Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на 2012 г.
05.01.2012 12:26

Новая евангелізацыя як уводзіны ў Год веры

Мінск, 1 студзеня 2012 г.
Урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі!

1. Адказваючы на выклікі часу, Каталіцкі Касцёл усё больш і больш увагі прысвячае новай евангелізацыі. Першым гэты тэрмін ужыў благаслаўлёны Ян Павел II, які прароча бачыў неабходнасць новага абвяшчэння Евангелля ў краінах з багатай хрысціянскай традыцыяй, дзе ў наш час, на жаль, чалавек згубіў веру і жыве так, як быццам Бога зусім няма, або спіхвае Яго на перыферыю жыцця. Аб ёй, як усё больш неабходнай, усё часцей гаворыць папа Бэнэдыкт XVI і біскупы. Ёй прысвечаны чарговы, ужо XIII звычайны Сінод біскупаў, які адбудзецца ў Ватыкане ў кастрычніку гэтага года на тэму «Новая евангелізацыя для пераказу хрысціянскай веры».

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI вырашыў, што 11 кастрычніка 2012 г., з нагоды 50-годдзя адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору, распачнецца Год веры. У сітуацыі глыбокага яе крызісу ў сучасным свеце ён павінен стаць запрашэннем да аўтэнтычнага і новага навяртання да Хрыста, місійнага абавязацельства ў справе новай евангелізацыі, прабуджэння ў верніках натхнення да вызнання веры ва ўсёй яе паўнаце з адноўленым перакананнем, даверам і надзеяй, а таксама выказвання абавязку новага адкрыцця і вывучэння галоўных праўдаў веры, якія знаходзяцца ў Катэхізісе (пар. http://ekai.pl/wydarzenia/temat_dnia/x47199/benedykt-xvi-oglasza-rok-wiary/).

Вера, аднак, як навучае святы апостал Павел, ад слухання (пар. Рым 10, 17). Але, каб хтосьці мог слухаць, найперш трэба абвяшчаць. Таму новая евангелізацыя арганічна ўпісваецца ў праграму адраджэння і ўмацавання веры.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі жадае ісці ў нагу з часам і адказваць на яго выклікі. Менавіта таму Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі вырашыла, што пастырскай праграмай 2012 г. будзе новая евангелізацыя як  уводзіны ў Год веры.   

2. Галоўным абавязкам Касцёла заўсёды і ўсюды было, ёсць і будзе абвяшчэнне Евангелля Езуса Хрыста. Менавіта Ён, як першы евангелізатар, наказаў апосталам: «Ідзіце  і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца  і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам» (Мц 28, 19–20). Верны гэтаму наказу Збаўцы, Касцёл няспынна працуе над абвяшчэннем Добрай Навіны. Таму місія евангелізацыі з’яўляецца канчатковым і незаменным выражэннем прыроды Касцёла, — як навучае Бэнэдыкт XVI (пар. US). Аднак ён таксама падкрэслівае, што з цягам часу змяняюцца формы і метады гэтай місіі. Усё залежыць ад месца, сітуацыі і абставін абвяшчэння Евангелля.

Наш час пазначаны тэндэнцыяй адыходу ад веры ў грамадствах і культурах, куды Добрая Навіна была прынесена шмат стагоддзяў таму. Сацыяльна-палітычныя змены, нябачнае дагэтуль развіццё навукі і тэхнікі, змены ў эканоміцы, працэсы міграцыі і глабалізацыі і г.д. маюць свой як пазітыўны, так і негатыўны ўплыў для чалавецтва. Уплываюць яны таксама і на адносіны чалавека да рэлігіі. З аднаго боку, даюць новую надзею, а з іншага вядуць да страты сакральнасці і веры ў Бога, наступствам чаго ў сучасным свеце з’яўляецца эрозія традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў.

У такой сітуацыі Касцёл не можа заставацца пасіўным перад абліччам гэтых небяспечных выклікаў. Звярнуў на гэта ўвагу ўжо Другі Ватыканскі Сабор, паводле навучання якога, «Касцёл заўжды павінен даследаваць знакі часу і інтэрпрэтаваць іх у святле Евангелля так, каб быць здольным кожнаму пакаленню даць зразумелы адказ на вечныя пытанні людзей пра сэнс цяперашняга і будучага жыцця і пра іх узаемасувязь» (GS 4).

Як сам Сабор, так і паслясаборнае вучэнне шмат увагі прысвяцілі адносінам паміж Касцёлам і светам з мэтай пошуку адпаведных формаў дзеяння, каб сучасны чалавек мог пачуць заўсёды жывое і дзейснае Божае слова (пар. Гбр 4, 12), якое, як навучае папа Бэнэдыкт XVI, з’яўляецца крыніцай духоўнага адраджэння (пар. VD 102).

