Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на XXIIІ Звычайную нядзелю, Год А

мінскі архікатэдральны касцёл, 4 верасня 2011 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Калі мы ўважліва слухалі Евангелле, то лёгка заўважым, што яно мае вельмі практычны характар. Пра жыццёвыя праблемы Езус размаўляе зразумелай чалавечай мовай.

У сённяшнім Евангеллі Хрыстус вучыць, што мы не павінны быць індыферэнтнымі адносна немаральнага жыцця іншага чалавека. Нашым абавязкам з’яўляецца яго папярэдзіць, што так паступаць нельга. Хрыстус, як выдатны педагог, вучыць, як гэта трэба чыніць. Найперш сказаць таму чалавеку, што паводзіць сябе нядобра. Потым, калі не паслухае, то папярэдзіць у прысутнасці сведкаў. І нарэшце, калі і гэта не дапамагае, то перадаць справу Касцёлу.

Трэба памятаць, што гэтае папярэджанне — не асуджэнне чалавека, але братэрская дапамога.

Акрамя абавязку папярэджання, Езус нагадвае часта і пра тое, што мы павінны дараваць правіны іншым людзям.

Мы добра ведаем, што ў штодзённым жыцці бываюць розныя складаныя сітуацыі, якія вядуць нават да напружанасці і непаразумення. Гэта нармальна, бо кожны чалавек мае свае ідэі і свой стыль жыцця. Найважнейшае тое, як мы гэта ўсё ўспрымаем. Ці ўмеем зразумець іншага чалавека? Ці здольныя прыняць яго меркаванне? Ці ўмеем яму прабачыць?

2. Успомнім Евангелле, дзе апостал Пётр пытаецца ў Езуса: колькі разоў трэба прабачыць, ці аж 7? Лічба 7 мае на ўвазе гатоўнасць прабачыць шмат разоў. Езус, аднак кажа, што не 7, але 77. Гэта азначае, што трэба прабачыць столькі разоў, колькі нехта нас пакрыўдзіць.

Гэта вялікая навіна Евангелля. Ужо не «вока за вока» і не «зуб за зуб», як гэта было ў Старым Запавеце, але любоў да канца. Нездарма Езус кажа, што калі хто цябе ўдарыў у правую шчаку, то падстаў яму і левую.

Усё гэта нагадвае пра тое, што хрысціянін у сваім жыцці не можа мець злосці ці нянавісці ў адносінах да іншага чалавека. Ён пакліканы яму дараваць, бо інакш не будзе сапраўдным сведкам Евангелля. Ад гэтага будзе залежаць, ці стане Евангелле магнітам, які прыцягвае да сябе людзей, ці наадварот — яно будзе іх адштурхоўваць. Успомнім жыццё першых хрысціян, аб якім нагадваюць Дзеі Апосталаў: паглядзіце, як яны любяць адно аднаго!

3. Мы, якія павінны быць жывымі старонкамі Евангелля, павінны памятаць аб гэтым. Галоўная праблема не ў тым, што паміж людзьмі паўстаюць непаразуменні, але ў тым, як іх вырашыць. І тут без здольнасці дараваць правіны іншаму не абысціся. Нездарма Езус у малітве «Ойча наш» кажа нам маліцца да нашага нябеснага Айца, каб нам дараваў нашы правіны, як і мы даруем іншым. Таму ўменне дараваць правіны іншым з’яўляецца варункам, каб Бог дараваў нам.

4. Нагадваючы пра абавязак дараваць вінаватым нашым, мы не павінны абмяжоўваць нашу рэлігію, бо трэба дараваць і нашым сябрам, што часам цяжэй, чым ворагам. Мы тады кажам: як магу дараваць таму, якому даверыўся, а ён мяне падвёў?

Мы шмат часу прысвячаем абвяшчэнню навучання Хрыста, што трэба дараваць нашым ворагам. Аднак каля нас знаходзяцца тыя, з якімі мы жывём, працуем, молімся ў касцёле, але ў той жа час мы часта не хочам іх бачыць і не можам ім дараваць. У такім выпадку наша рэлігія не нясе радасці, а мы самі губляем пачуццё нашай прыналежнасці да Божай сям’і.

