Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Іраку святары працуюць прарабамі, аднаўляючы разбураныя хрысціянскія паселішчы
31.05.2017 14:24

На вызваленых тэрыторыях Ірака святары працуюць у ролі прарабаў і рабочых, сваімі рукамі аднаўляючы дамы. Каля 13 тысяч дамоў у даліне Ніневіі былі пашкоджаны або разбураны цалкам джыхадыстамі.

Пра гэта паведамляе «Седмица» са спасылкай на Catholicnewsagency.

З мэтай забяспечыць магчымасць мясцовым хрысціянам вярнуцца на сваю радзіму была створана спецыяльная Камісія па аднаўленні Ніневіі пры Папскім фондзе «Дапамога Касцёлу ў патрэбе».

«Калі тут, у Іраку, Касцёл не будзе займацца гэтымі працамі, то хто ж будзе акрамя нас? — сцвярджае а. Георгіс Джахола, святар сірыйскага Каталіцкага Касцёла ў Каракошы. — У нас ёсць магчымасці заахвочваць рабочых, дамаўляцца, наладжваць кантакты, арганізоўваць будоўлю».

На сёння па праекту аднаўлення даліны Ніневіі адбудоўваюцца пяць паселішчаў на яе ўсходзе. У аднаўленчых працах задзейнічаны 40 прарабаў і каля 2 тысяч рабочых.

Як паведаміў а. Салар Будах, галоўны вікарый Халдзейскай дыяцэзіі ў Алгошы, сем’і, якія жылі на гэтых тэрыторыях да прыходу джыхадыстаў, «імкнуцца вярнуцца ў родныя мясціны, але толькі калі там будзе бяспечна». Святар падкрэсліў, што «тэрыторыі на ўсходзе Ніневійскай даліны цяпер цалкам кантралююцца хрысціянскімі сіламі бяспекі “Зеравані”, і яны гарантуюць поўную бяспеку жыхарам». «Гэта фарміраванні афіцыйнай міліцыі на ўтрыманні ва ўладаў Курдыстана», — дадаў а. Салар Будах.

У Каракошы неабходна адбудаваць 6327 дамоў сірыйскіх хрысціян-католікаў і 400 дамоў сірыйскіх праваслаўных хрысціян. Як патлумачыў а. Джахола, пасля выгнання джыхадыстаў з Каракоша ў лістападзе-снежні 2016 года стан 6000 дамоў у гэтым паселішчы быў сфатаграфаваны і даследаваны, пасля чаго тэрыторыя была падзелена на сектары і класіфікавана па ўзроўням урону.

(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.