Папа Павел VI у Апостальскай адгартацыі аб евангелізацыі ў сучасным свеце піша, што справа евангелізацыі заўсёды з’яўляецца актуальнай, бо ў наш час людзі адыходзяць ад Божага закону (пар. EN 52). Таму Касцёл павінен шукаць адпаведных сродкаў, каб з Божым Аб’яўленнем і верай у Хрыста дайсці да гэтых людзей (пар. EN 56).

Адным з галоўных пунктаў навучання благаслаўлёнага Яна Паўла II было вучэнне аб новай евангелізацыі. У Апостальскай адгартацыі аб пакліканні і місіі свецкіх у Касцёле і свеце ён навучае, што рэлігійнае занядбанне і адсутнасць адносінаў да Бога з’яўляюцца не менш непакоячымі і дэструктыўнымі з’явамі, чым атэізм. У клімаце секулярызму і развіцця сект маральнай і духоўнай спадчыне пагражае рассейванне. Толькі новая евангелізацыя можа забяспечыць квітненне чыстай і глыбокай веры (пар. СhL 34).

Таму, дзейнічаючы моцай Святога Духа, Касцёл павінен звярнуцца да сучаснага свету з новым місійным запалам, каб садзейнічаць новай евангелізацыі. Аналіз рэлігійнай сітуацыі ў сучасным свеце паказвае, што яна вельмі моцна адрозніваецца ад кантынента да кантынента і нават ад краіны да краіны. У адным месцы рэлігійныя практыкі жывыя, у іншым — моцна падпарадкаваны працэсам секулярызацыі, а ў трэцім — зусім страчаны.

Усё гэта патрабуе шукаць адпаведных формаў і метадаў евангелізацыі. Не факт, што нейкае дабро ў адной з моцна дэхрысціянізаваных краін Еўропы будзе такім жа і ў Беларусі, дзе ёсць вельмі багаты вопыт захавання веры і яе перадачы маладому пакаленню падчас ганенняў на Касцёл і дзе ў наш час таксама праяўляюцца працэсы секулярызацыі. Таму, як заўважае папа Бэнэдыкт XVI, патрэбна ўважлівае распазнанне ўсіх сітуацый, каб паставіць адпаведны дыягназ і выпісаць рэцэпт на лекі. Аднак ёсць некаторыя супольныя элементы новай евангелізацыі, аб якіх трэба памятаць. Гэта найперш адноўленая місійная стараннасць і пакорлівае падпарадкаванне дзеянню Святога Духа, які суправаджае прапаведнікаў Евангелля і адчыняе сэрцы слухаючых. Каб плённа абвяшчаць Евангелле, неабходна самому мець глыбокае дасведчанне Бога (пар. US).

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы «Бог ёсць любоў» сцвярджае, што быць хрысціянінам азначае сустрэцца з Хрыстом, які надае жыццю новую перспектыву (пар. DCE 1). Падобна і са справай евангелізацыі. Гэта не чалавечы праект экспансіі, але жаданне падзяліцца з іншымі бясцэнным дарам веры, які мы атрымалі ад Бога (пар. US).

3. Перад сваім Унебаўшэсцем Езус сказаў апосталам: «Ідзіце і навучыце ўсе народы» (Мц 28, 19). Гэта мандат Збаўцы, які «хоча, каб усе людзі збавіліся і пазналі праўду» (1 Цім 2, 4). Выконваючы яго, апосталы пачалі евангелізаваць людзей розных моваў, традыцый і нацыянальнасцяў.

Слова евангелізацыя паходзіць ад грэчаскага euan-gelion і выкарыстоўваецца для азначэння дзейнасці, скіраванай на навяртанне людзей да Бога.

Евангелізацыя, будучы галоўнай місіяй Касцёла, найперш скіравана на апостольства сярод язычнікаў. Гэта так званая першая евангелізацыя. З Дзеяў Апосталаў бачна, што сэнс Добрай Навіны — гэта сам Хрыстус, наш Пан (пар. Дз 11, 19–20). Слова Пан на грэчаскай мове гучыць Kyrios. У эліністычнай культуры прызнаць кагосьці сваім Панам азначала прызнаць чыюсьці ўладу над сабой, прызнаць яго сваім Богам і Уладаром.

Кажучы пра евангелізацыю, трэба памятаць, што гэта не маральнае навучанне, чым займаецца катэхізацыя, але абвяшчэнне Хрыста. Яна прызначаецца для няверуючых і для тых хрысціян, якія толькі намінальна такімі з’яўляюцца, а на самой справе страцілі веру ў Бога або жывуць так, як быццам Бога зусім няма. Таму ў наш час такое абвяшчэнне Евангелля называецца новай евангелізацыяй. Спецыфічнасць новай евангелізацыі заключаецца ў тым, што ахрышчаным, але не практыкуючым Евангелле павінна абвяшчацца з новым запалам, новымі метадамі і новай мовай.

