Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Дзень кансэкраванага жыцця |
Дарагія кансэкраваныя асобы, законнікі і законніцы, браты і сёстры! 1. Сённяшняе свята Ахвяравання Пана ў Ерузалемскай святыні адкрывае нам некалькі вельмі важных праўдаў пра Бога і чалавека. Гэта перш за ўсё ахвяра, сустрэча і святло. Евангелле нагадвае нам пра ахвяру Езуса, пра спатканне з Ім старца Сімяона і прарочыцы Ганны, якія чакалі Збаўцу, і пра тое, што Ён з’яўляецца святлом на асвятленне язычнікаў (пар. Лк 2, 22–40). 2. Паводле Майсеевага закону кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць ахвяравана Богу. Слова «ахвяра» крые ў сабе глыбокую рэчаіснасць, бо ахвяраваць азначае скласці нейкі дар. Такім дарам з боку Марыі і Юзафа былі два галубкі (пар. Лк 2, 24). Ідэя ахвяры Богу за дар жыцця новага чалавека прысутнічае ва ўсім Старым Запавеце. Пры гэтым не дастаткова было скласці толькі матэрыяльную ахвяру, трэба было яшчэ ахвяраваць і само дзіця. Гэта апошняе нагадвае пра спецыяльны, годны Стварыцеля дар самога чалавека, створанага на Яго падабенства. Гэтая праўда адносіцца да кожнага з нас. Мэтай нашага жыцця павінна быць учыненне з самога сябе бескарыслівай ахвяры Богу. Асаблівай формай такога дару з’яўляецца кансэкраванае жыццё — крочанне за чыстым, убогім і пакорным Хрыстом. Ад самага пачатку існавання Касцёла заўсёды былі мужчыны і жанчыны, якія вялі і вядуць сваё жыццё паводле евангельскіх парадаў убогасці, чыстасці і паслухмянасці. Іх служэнне і сведчанне з’яўляецца вельмі каштоўным дарам для Касцёла, бо яно поўнае свядомасці, што Езус і Яго Валадарства — найбольш каштоўны скарб і найпрыгажэйшая пярліна, дзеля якой можна ўсё пакінуць. 3. Другой праўдай з’яўляецца спатканне, якое здарылася ў Ерузалемскай святыні — у асаблівым месцы, дзе чалавек сустракаецца з Богам. Натхнёныя Святым Духам, на спатканне з Езусам выйшлі дзве асобы — старац Сімяон і прарочыца Ганна. Яны ўвасабляюць чаканне чалавецтва прышэсця абяцанага Збаўцы. Як глыбока гучаць словы Сімяона: «Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, паводле слова Твайго, у спакоі; бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў» (Лк 2, 29–30). Спатканне з Езусам стала ўвянчаннем усяго жыццёвага шляху Сімяона і адкрывала яму дарогу да спаткання з Богам. Яго мара рэалізавалася, і ён ужо больш нічога не жадаў. Таксама і прарочыца Ганна дачакалася найважнейшага ў сваім жыцці спаткання, бо яна «не адыходзіла ад святыні, постам і малітваю служачы Богу ўдзень і ўначы» (пар. Лк 2, 37). Таксама кожны з нас павінен выходзіць на спатканне з Богам, асабліва кансэкраваныя асобы, якія ахвяравалі Яму сваё жыццё. Знакам такога спаткання з’яўляюцца запаленыя свечкі, якія мы трымаем у нашых руках. Менавіта іх святло вядзе да наступнай, трэцяй праўды сённяшніх разважанняў. 4. Гэтая праўда — святло. Святлом перш за ўсё з’яўляецца Хрыстус. Гэта Яго старац Сімяон назваў святлом для асвятлення язычнікаў і хвалой народа ізраільскага (пар. Лк. 2, 31). Праз Сваё ўцелаўленне Бог увайшоў у цемру свету і чалавека, каб яе рассеяць. Усё жыццё Езуса было святлом праўды пра Бога, які любіць і кліча да шчаслівай вечнасці. Ён не толькі абяцаў шчаслівую вечнасць, але ўчыніў яе рэальнай праз сваю смерць і Змёртвыхпаўстанне. Праз гэта Ён вывеў нас з краіны грахоўнай цемры і смерці і ўвёў у краіну святла, любові і жыцця. Езус кажа пра сябе, што Ён — святло свету, і хто ідзе за Ім, не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця (пар. Ян 8, 12). У гэтых словах крыецца пакліканне кожнага вучня Хрыста: атаясамліваючыся з Езусам і Яго стылем жыцця, ісці за Ім. Чынячы так, мы становімся адлюстраваннем Яго святасці і міласэрнасці, а таксама святлом свету і надзеяй для людзей, якія шукаюць сэнс свайго жыцця. Гэта заданне для кожнага хрысціяніна, а тым больш для кансэкраванай асобы. Езус сёння яшчэ раз нагадвае нам, што мы павінны быць святлом свету і наша святло павінна свяціць іншым (пар. Мц 5, 14–16). 5. Дарагія кансэкраваныя асобы! Сённяшні дзень малітваў у вашых інтэнцыях з аднаўленнем абяцанняў жыць паводле евангельскіх парадаў няхай стане выражэннем нашай удзячнасці за дар кансэкраванага жыцця. Без вас і вашага пасвячэння нельга было б уявіць магчымасць адраджэння і развіцця Касцёла ў нашай краіне. Кансэкраваныя асобы са сваімі харызмамі ўяўляюць сабой квітнеючы рознымі колерамі сад — інтэгральную частку Каталіцкага Касцёла. Няхай ён таксама стане новым натхненнем да далейшага ахвяравання свайго жыцця Богу, да сталага спаткання з Ім і да быцця святлом сучаснаму свету, які знаходзіцца ў грахоўнай цемры. Амэн. |