Фільм пра св. Максімільяна Кольбэ будзе прадстаўлены на фестывалі ў Канах |
23.05.2017 09:11 |
На кінафестывалі ў Канах адбудзецца сусветная прэм’ера фабульнага дакументальнага фільма «Дзве кароны» — пра жыццё і смерць айца францішканіна Максімільяна Марыі Кольбэ.
Сярод выканаўцаў вядомыя польскія акцёры: Адам Варановіч, Цэзары Пахура, Мацей Мусял, Антоній Паўліцкі, Артур Барцісь і іншыя. Як адзначыў рэжысёр Міхал Кондрат, мэта фільма заключаецца ў знаёмстве гледачоў з жыццём і асобай Максімільяна Кольбэ. Гэты польскі францішканін напачатку ініцыяваў францішканскую місію ў Японіі, а потым вярнуўся, каб у канцлагеры Аўшвіц аддаць жыццё за зняволенага Францішка Гаёвнічэка, якога а. Кольбэ нават не ведаў. У 1982 годзе папа Ян Павел ІІ абвясціў яго святым. «Мы павінны ганарыцца а. Кольбэ не толькі таму, што ён аддаў жыццё ў Аўшвіцы, бо гэта быў толькі вянец яго прыгожага жыцця. Біяграфія гэтага францішканіна — гатовы сцэнар фільма, і я дзіўлюся, што ніхто раней не захацеў зрабіць фільм пра а. Кольбэ», — кажа рэжысёр. Як падкрэслівае Міхал Кондрат, а. Кольбэ быў чалавекам надзвычай харызматычным і меў шмат талентаў. Фільм пачынаецца з маманту, калі Раймунду Кольбэ 9 гадоў. Тады яму аб’явілася Маці Божая, якая дала яму дзве кароны — чырвоную і белую: адна сімвалізуе цярпенні і мучаніцтва, а другая — чысціню. Праз гэтую містычную сустрэчу будучы а. Максімільян стаў вялікім шанавальнікам Багародзіцы, для якой у Італіі заснаваў Рыцарства Беззаганнай. А яшчэ гэта быў таленавіты чалавек, які ў 1918 годзе спраектаваў касмічную ракету! Фільм пра а. Максімільяна Кольбэ палякі прадставяць на сёлетнім Канскім фестывалі, які распачаўся 17 мая і будзе працягвацца да 28 мая. Паводле CREDO |