Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кіраўнік брытанскай ліберальнай партыі сышоў у адстаўку з-за веры ў Хрыста
15.06.2017 14:17
Цім Фэран, кіраўнік брытанскай Ліберальна-дэмакратычнай партыі, адмовіўся 14 чэрвеня ад сваёй пасады, спасылаючыся на немагчымасць рабіць працу і адначасова быць верным сваім хрысціянскім перакананням.
«Быць палітычным лідарам — асабліва прагрэсіўнай ліберальнай партыі ў 2017 годзе — і жыць як перакананы хрысціянін, верна прытрымліваючыся біблейскага вучэння, стала для мяне немагчымым», — адзначыў ён у сваім блогу.
Журналісты лева-ліберальнай прэсы рэгулярна задавалі Ціму Фэрану пытанні не пра палітыку яго партыі, а пра тое, ці лічыць ён гомасексуальныя стасункі грахом і як ставіцца да абортаў. Па меркаванні назіральнікаў, такое стаўленне прэсы шкодзіла перспектывам яго партыі на выбарах.
«З самага першага дня майго кіраўніцтва мяне пыталіся пра маю хрысціянскую веру... Відавочна, я апынуўся пад лупай журналістаў з-за таго, у што і ў Каго я веру. У такім выпадку мы падманваем сябе, калі думаем, што яшчэ жывём у талерантным ліберальным грамадстве», — напісаў палітык, які заявіў, што заўсёды гатовы абараняць правы і свабоды людзей іншых поглядаў.
Фэран адзначыў, што кіраўніцтва партыяй, у якой ён быў з 16 гадоў, было для яго найвялікшым гонарам.
«Уявіце, дзеля чаго ў такім выпадку я добраахвотна адмаўляюся ад гэтага гонару. Паводле слоў Ісака Уотса, гэта "нешта такое цудоўнае, такое боскае, што патрабуе майго сэрца, майго жыцця, мяне цалкам"», — заключыў Цім Фэран.
Апошнія словы ўзятыя з духоўнага гімну 1707 году «Калі аглядаю цудоўны Крыж» (When I Survey the Wondrous Cross), як гаворыцца ў каментары рэдакцыі да артыкула Фэрана.