Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Памёр кардынал Любамір Гузар — духоўны лідар Украіны
01.06.2017 08:40

31 мая не стала Вярхоўнага арцыбіскупа-эмерыта Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Любаміра Гузара, які доўгія гады стаяў на чале маштабнага аднаўлення каталіцкага жыцця ў братняй краіне.

Будучы іерарх нарадзіўся 26 лютага 1933 году ў Львове, аднак у 1944 годзе з-за наступлення савецкіх войск сям'я была вымушана пакінуць Радзіму і выехаць у Аўстрыю, дзе Любамір скончыў навучанне ў гімназіі, потым у ЗША, дзе ён скончыў духоўную семінарыю і Каталіцкі ўніверсітэт Амерыкі ў Вашынгтоне.

Святар працаваў у каталіцкіх вышэйшых навучальных установах, а таксама як душпастыр украінскіх эмігранцкіх суполак да 1969 года, калі выехаў у Рым, каб працягнуць багаслоўскую адукацыю. Атрымаў тытул доктара багаслоўя, выкладаў у Папскім місійным універсітэце «Урбаніяна».

Быў прызначаны біскупам УГКЦ і ў 1977 годзе атрымаў біскупскае пасвячэнне з рук Вярхоўнага арцыбіскупа Язэпа Сліпога.

У 1993 годзе вярнуўся ва Украіну, а ў 1996 годзе быў абраны біскупам-дапаможнікам Галавы Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы кардынала Міраслава Івана Любачыўскага ў сувязі з дрэнным станам здароўя апошняга.

Вярхоўны арцыбіскуп-эмерыт УГКЦ Любамір Гузар пра падзеі апошніх год ва Украіне

У 2001 годзе іерарх быў абраны Вярхоўным арцыбіскупам УГКЦ і прызначаны Святым Айцом Янам Паўлам ІІ кардыналам Каталіцкага Касцёла. У 2005 годзе абвясціў пра перанясенне рэзідэнцыі кіраўніка УГКЦ з Львова ў Кіеў са зменай тытула на Вярхоўны арцыбіскуп Кіева-Галіцкі. Кіеў быў цэнтрам Грэка-Каталіцкай Царквы да захопу горада Масковіяй.

У 2011 годзе арцыбіскуп Любамір сышоў у адстаўку з пасады кіраўніка УГКЦ у сувязі з узростам, аднак працягваў выконваць святарскія абавязкі і выступаў у сродках масавай інфармацыі, абараняючы каталіцкія прынцыпы жыцця ў палітыцы і асабістых паводзінах.

Аляксандр Гелагаеў паводле credo.pro і uk.wikipedia.org

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.