Пасланне Бэнэдыкта XVI да Каталіцкіх Біскупаў Беларусі |
Канферэнцыя Біскупаў |
17.12.2009 19:50 |
Дастойны ксёндз кардынал, У сустрэчах, якія я меў з вамі, я высока ацаніў пастырскую руплівасць, з якою вы выконваеце вашае служэнне, вашыя імкненні і намаганні, скіраваныя на ўсё большае паглыбленне сярод вас супольнай адказнасці, еднасці і сумеснага прыняцця рашэнняў, каб вашае служэнне станавілася ўсё больш плённым. Сапраўды, надзвычай важна з адноўленым запалам і з новымі сіламі абвяшчаць непрамінальнае Евангельскае пасланне ў грамадстве, безабаронным перад пагрозамі секулярызацыі, геданізму і рэлятывізму, што знаходзяць выяўленне ў праблемах спаду нараджальнасці, нетрываласці сем’яў і ілюзіях аб здабыцці багацця па-за межамі сваёй краіны. Перад абліччам гэтых выклікаў неадкладнае заданне пастыраў у тым, каб паказваць сілу веры — веры, укаранёнай у трывалай традыцыі, каб гэта паспрыяла захаванню глыбокай хрысціянскай тоеснасці народа, у поўным павагі дыялогу з іншымі культурамі і рэлігіямі. Каб дасягнуць гэтай мэты, вам неабходна, успрымаючы як заклік словы Псальма: «як добра і як прыемна, калі браты жывуць разам» (пар. Пс 133 (132), 1), прыкладаць вялікія намаганні дзеля стварэння праграмаў і павышэння эфектыўнасці ўсё больш адпаведных душпастырскіх захадаў, а таксама дзеля рэалізацыі рашэнняў Канферэнцыі Біскупаў. Такое адноўленае сведчанне адзінства будзе карысным не толькі для абвяшчэння Евангелля, але таксама паспрыяе наладжванню адносінаў з дзяржаўнымі ўладамі і асабліва развіццю экуменічных кантактаў. Іншы аспект, які я жадаю падкрэсліць, гэта спецыяльная ўвага, якую неабходна надаць адукацыйнаму вымярэнню пастырскай дзейнасці. Як я неаднаразова падкрэсліваў, сёння мы перажываем своеасаблівае «надзвычайнае становішча» ў гэтым далікатным і асноватворным сектары, і неабходна прыкласці больш намаганняў, каб даць належную фармацыю перадусім новым пакаленням. Таму я заахвочваю вас працягваць вашую працу, клапоцячыся пра тое, каб адпаведная катэхізацыя паказвала шлях веры на ўсіх этапах жыцця, і каб пры гэтым былі спрыяльныя нагоды intra et extra Ecclesiam (унутрыкасцёльныя і пазакасцёльныя), каб пад вашым кіраўніцтвам пасланне Хрыста даносілася да ўсіх асяроддзяў паствы, вам даручанай. Асаблівае значэнне набывае занепакоенасць тым, што датычыцца распазнання розных пакліканняў і клопату пра іх развіццё, асабліва пра святарскія і законныя пакліканні, а таксама намаганні, скіраваныя на эфектыўную рэалізацыю праграмаў, прызначаных для чалавечага і хрысціянскага развіцця моладзі. У сувязі з гэтым я заклікаю вас уважліва сачыць за тым, каб кандыдаты ў святары атрымлівалі грунтоўную і дакладную духоўную і тэалагічную фармацыю і мелі неабходнае кіраўніцтва ў сур’ёзнай і глыбокай праверцы Божага паклікання. Сітуацыя, якая сёння склалася ў нашым грамадстве, патрабуе асабліва пільнага распазнання паклікання. Такім чынам, для будучыні вашага Касцёла вельмі важна, каб у Гродне і Пінску і надалей маладыя семінарысты мелі магчымасць праходзіць поўны і кваліфікаваны фармацыйны шлях, а тое, што ў абедзвюх установах поруч ідуць да святарства кандыдаты як у дыяцэзіяльнае, так і ў законнае духавенства, з’яўляецца каштоўнаю нагодаю для развіцця супольнай пастырскай дзейнасці. Гэта будзе прыносіць усё больш шматабяцальны плён, калі прапанаваная адукацыйная праграма і надалей будзе вынікам інтэнсіўнага супрацоўніцтва паміж біскупам і настаяцелямі законных супольнасцяў і дасць магчымасць ажыццяўляць таксама ініцыятывы бесперапыннай фармацыі. Будзьце заўсёды блізкімі да сваіх святароў, атуляйце іх штораз большым клопатам, асабліва тых, якія толькі пачынаюць пастырскае служэнне. Праявы айцоўскай увагі і сардэчнасці біскупа з’яўляюцца асноўным элементам дасягнення поспеху ў святарскім жыцці! Акрамя таго, трэба заўсёды мець на ўвазе, што вас як пастыраў Касцёла Пан Бог заклікае ўмець распазнаваць кожнае канструктыўнае для будаўніцтва цела Касцёла служэнне, у тым ліку свецкага, культурнага і грамадскага характару, каб усе маглі зрабіць свой унёсак у пашырэнне Божага Валадарства ў Беларусі ў духу сапраўднага і дзейснага адзінства, вяртаючы ў жыццё тыя хрысціянскія каштоўнасці, што адыгралі вызначальную ролю ў будаўніцтве еўрапейскай цывілізацыі. Дарагія браты, старайцеся не пакідаць без увагі ніводнага ўнёску, карыснага для абвяшчэння і пашырэння Божага Валадарства, канкрэтнымі справамі даючы сведчанне братэрства, якое нараджае супакой; лагоднасці, якая з’яўляецца спадарожніцай справядлівасці; духу еднасці, які пазбягае праяваў эгаізму; любові, якая доўгацярплівая, ласкавая; не зайздросціць, не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай, усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць дзеля любові Хрыста (пар. 1 Кар 13, 4-7). У гэтым кантэксце таксама немагчыма абысціся без братняга супрацоўніцтва з Праваслаўнаю Царквою ў Беларусі, пастыры якой падзяляюць ваш клопат і разам з вамі шукаюць дабра для вернікаў. Праваслаўныя Цэрквы, таксама як і Каталіцкі Касцёл, грунтоўна разважаюць над тым, якім чынам адказваць на выклікі нашага часу, каб верна перадаваць пасланне Хрыста. Прымаючы заахвочванне, якое было выказана падчас нядаўняй каталіцка-праваслаўнай сустрэчы на Кіпры, трэба прыкласці яшчэ больш намаганняў на супольным шляху ў гэтым кірунку. Значны ўнёсак у гэтую справу можа ўнесці невялікая, але руплівая Грэка-каталіцкая супольнасць вашай краіны. Яна з’яўляецца важным сведчаннем для Касцёла і Божым дарам. Некалькі месяцаў таму я прыняў спадара Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Падчас сустрэчы, якая прайшла ў атмасферы цеплыні і ўзаемнай павагі, было зноў пацверджана жаданне абодвух бакоў заключыць Пагадненне, якое цяпер распрацоўваецца. Акрамя таго, я падкрэсліў асаблівую ўвагу, з якою Апостальская Сталіца, таксама як і Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, сочаць за бягучымі падзеямі ў краіне, і намаганні дзеля плённага супрацоўніцтва ў пытаннях, якія ўяўляюць агульны інтарэс, з мэтаю спрыяць дабру грамадзянаў, з павагаю да сфераў кампетэнцыі кожнага. Найдастойнейшыя браты, паўтараючы зноў маю падзяку, я заклікаю Маці Божую, якую так любяць на вашай зямлі, каб Яна падтрымлівала і накіроўвала вас, атуляючы сваім заступніцтвам. З такімі пажаданнямі і з асабліваю любоўю ўдзяляю вам, святарам, законнікам і законніцам, а таксама ўсім вернікам спецыяльнае апостальскае бласлаўленне і запэўніваю ў маёй малітве за ўвесь беларускі народ. Ватыкан, 17 снежня 2009 года Фота L'Osservatore Romano |