін з кіраўнікоў Рымскага бюро пілігрыма кс. прэлат Ліберыё Андрэата, «ноч — гэта асаблівы момант, калі няма ніякіх знешніх перашкодаў для яднання з Духам». «Велічныя і старадаўнія святыні з’яўляюцца часткай гісторыі хрысціянскай супольнасці Рыма, і Святая ноч, якая пройдзе ў іх мурах, стане цудоўным і цікавым часам не толькі для хрысціянаў, але і для ўсіх веруючых Рыма, пілігрымаў, турыстаў і гасцей Вечнага горада. Праз музыку, спеў, малітву і цішыню яны змогуць наблізіцца да святога і больш сардэчна паглядзець на цярпенні патрабуючых», — дадаў святар. У праграме рымскай Святой ночы, між іншым, канцэрт маэстра Анджэла Брандуардзі (базыліка Сан Джавані Батыста дэль Ф’ёрэнціні); канцэрт «Altissima luce. Картонскі лаўдарый» з удзелам італьянскага музыканта Паола Фрэзу (касцёл св. Ігнацыя Лаёлы); святая араторыя «Рай», натхнёная жыццём св. Філіпа Нэры (выканае хор дыяцэзіі Рыма пад кіраўніцтвам кс. прэлата Марка Фрызіны». А палове трэцяй ночы ў палацы Старога Вікарыята італьянскі акцёр Себасцьяна Сомма прачытае фрагменты апостальскай адгартацыі папы Францішка Evangelii Gaudium («Радасць Евангелля»). Святая ноч у Вечным горадзе будзе насычана таксама разважаннем, сузіраннем і малітвай. У касцёле Стыгматаў пройдзе адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Завершыцца Святая ноч у рымскім касцёле Найсвяцейшага Імя Езуса святой Імшой ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, якую ўзначаліць біскуп Джанрыка Руцца. Паводле Радио Ватикана |