16 снежня 2009 г., Апостальская Сталіца, базыліка св. Яна на Латэране Сённяшняе Евангелле распавядае пра тое, як вучні святога Яна Хрысціцеля звярнуліся да Езуса з пытаннем: ці сапраўды Ён з’яўляецца Месіяй, або ім трэба чакаць іншага? Адказ Хрыста быў вельмі простым. Паглядзіце, — адказаў Ён, — хворыя вылечваюцца, глухія чуюць, сляпыя бачаць, злыя духі выганяюцца.
Дарагія браты ў біскупскім служэнні, ці не тое самае мы бачым сёння пасля амаль 2000 год абвяшчэння ў свеце Евангелля? Езус жыве і дзейнічае ў сваім Касцёле. Але ці бачыць Яго там і ці верыць у Яго сучасны чалавек? Відаць, на гэтае пытанне нельга даць станоўчы адказ. Колькі ў наш час адыходаў ад веры! Колькі злачынстваў супраць яе і праяваў амаральнасці! Сучасны свет, калі прыняць усё гэта пад увагу, можна параўнаць з грахоўным балотам! Секулярызм, маральны рэлятывізм і агрэсіўны лібералізм распаўсюджваюцца вельмі хутка. Гэта своеасаблівая «ракавая пухліна» сучаснасці, праяўленні новага «грыпу», ад якога цяжка знайсці эфектыўную вакцыну. Мы прызвычаіліся да таго, што кожны год, асабліва зімой, людзі хварэюць на грып. А ў гэтым выпадку мы маем справу з імкненнем людзей да абсалютнай свабоды, філасофія якой сцвярджае, што няма абсалютнай праўды і ўсё адносна, і заражае свет вірусам секулярызму.
У такіх абставінах чалавек з нясталай верай падобны да трасціны, якая калыхаецца ад ветру, або да флюгера, які накіроўваецца ў той бок, куды дзьме вецер. А вецер сучаснага свету вядзе не да Бога, а ад Яго. І чалавек, які кажа, што з’яўляецца веруючым, з іншага боку нярэдка не імкнецца жыць паводле евангельскага радыкалізму і нават задае пытанне: ці сапраўды Бог прысутнічае ў Касцёле? Веру ў Бога, але не ў Касцёл, — кажа такі чалавек. Не знаходзячы ў Касцёле свайго задавальнення, ён кідаецца ў іншую крайнасць — пачынае займацца магіяй, гаданнем, чарамі.
Што мы можам параіць такому чалавеку, якім чынам можам дапамагчы, як вярнуць яго на шлях праўды? Такія і падобныя пытанні ставіць перад намі сучасны свет. І мы павінны на іх адказаць. Мне здаецца, што найлепшы адказ дае сённяшняе Евангелле, якое кажа: паглядзіце, людзі, якія былі хворымі духоўна і фізічна, вылечваюцца. Трэба толькі зняць цёмныя акуляры і ўбачыць гэта.
Савецкі Саюз хварэў на цяжкую хваробу атэізму, які прывёў да масавага бязвер’я. Аднак Бог на нашых вачах учыніў цуд. Ён дараваў нам свабоду веравызнання і лекі ад гэтай атэістычнай хваробы, якія мы атрымліваем у Касцёле і праз дзеянне Касцёла як сакрамэнта паўсюднага збаўлення.
На вялікі жаль, чалавек сам адмаўляецца ад гэтых лекаў. Гэтым ён у другі раз наступае на тыя ж самыя граблі. Мы вытрымалі выпрабаванне пераследам веры, але ці вытрымаем выпрабаванне свабоды? Таму нашым, як біскупаў, абавязкам з’яўляецца паказаць людзям гэтыя лекі і навучыць іх карыстацца імі.
Сімвалічна, што апошняй базылікай, дзе мы супольна цэлебруем святую Імшу ў межах сёлетняга візіту аd limina, стала святыня св. Яна на Латэране — катэдра Папы як біскупа Рыма, маці касцёлаў усяго свету.
Касцёл дае лекі сучаснаму свету найперш праз навучанне Святога Айца, які вельмі моцна заклапочаны маральным станам сучаснага чалавека. Праблема ў тым, што чалавек не надае гэтаму ўвагі.
Папросім сёння, у гэтай такой значнай для Каталіцкага Касцёла базыліцы, каб Дух Святы адарыў нас патрэбнымі дарамі ў практычнай рэалізацыі тых рэкамендацый, якія мы ўжо атрымалі і яшчэ атрымаем ад Папы, каб мы здолелі духоўна аднавіць наша грамадства і каб людзі сапраўды зразумелі, што Месія прыйшоў і дзейнічае ў сваім Касцёле — сакрамэнце паўсюднага збаўлення. Амэн.
|