Тэрмін новая евангелізацыя ніякім чынам не нагадвае пра новае Евангелле, якое па сваёй сутнасці застаецца нязменным. Тут гаворка ідзе пра новыя формы яе абвяшчэння, дзякуючы якім тое ж самае Евангелле будзе абвяшчацца з новым энтузіязмам, новай і зразумелай сучаснаму чалавеку мовай ва ўмовах сучаснай секулярнай культуры, а таксама новай метадалогіяй, здольнай у зменлівым свеце перадаць сэнс таго, што нязменнае. Нездарма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваёй прамове да членаў Папскай рады па новай евангелізацыі 30 мая 2011 г. сказаў, што Евангелле — гэта заўсёды новае абвяшчэнне здзейсненага Хрыстом збаўлення з мэтай учыніць чалавецтва ўдзельнікам Божых таямніцаў і падарыць яму новую надзею (пар. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/speeches/2011/may/ documents/hf_ben-xvi_spe_20110530_nuova-evangelizzazione_it.html).  

4. Распачынаючы Год новай евангелізацыі, якая адбываецца ў хутка змяняючымся свеце, калі пра Бога трэба распавядаць у індыферэнтным або нават варожым кантэксце, неабходна задаць пытанне: якім чынам мы можам гэта здзейсніць?

4.1. Найперш у цэнтры евангельскай дзейнасці неабходна паставіць Хрыста Збаўцу, які «ўчора і сёння і навекі той самы» (пар. Гбр 13, 8). Гэтага нязменнага Хрыста і Яго навучанне павінен абвяшчаць Касцёл ва ўсе часы, таксама і ў наш час крызісу веры. Таму новая евангелізацыя патрабуе паказаць веру ў Езуса Хрыста Сына Божага як адзінага Збаўцу чалавецтва. Яна распачынаецца ад перакананасці, што Божая ласка дзейнічае і што яна можа перамяніць сэрца чалавека, а таксама ад нашага хрысціянскага сведчання. Таму нам неабходна перажываць новае Спасланне Святога Духа, каб з новай моцай абвяшчаць Хрыста і быць Ягонымі сведкамі. Нам трэба, як пісаў святы Ігнацый з Антыёхіі, не толькі называцца хрысціянамі, але імі сапраўды быць (пар. Ad Cristiani di Magnesia, I, 1: NE, p. 60).

4.2. Новая евангелізацыя хоць і шматбаковая акцыя, аднак яна павінна быць канкрэтызавана, бо Евангелле абвяшчаецца канкрэтным людзям.

4.2.1. Такім месцам найперш з’яўляецца літургія як вяршыня жыцця Касцёла (пар. SC 10). Літургія — гэта не дзеянне святара ці вернікаў, але дзеянне самога Хрыста. Менавіта праз літургію Бог прамаўляе найлепей і найбольш прыкметна. Нездарма лацінская прыказка кажа: lex orandi — lex credendi, што азначае: як молішся, так верыш.

4.2.2. Наступным месцам абвяшчэння Добрай Навіны з’яўляецца дабрачыннасць. Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй энцыкліцы «Бог ёсць любоў» вельмі добра паказаў значэнне хрысціянскай любові ў справе абвяшчэння Евангелля. Праз адносіны паміж верай і любоўю ацэньваюцца адносіны хрысціяніна з Хрыстом, які не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць іншым (пар. Мц 20, 28). Наша любоў да бліжняга з’яўляецца паказчыкам нашай вернасці Богу і Яго слову. Таму ў наш час, пазначаны індывідуалізмам і геданізмам, неабходна сведчыць нашу любоў да бліжніх, як знак нашага сталага хрысціянства і як інструмент новай евангелізацыі.

4.2.3. Асаблівае месца ў працэсе новай евангелізацыі павінна займаць сям’я як галоўная клетка кожнага грамадства. Перажываючая крызіс сям’я павінна ізноў стаць хатнім Касцёлам — месцам першага абвяшчэння Евангелля, хрысціянскай любові і выхавання маладога пакалення. Ніхто і нішто ў гэтым сэнсе не можа замяніць сям’і.

4.2.4. Праграмай новай евангелізацыі павінна быць ахоплена моладзь і студэнты. Гэта, можа, найбольш падпарадкаваная выклікам секулярызму і лібералізму частка сучаснага грамадства. З аднаго боку, яна заблукала і збянтэжана, часам нават страціла надзею, з іншага — шукае дарогі да шчасця. Таму мы павінны ахапіць яе сваёй пастырскай і проста чалавечай апекай, бо ад таго, якой будзе моладзь, залежыць, якім будзе свет і Касцёл.

