Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рым: кардынал Басэці абраны новым старшынёй епіскапату Італіі
24.05.2017 12:09

Святы Айцец прызначыў кардынала Гуалцьера Басэці новым старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Італіі. Арцыбіскуп Перуджы атрымаў найбольш галасоў (134) сваіх субратоў у епіскапаце.

Кардынал Гуалцьера Басэці нарадзіўся ў 1942 годзе ў правінцыі Фларэнцыі і быў першым з траіх дзяцей. У яго сям’і пазней яшчэ двое юнакоў сталі святарамі з тым жа прозвішчам. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 29 чэрвеня 1966 г.

У 1979-90 гг быў рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Фларэнцыі, а пасля выконваў абавязкі генеральнага вікарыя архідыяцэзіі.

9 лютага 1994 г. Папа Ян Павел ІІ прызначыў яго біскупам дыяцэзіі Масса-Марыціма-П’ёмбіна, адкуль 21 лістапада 1998 года перавёў яго ў дыяцэзію Арэцца-Картона-Сансаполькра. Калі ў 2000 годзе распачаўся Юбілейны год, 58-гадовы біскуп вельмі актыўна далучыўся ў арганізацыю яго святкавання, быў адным з тых, хто прамаўляў казанні падчас Сусветных дзён моладзі ў Рыме.



Справы маладога пакалення заўсёды належалі да душпастырскіх прыярытэтаў іерарха. Акрамя таго ён прымаў удзел у большасці Сусветных дзён моладзі ў розных краінах. Іншым прадметам яго інтарэсаў з’яўляецца душпастрыства сем’яў, у прыватнасці падрыхтоўка кандыдатаў да сужэнства, а таксама грамадскія справы, палітыка і г.д.

16 ліпеня 2009 г. папа Бэнэдыкт XVI прызначыў яго арцыбіскупам і Мітрапалітам Перуджы-Чытта-дэлла-П’евэ. З лістапада 2009 года ён быў адным з намеснікаў старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Італіі, а з 5 кастрычніка 2012 года ўзначальваў епіскапат рэгіёну Умбрыі.

Басэці з’яўляецца першым кардыналам Перуджы з 1853 года пасля арцыбіскупа Вінчэнца Джоакіно Печчы — пазнейшага папы Леона XIII.

(kai/cath)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.