Паведамленне Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча пра свята св. Марыі Магдалены |
Канферэнцыя Біскупаў
|
13.07.2016 11:17 |
3 чэрвеня 2016 г. Папа Францішак узняў абавязковы літургічны ўспамін св. Марыі Магдалены, які адзначаецца паводле Агульнага рымскага календара 22 ліпеня, да ўзроўню свята. Святы Айцец прыняў сваё рашэнне ў кантэксце Юбілею Міласэрнасці, каб падкрэсліць важнасць гэтай жанчыны, якая мела вялікую любоў да Хрыста і спазнала ад Яго міласэрнасць. Марыя Магдалена стала таксама першай, хто даў сведчанне перад вучнямі Хрыста, стаўшы «апосталам апосталаў».
Прынятае рашэнне Пантыфіка ўпісваецца ў актуальны касцёльны кантэкст, які патрабуе больш глыбокага разважання над годнасцю жанчыны, новай евангелізацыяй і веліччу таямніцы Божай міласэрнасці.
Тэксты для цэлебрацыі:
Рымскі Імшал
Фармуляр святой Імшы на беларускай мове ў свята св. Марыі Магдалены пададзены ў Рымскім Імшале для дыяцэзій на Беларусі (стар. 1067-1068). Характэрнай адметнасцю цэлебрацыі з’яўляецца гімн «Хвала на вышынях» і ўласная прэфацыя De apostolorum apostola. Тэкст прэфацыі на беларускай мове будзе даступны пасля зацвярджэння Апостальскай Сталіцай. Да гэтага часу можна выкарыстоўваць прэфацыю пра святых (№ 65).
Лекцыянарый
Біблійныя чытанні на беларускай мове ў свята св. Марыі Магдалены пададзены ў VI томе Імшальнага лекцыянарыя (22 ліпеня).
Літургія гадзінаў
Тэксты паасобных Гадзінаў на беларускай мове ў свята св. Марыі Магдалены пададзены ў ІІІ томе Літургіі гадзінаў (стар. 1459-1465) за выключэннем наступнага: Гадзіна Чытанняў — першае чытанне (Рым 12, 1-21) з уласным рэспансорыем бярэцца з Агульных тэкстаў пра святых (стар. 1712-1714); Малітва на працягу дня (стар. 1748-1749).
Мінск, 12 ліпеня 2016 г.
|