4.2.5. Вельмі эфектыўным спосабам абвяшчэння Добрай Навіны з’яўляюцца пілігрымкі. Вопыт апошніх часоў паказвае, што людзі, і асабліва моладзь, вельмі ахвотна прымаюць у іх актыўны ўдзел. Пілігрымка да святых месцаў становіцца пілігрымкай да Бога.

4.2.6. Гаворачы пра новую евангелізацыю, не трэба забывацца, што ўсё новае — гэта добра забытае старое. Нашы бацькі і дзяды падчас ганенняў на Касцёл захавалі веру праз цэлебрацыю традыцыйных набажэнстваў. Таму і нам трэба спалучаць новае са здаровым традыцыйным.

4.2.7. Сучасны свет пазначаны феноменам міграцыі, якая вядзе да ўзаемнага змешвання культур і рэлігій. Гэта, з аднаго боку, выклік нашага часу, а з іншага — магчымасць лепей пазнаць адно аднаго, падзяліцца вопытам перадачы духоўных каштоўнасцяў і разам іх бараніць. Міграцыя таксама патрабуе пастырскай апекі над тымі, хто выехаў у іншыя краіны, і над іх сем’ямі, якія засталіся на месцы, што з’яўляецца новым выклікам сучаснасці.

4.2.8. Нельга ўявіць сучаснае жыццё без сродкаў масавай камунікацыі. Гэта новы арэапаг для новай евангелізацыі, якая патрабуе новых метадаў камунікацыі і перадачы евангельскага зместу новай, зразумелай сучаснаму чалавеку мовай. Патэнцыял мас-медыя яшчэ далёка не выкарыстаны як у свеце, так і ў Беларусі. Калі Касцёл жадае быць евангелізацыйным, ён павінен быць медыйным.

5. Дарагія браты і сёстры!

Перад намі непачаты край працы ў галіне новага эфектыўнага абвяшчэння Евангелля. Гэты працэс нялёгкі і складаны. Ён патрабуе дзейнасці і малітвы. Ён патрабуе таксама новых евангелізатараў. Імі павінны быць не толькі духоўныя асобы, але і свецкія. Увесь Касцёл павінен несці адказнасць за гэты працэс, бо бяда нам, калі мы не будзем абвяшчаць Евангелля, — як кажа святы апостал Павел (пар. 1 Кар 9, 16).

Трэба таксама адзначыць, што Год новай евангелізацыі добра ўпісваецца ў Год кнігі, які сёлета адзначаецца ў Беларусі. Сярод мора кніг кніга Евангелля павінна займаць асаблівае месца ў жыцці кожнага хрысціяніна, як кніга, дзякуючы якой мы пазнаём Бога і веру.

Няхай жа Год 2012 як Год новай евангелізацыі сапраўды стане шляхам да Года веры, каб усе людзі паверылі і, жывучы верай, дасягнулі збаўлення (пар. Мк 16, 16).

У такой важнай і актуальнай справе, якой з’яўляецца новае абвяшчэнне Евангелля, давяраю ўсіх вас Марыі — Маці новай евангелізацыі — і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1.    Другі Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes» (GS).
2.    Другі Ватыканскі Сабор. Канстытуцыя пра святую літургію «Sacrosanctum Concilium» (SC).
3.    Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка «Deus caritas est» (DCE).    
4.    Бэнэдыкт XVI. Апостальская адгартацыя «Verbum Domini» (VD).
5.    Benedykt XVI. List Apostolski «Ubicumque et simper» (US).
6.    Rino Fisichella «La nuova evangelizzazione», Mondadori 2011 (NE).
7.    http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/speeches/2011/ may/documents/hf_ben-xvi_spe_20110530_nuova-evangelizzazione_it.html
7.    http://ekai.pl/wydarzenia/temat_dnia/x47199/benedykt-xvi-oglasza-rok-wiary/.

Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам у нядзелю 15 студзеня 2012 г.

Адноўлена 05.01.2012 12:33
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Пастырскія лісты біскупаў

03.05 06:19Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Дзень малітваў аб пакліканнях
17.09 14:52Прывітальны ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча да арганізатараў і ўдзельнікаў ХІІ Нацыянальнага турніру па міні-футболе памяці св. Яна Паўла ІІ
02.07 00:27Прывітальнае слова Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа д-ра Габара Пінтэра, тытулярнага біскупа Вэлебусдо, Апостальскага Нунцыя ў Беларусі
04.04 18:05Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча аб зборы ахвяраванняў для жыхароў Украіны
25.03 12:39Велікоднае пасланне біскупа Алега Буткевіча
25.03 00:31 Пажаданні біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB на Вялікдзень 2016 г.
25.03 00:00Пажаданні біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды ўрачыстасці Уваскрасення Пана 2016 г.
24.03 13:21Віншаванні біскупа Антонія Дзям’янкі на Вялікдзень 2016 г.
21.03 18:02Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2016 г.
02.02 11:00Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча з нагоды святкавання 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі