Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Турыне скралі рэліквіі св. Яна Боско
05.06.2017 10:16

Арцыбіскуп Турына Чэзарэ Назілья спадзяецца на вяртанне рэліквій св. Яна Боско, скрадзеных з касцёла яго мясцовасці Кастэльнуова-Дон-Боско, дзе ў 1815 годзе нарадзіўся святы.

Невядомыя вынеслі рэліквіярый, у якім знаходзіўся мозг святога, 2 чэрвеня ўвечары падчас набажэнства ў межах падрыхтоўкі да ўрачыстасці Спаслання Святога Духа.

Італьянскія карабінеры і пракуратура, якія займаюцца расследаваннем гэтай справы, не выключаюць ніводнага варыянту. Крадзёж мог учыніць як той, хто хоча прадаць рэліквіі або псіхічна непаўнаспраўны, так і антыклерыкальныя эсктрэмісты ці сатаністы.

У любым выпадку, як адзначыў арцыбіскуп, «мы маем справу з поўным маральным убоствам».

Рэктар касцёла, у якім захоўваліся рэліквіі, кс. Эзіа Арсіні засведчыў, што «можна шмат разоў красці рэліквію, але нельга пазбавіць ксяндза Боско пілігрымаў, якія штодзённа наведваюць гэтае месца».

«Мы спадзяёмся на тое, што святы зменіць сэрца чалавека, які выкраў рэліквіярый», — сказаў салезіянін.

У 2011 г. былі скрадзены рэліквіі ксяндза Яна Боско ў італьянскай Лігурыі. Тады гэта была косць далоні святога, якая захоўвалася ў мясцовым касцёле Маці Божай Анёльскай.

(kai/cath)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.