У Грузіі стварылі рэлігійныя карты |
26.05.2017 10:14 |
Прадстаўнікі асноўных рэлігій свету змогуць убачыць, дзе ў Грузіі знаходзяцца культавыя будынкі і дзе жывуць прадстаўнікі той ці іншай канфесіі. Дзяржаўнае агенцтва Грузіі па пытаннях рэлігіі ўпершыню выдала карты, на якіх пазначаны рэлігійныя славутасці краіны і месцы пражывання людзей розных веравызнанняў. Усяго складзена тры рэлігійныя карты: рэгіянальная, раённая і карта культавых будынкаў. Усе яны дасяжныя на сайце агенцтва па пытаннях рэлігіі. Рэгіянальная і раённая карты даступныя і ў друкаваным выглядзе. Карты складзены па апошніх даных Нацыянальнай службы статыстыкі «Сакстат» (Грузстат), якія былі апублікаваны ў 2014 годзе. Над складаннем рэлігійных карт працаваў Цэнтр даследавання рэлігійнай палітыкі, які функцыянуе пры агенцтве. «У гісторыі Грузіі праект такога роду рэалізавалі ўпершыню. Ніколі, ні ў перыяд незалежнасці краіны, ні ў перыяд Савецкага Саюза, рэлігійныя карты не ствараліся. Усё гэта будзе садзейнічаць міжрэлігійнаму супрацоўніцтву і, што самае галоўнае, павялічыць турыстычны патэнцыял Грузіі, таму што ў краіне шмат святых месцаў», — адзначыў дырэктар Агенцтва па пытаннях рэлігіі Заза Вашакмадзэ. На сёння ў Грузіі пражывае больш за 3,7 мільёны чалавек. З іх 83,4 працэнты — праваслаўныя, 10,74 працэнтаў — мусульмане, 2,94 працэнты — вернікі Армянскай апостальскай Царквы, 0,52 працэнта — католікі, 0,33 працэнта — Сведкі Іеговы, 0,23 працэнта — езіды, 0,04 працэнта — іудзеі. У графу «іншыя» (1,8 працэнта) трапілі тыя людзі, якія не ўказалі сваё веравызнанне або з’яўляюцца прадстаўнікамі невялікіх рэлігійных супольнасцяў. Паводле sputnik-georgia.ru |