Каталіцкія біскупы Беларусі завяршаюць свой візіт ad limina у Апостальскую Сталіцу, які арганізуецца кожныя пяць год. Гэта быў трэці візіт, здзейснены беларускімі іерархамі пасля атрымання краінай незалежнасці і першы за час Пантыфікату Святога Айца Бэнэдыкта XVI. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ахарактарызаваў гэтае падарожжа да Апостальскіх парогаў як «экзамен на сумленне для кожнага біскупа».
Па словах Мітрапаліта, гэты візіт выявіў тое, наколькі аднавіўся Каталіцкі Касцёл у Беларусі з 1991 г. На той час у краіне было 220 парафій, у якіх неслі служэнне 60 беларускіх і столькі ж замежных святароў. Сёння ў краіне служаць больш за 200 святароў беларускага паходжання.
У 1990 г. у Гродне была адчынена першая каталіцкая духоўная семінарыя, а ў 2001 г. адкрылася семінарыя ў Пінску. У іх вучыцца каля 90 семінарыстаў, яшчэ 60 наведваюць семінарыі рэлігійных кангрэгацый.
У Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, як адзначыў Мітрапаліт, ёсць таксама свой інтэрнэт-партал Catholic.by, які прадстаўляе навіны з жыцця Касцёла ў нашай краіне і жыцця паўсюднага Касцёла на некалькіх мовах, а менавіта на беларускай, рускай і польскай. «Штодзень сайт наведваюць каля 14 тысяч вернікаў, якія для нас з’яўляюцца своеасаблівай вялікай парафіяй», — падкрэсліў у сувязі з гэтым арцыбіскуп Кандрусевіч. Акрамя гэтага, у нашай краіне быў перакладзены на беларускую мову Рымскі Імшал, Дакументы ІІ Ватыканскага Сабору, а таксама літургічныя тэксты ўсіх сакрамэнтаў. «Гэтым займаецца добрая каманда перакладчыкаў. Імі таксама была перакладзена апошняя энцыкліка Святога Айца», — паведаміў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
Як адзначыў арцыпастыр, росквіт Касцёла прыцягвае да яго вялікую колькасць моладзі. Было арганізавана ўжо два Дні моладзі, у якіх прынялі удзел шматлікія прадстаўнікі маладога пакалення. Адбываюцца таксама дыскусіі груп моладзі, якімі час ад часу кіруе сам Мітрапаліт Кандрусевіч.
Касцёл, па словах беларускага арцыпастыра, займае актыўную пазіцыю і ў свеце навукі. «За апошнія два гады я быў запрошаны, з розных нагодаў, у грамадскія і іншыя універсітэты дзеля ўдзелу ў канферэнцыях або сустрэчах са студэнтамі і выкладчыкамі», — падзяліўся арцыбіскуп.
Сродкі масавай інфармацыі, як дадаў Мітрапаліт, таксама з’яўляюцца полем, на якім дзейнічае Касцёл. Радыё і тэлебачанне перадаюць нядзельную святую Імшу з мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, што з’яўляецца вельмі добрай ініцыятывай, асабліва для хворых людзей і дзяцей, якія жывуць у правінцыі.
Кажучы аб сацыяльнай працы Касцёла ў Беларусі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што каталіцкі дабрачынны фонд «Карытас» рэалізуе праграмы, якія прыцягваюць не толькі католікаў, але і праваслаўных, пратэстантаў, мусульман, яўрэяў, а таксама людзей няверуючых. «Сацыяльная праца накіравана на дапамогу людзям пажылога ўзросту, дзецям, калекам, хворым на рак, а таксама на прафілактыку СНІДу, — паінфармаваў Мітрапаліт. — Католікі разам з праваслаўнымі аб’ядналі сілы і стварылі камісію па ахове сродкаў масавай камунікацыі».
Нягледзячы на ўсе паказчыкі паспяховага развіцця Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, у яго жыцці не абыходзіцца без некаторых цяжкасцяў. У прыватнасці, як адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч, часам узнікаюць некаторыя цяжкасці, як, напрыклад, атрыманне візы, у святароў з-за мяжы. Мітрапаліт Кандрусевіч адзначыў таксама недахоп святыняў у многіх месцах Беларусі. На сённяшні дзень, па словах іерарха, на 300 тысяч католікаў Мінска ёсць толькі 4 касцёлы, хоць мясцовыя ўлады і далі дазвол на пабудову яшчэ 6 святыняў.
Паводле матэрыялаў Zenit.org
|