Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на XXX Звычайную нядзелю, Год С |
24 кастрычніка 2010 г., архікатэдральны касцёл, Мінск 1. Няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў. Глыбокапаважаныя браты і сёстры! Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма вельмі дабра перадае змест сённяшніх чытанняў, асабліва Евангелля, аб тым, што Бог з’яўляецца Богам міласэрнасці. Адна гісторыя распавядае пра тое, як кароль Прусіі Фрыдрых Вялікі наведаў вязніцу. Ён размаўляў з кожным арыштаваным, які знаходзіўся там. Усе яны, як звычайна, казалі, што невінаватыя і што іх асудзілі несправядліва. Напрыканцы кароль убачыў вязня, які маўчаў. Кароль спытаўся: ты таксама несправядліва асуджаны? Вязень адказаў: не, я вінаваты і заслужыў пакарання. Тады кароль звярнуўся да начальніка вязніцы і наказаў яму выпусціць гэтага вязня, каб ён не сапсаваў іншых, які лічаць сябе невінаватымі. Біблія кажа, што Бог пярэчыць ганарлівым і адорвае ласкай пакорных. Пакора вязня падарыла яму свабоду, а ганарлівыя засталіся ў вязніцы. 2. Сённяшняе Евангелле з’яўляецца асаблівым, і кожны хрысціянін павінен з увагай услухацца ў яго і зрабіць адпаведныя высновы. Гэта гісторыя двух вернікаў — фарысея і мытніка. Мытнікаў і падатковых інспектараў не любілі ў тыя часы, не любяць і сёння. Мытнік ці падатковы інспектар у многіх выклікаюць страх і нават плач. Вядома, што ў Іерусаліме ёсць Сцяна плачу, якая засталася ад іерусалімскай святыні. Каля гэтай сцяны праходзіў Езус Хрыстус, калі ішоў у святыню. Яўрэі прыходзяць туды маліцца. Маліўся там і папа Ян Павел II. Гэтую сцяну называюць Сцяной плачу, бо гэта памяць аб святыні, і яўрэі плачуць, бо святыня разбурана. Аднак тыя ж самыя яўрэі кажуць, што ў Ізраілі ёсць яшчэ адна «Сцяна плачу», як і ў кожнай краіне, — гэта Міністэрства па падатках і зборах. 3. Аднак, вяртаючыся да сённяшняга Евангелля, трэба прыгадаць, што як фарысей, так і мытнік былі веруючымі людзьмі. Яны верылі ў аднаго і таго ж Бога. Належалі да адной рэлігіі. Маліліся ў адной ерузалемскай святыні. Больш за тое, яны былі актыўнымі вернікамі і кожны дзень хадзілі на малітву. Але што мы бачым? Пасля малітвы адзін з іх пайшоў дадому з унутраным духоўным супакоем, а іншы — не. Мы ўсе павінны звярнуць увагу на гэтую евангельскую гісторыю, не толькі каб навучыцца таямніцы прыемнай Богу малітвы, але і каб жыць такім жыццём веры, якое вядзе да апраўдання, а не да расчаравання. 4. Мы толькі тады зразумеем гэтую парабалу, калі лепей пазнаем, кім на самой справе былі фарысеі. Звычайна ўжытае ў Евангеллі слова «фарысей» мае негатыўны змест. І таму мы дзівімся, калі чуем, што гэтыя людзі былі вельмі дысцыплінаванымі і пабожнымі. Яны рэгулярна маліліся і захоўвалі Божы закон. Яны пасціліся два разы на тыдзень — па панядзелках і чацвяргах, хоць закон прадпісваў пасціцца толькі раз у год, у Дзень адкуплення — Ём Кіпур, які прыпадае на дзесяты дзень пасля іўдзейскага Новага года, звычайна ў верасні-кастрычніку. Яны таксама рэгулярна выдаткоўвалі дзесяціну на патрэбы сінагогі. І калі ў сённяшнім Евангеллі мы чуем, што фарысей быў не такі, як іншыя, то ён на самой справе гаварыў праўду. Напэўна, не многія сучасныя хрысціяне ў гэтым сэнсе могуць зраўняцца з фарысеямі. Мытнікі ж звычайна трактаваліся як людзі ніжэйшага маральнага стану. Яны працавалі на патрэбы рымскіх язычнікаў. Пры гэтым яны не былі чыстымі на руку, ашуквалі людзей і тым самым узбагачаліся. Гэта азначае, што яны былі ў стане рытуальнага забруджання. Таму мытнікі лічыліся публічнымі грэшнікамі, якія знаходзіліся на шляху да пекла. Аднак у той жа час яны ведалі, што не заўсёды голас народа ёсць голасам Бога. Таму яны мелі надзею на збаўленне і верылі ў Божую міласэрнасць. 5. Сама вера ў Бога яшчэ не з’яўляецца гарантыяй збаўлення. Апостал Якуб кажа, што вера без добрых учынкаў мёртвая. Тут важным з’яўляецца не толькі вера, але і тое, як чалавек жыве гэтай верай. Фарысеі верылі ў дыскрымінуючага Бога, які любіць добрых і ненавідзіць злых. Паводле іх, людзі павінны паступаць так, як паступае Бог. Таму яны навучыліся любіць толькі добрых людзей і глядзець з пагардай на дрэнных. Езус жа распавёў сённяшнюю прытчу супраць фарысеяў, якія верылі ў тое, што толькі яны з’яўляюцца справядлівымі, а іншымі пагарджалі. Мытнік, з іншага боку, верыў не ў сябе, а ў Божую міласэрнасць. Стоячы воддаль, ён нават не смеў падняць вочы да неба, але толькі біў сябе ў грудзі і казаў: «Пане, будзь міласэрны да мяне, грэшніка!» І менавіта ён, а не самазадаволены фарысей, пайшоў дадому ў супакоі. 6. Таксама і мы, як мытнік і фарысей, павінны прыходзіць у дом Пана, каб ахвяраваць Яму нашу пашану і малітву. Мы, як і яны, спадзяемся вярнуцца дадому з чыстымі сэрцамі. Таму нам трэба вучыцца ад мытніка таямніцы пашаны да Бога і бліжняга, каб наша малітва была прынята Богам. Не трэба слухаць іншых, а нават і самога сябе, што Бог ніколі не даруе нам нашых грахоў, бо яны такія вялікія. Мы павінны прызнаць нашу грэшнасць і даверыцца бязмежнай Божай міласэрнасці. Нарэшце, мы павінны паабяцаць Богу, што ніколі не будзем глядзець на грэшнага чалавека з пагардай, а будзем старацца дапамагаць яму ў пошуках Бога, падобна як прыклад мытніка дапамагае нам сёння ў Яго пошуках. Няхай жа сённяшняе Евангелле дапаможа нам заўсёды памятаць, што Бог супрацьстаіць ганарлівым і адорвае сваёй ласкай пакорных. Амэн. |
Адноўлена 25.10.2010 12:14 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.