5. Можа, часамі нам штосьці не ўдаецца, можа, нас не разумеюць іншыя, аднак мы не павінны здавацца. Апавядаюць, што былому прэм’еру Англіі Уінстану Чэрчылю нялёгка давалася вучоба ў школе. Але, нягледзячы на гэта, ён стаў прэм’ерам, і вельмі славутым. Аднойчы яго запрасілі з лекцыяй у Оксфардскі ўніверсітэт. І тады ён сказаў сваю славутую прамову, якая складалася толькі з трох слоў: «Never give up» — «Ніколі не здавайся».

Таксама і мы ніколі не павінны здавацца ў барацьбе, каб палепшыць адносіны з іншымі людзьмі. Адно народнае выслоўе кажа: імкніся да міру з людзьмі і вядзі вайну са сваімі грахамі.

6. А як у нас? Напэўна, часта наадварот. Калі б сцены нашых дамоў маглі б гаварыць, то яны расказалі б вельмі шмат аб тым, што мы думаем пра сваіх суседзяў, як мы іх асуджаем, чаго ім жадаем і г. д.

Мы таксама не любім крытыкі ў наш адрас і чакаем пахвалы. Аднак на самой справе найбольшая бяда ў тым, што пастаянная пахвала можа нас загубіць, а ў той жа час здаровая і прынятая чыстым сэрцам крытыка можа ўратаваць.

Калі былы прэзідэнт ЗША Біл Клінтан першы раз сустрэўся з Нэльсанам Мандэлай, барацьбітом з апартэідам, які потым стаў прэзідэнтам Паўднёвай Афрыканскай Рэспублікі, то ўспомніў эпізод, калі Мандэла быў выпушчаны з вязніцы. Тады, сказаў Клінтан, я а 3-й гадзіне ночы разбудзіў сваю дачку, каб была сведкам гэтага гістарычнага моманту. Аднак тое, што я ўбачыў, мяне вельмі занепакоіла. Тэлекамеры паказалі вельмі суровы і злы твар Мандэлы. «Чаму так было? — спытаўся Клінтан. — Бо гэта быў іншы Мандэла, чым той, якога я ведаю сёння».
 
Мандэла адказаў наступным чынам: «Калі я выходзіў з вязніцы, дзе правёў 27 гадоў, я думаў пра тое, што ў мяне забралі ўсё: сям’ю і сяброў. У мяне не засталося нічога. І сапраўды, тады я быў вельмі злы на іх. Аднак потым я пачуў унутраны голас: Мандэла, 27 гадоў ты быў іх вязнем, але ўвесь гэты час ты быў свабодны духам. Не дазволь цяпер, будучы свабодны целам, стацца іх духоўным вязнем».

Сапраўды, чалавек ніколі не будзе свабодны, калі не ўмее прабачыць.

7. Два браты, якія жылі па суседству, пачалі сварыцца паміж сабой. Малодшы нават выкапаў роў, каб старэйшы не мог зайсці да яго. Аднойчы ў дзверы дома старэйшага брата пастукаў майстар і спытаўся, ці няма для яго працы. «Так, ёсць, — пачуў ён у адказ. — Бачыш, вось мой брат выкапаў роў паміж нашымі дамамі. Не хачу яго нават бачыць, зрабі высокі плот». «Добра, — адказаў майстар. — Дзе дошкі і цвікі?» Майстар пайшоў працаваць, а гаспадар паехаў у горад. Калі вярнуўся, то не паверыў сваім вачам. Замест высокага плоту быў збудаваны мост, па якім да яго накіроўваўся малодшы брат. Яны абнялся пасярэдзіне мосту.

8. Дарагія браты і сёстры!

Калі завершыцца наша зямная пілігрымка і калі мы станем перад Богам, то трэба памятаць аб тым, што Ён не спытаецца, на якой машыне мы ездзілі, але ці дапамаглі патрабуючаму. Ён не спытаецца, наколькі вялікім быў наш дом, але як шмат людзей мы запрасілі туды. Ён не спытаецца, з якімі суседзямі мы жылі, але як мы да іх адносіліся. Ён не спытаецца, як многа платоў мы збудавалі, але колькі мастоў. Амэн.

Адноўлена 05.09.2011 16:48
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі