Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі |
Канферэнцыя Біскупаў |
07.12.2016 16:33 |
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! «Найсвяцейшая Панна Марыя з першай хвіліны свайго зачацця, моцаю ласкі і прывілею ўсемагутнага Бога, моцаю прадбачаных заслугаў Езуса Хрыста, Збаўцы чалавечага роду, была захаваная ад усялякай заганы першароднага граху» (Пій IХ, Апостальская канстытуцыя Ineffabilis Deus). Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якую мы сёння адзначаем, нагадвае нам праўду пра тое, што Марыя з моманту свайго зачацця была захаваная ад першароднага граху. Дзякуючы гэтай свабодзе ад граху і сваёй дасканаласці Яна стала блізкай людзям. Яе блізкасць да кожнага чалавека нельга ні з чым параўнаць. Бо тым, што раздзяляе і аддаляе людзей адзін ад аднаго, з’яўляецца эгаізм, які вынікае з граху і якога не было ў Марыі. Таму Яна як Маці не толькі любіць нас, але таксама разумее і спагадае. Праўда пра Беззаганнае Зачацце паказвае ўсім хрысціянам, якія вялікія рэчы Бог можа зрабіць для чалавека і якія планы Ён мае адносна кожнага: давесці да паўнаты чалавечнасці і святасці. Углядаючыся сёння ў беззаганна зачатую Марыю, мы бачым, што ў кожнай сітуацыі Яна імкнулася распазнаць і выканаць Божую волю. Такая пазіцыя была для Яе крыніцаю новай сілы. Для нас гэта важны напамін пра тое, што паслухмянасць Богу і Яго волі гарантуе шчасце ў сям’і і грамадстве — магчыма, асабліва сёння. Святы Ян Павел ІІ нагадвае, што праўда пра сужэнства стаіць «па-над воляю адзінак, капрызамі паасобных сем’яў, рашэннямі грамадскіх і дзяржаўных органаў» (Ян Павел ІІ, Прамова да Генеральнай Рады Сіноду Біскупаў, 23.02.1980 г.). Гэтую праўду належыць шукаць у Бога, таму што «сам Бог з’яўляецца стваральнікам сужэнства» (пар. ІІ Ватыканскі Сабор, Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes», 48). Бог стварыў чалавека мужчынам і жанчынаю, зрабіўшы іх незаменным дарам адно для аднаго. Ён угрунтаваў сям’ю на падмурку сужэнства, злучанага на ўсё жыццё непарыўнай і выключнай любоўю. Бог пастанавіў, што менавіта такая сям’я будзе адпаведным асяроддзем для перадачы жыцця і забеспячэння матэрыяльнага і духоўнага развіцця дзяцей. Мы з непакоем назіраем, як усё больш узрастае грамадскае адабрэнне такіх з’яваў. Таму вельмі важна, каб кожны адкрыў сваё пакліканне, шукаючы ў ім Божую волю. Кожная жанчына — незаменная дачка, маці, жонка ці бабуля. Гэтак жа і кожны мужчына — сын, муж, бацька ці дзядуля. Ад нас залежыць, наколькі гэта будзе служыць будаванню здаровых сем’яў і тым самым здаровага грамадства. У будаванні здаровай сям’і неад’емную ролю адыгрываюць бацькі. Яны —першыя фарматары сваіх дзяцей. Яны перадаюць дзецям веру, з’яўляюцца сведкамі Божай праўды, вучаць на ўласным прыкладзе. Колькі ж разоў дзеці самі пацвярджаюць гэта, кажучы: «бо мама так сказала» або «мой тата так робіць». Бацькі вучаць прынцыпам правільнага функцыянавання ў сям’і і грамадстве. Толькі сапраўдная сям’я можа стварыць умовы для таго, каб дзеці ў ёй узрасталі «ў мудрасці і ласцы Божай» (пар. Лк 2, 52). Сям’я — гэта натуральнае месца, дзе кожны адкрывае адносіны любові і вучыцца любіць, служыць і ўзаемна ахвяраваць сабою дзеля іншага, а таксама фармаваць самыя інтымныя сферы ўнутранага жыцця. Акрамя тых выпадкаў, калі гэта абсалютна немагчыма, кожная асоба павінна быць выхавана ў сэрцы сям’і бацькам і маці з дапамогаю іншых: братоў, сясцёр, дзядуль і бабуль, дзядзек, цётак. У нас ёсць шмат прыкладаў святых бацькоў — мамаў і татаў. Сярод іх можна вылучыць сям’ю Людвіка і Зэліі Мартэн, бацькоў св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, якіх Святы Айцец Францішак не так даўно кананізаваў. Важна, каб дзеці і моладзь маглі і хацелі выкарыстоўваць досвед сваіх бацькоў, дзядуль і бабуль. Яны могуць ім шмат чаго сказаць. Але галоўная ўмова гэтага — жаданне слухаць і вучыцца ад іх. Хлопец вучыцца ўспрымаць сябе як мужчына і каля бацькі, і каля маці. Праз адносіны з маці ён вучыцца адносінам з жанчынамі. Сувязь з маці вырашальная для пазнейшых кантактаў з аднакласніцамі, нарачонай і жонкай. Падобна адбываецца і ў жыцці дзяўчынкі. Яна вучыцца быць жанчынаю і каля маці, і каля бацькі. «Любасць над любасцю — сарамлівая жонка, і няма нічога больш каштоўнага, чым цнатлівая душа» (Сір 26, 18–19). У кнізе Мудрасці Сіраха звяртаецца асаблівая ўвага на цноты добрай жонкі. Але для таго, каб жанчына ў будучым магла стаць добрай жонкай, ёй трэба браць прыклад са сваіх бацькоў. Дзіцяці для яго ўзрастання як асобы неабходныя і маці, і бацька. Немалаважную ролю ў хрысціянскім выхаванні дзяцей адыгрывае школа. Яна дапамагае бацькам у выхаваўчым працэсе, улічваючы, аднак, што галоўная роля ў гэтым належыць самім бацькам. Памятаючы пра гэту аўтаномію, школа павінна вучыць прынцыпам асабістай культуры, уплываць на фарміраванне прасямейнай пазіцыі вучня, перадаваць яму веды, шануючы рэлігійныя перакананні. Разам з тым школа павінна дапамагаць будаваць здаровыя сувязі паміж дзецьмі і бацькамі. Св. Ян Павел ІІ нагадвае, што Касцёл, як і дзяржава, мае абавязак служыць бацькам усімі магчымымі формамі ў выкананнні іх выхаваўчых задачаў (пар. Ян Павел ІІ, Апостальская адгартацыя Familiaris consortio, 40). Гэта ажыццяўляецца шляхам катэхетычнага навучання пры парафіях, падрыхтоўкі да прыняцця сакрамэнтаў, сустрэч у групах, выездаў на адпачынак і ў іншых выхаваўчых формах. Важную функцыю ў выхаванні выконваюць розныя сямейныя рухі, якія дзейнічаюць у Касцёле. Значную ролю ў выхаванні маладога пакалення адыгрываюць сакрамэнты, асабліва пакаянне і Эўхарыстыя. Частае прыняцце гэтых сакрамэнтаў дапамагае маладым людзям захаваць дашлюбную чысціню. Мэта ўсіх названых форм — дапамагчы бацькам у хрысціянскім выхаванні дзяцей, якое азначае перадачу вечных каштоўнасцяў, што спрыяюць агульнаму дабру чалавецтва. Каштоўнасцяў, якімі дзеці маглі б самастойна кіравацца. Мэта хрысціянскага выхавання — не сфармаваць дзяцей паводле нейкага зададзенага ўзору, а дапамагчы ім станавіцца лепшымі. Інакш кажучы, дапамагчы ім узрастаць у сталасці, творчасці, зычлівасці, высакароднасці, кіравацца каштоўнасцямі праўды, дабра і прыгажосці. Аднак разуменне выхаваўчай функцыі Касцёла нельга звесці толькі да педагагічных катэгорый. Касцёл адназначна сцвярджае, што найлепшы выхаваўца — гэта Бог, а мэта выхаваўчай функцыі Касцёла — збаўленне чалавека (пар. Ян Павел ІІ, Апостальская адгартацыя Christifideles laici, 61). Прыклад Марыі ў таямніцы сённяшняй урачыстасці цудоўна паказвае нам, што Яна таксама прымае асаблівы ўдзел у выхаванні маладога пакалення, асабліва маладых дзяўчат, а кожны з нас цешыцца Божай дапамогай у заданнях, якія Бог ставіць на жыццёвым шляху. «Жанчыну дасканалую хто ж знойдзе?» — пытае аўтар кнігі Прыпавесцяў Саламона (31, 10а). Гэты ўрывак пра дасканалую жанчыну вылучаецца на фоне іншых біблійных тэкстаў. У такой «дасканалай жанчыне» можна спазнаць Божую мудрасць. Марыя вучыць нас, што ў складаным працэсе выхавання нашых дзяцей варта цалкам даверыцца Богу. Давер будзе выражацца ў веры і любові да Яго, у выкананні Яго волі і служэнні бліжнім. Няхай Тая, якая дала свету збаўленне, дапамагае нам раўняць дарогу жыцця для Пана, а клопат пра сапраўднае хрысціянскае выхаванне маладога пакалення ўмацуе наша сяброўства з Богам. З пастырскім благаслаўленнем + Тадэвуш Кандрусевіч |