Гамілія арцыбіскупа Кандрусевіча на распачацце пілігрымкі ў Святую Зямлю |
мінская архікатэдра, 20 кастрычніка 2011 г. «Я ўсё прызнаю стратай і лічу смеццем, каб набыць Хрыста і знайсці сябе ў Ім» (Флп 3, 8–9). Дарагія браты і сёстры! Пілігрымы ў Святую Зямлю! Гэтыя словы прагучалі перад Евангеллем. З імі мы распачынаем пілігрымку ў Святую Зямлю і яны будуць спадарожнічаць нам. Гэта словы св. ап. Паўла з яго паслання да Філіпійцаў. Апостал народаў імі навучае верных, якімі яны павіны быць, што найперш павінна іх характарызаваць. З гэтых слоў ясна вынікае, што праграмай жыцця хрысціяніна павінен быць Хрыстус. Нас акружае свет, у якім многае захапляе чалавека. У сучасным свеце гэта імкненне любым коштам да багацця, улады, папулярнасці і прыемнасцяў. Гэта зачараванне нязгодным з Божай воляй сексуальным жыццём, што абагаўляецца сучаснай моладдзю. Гэта алкагалізм, наркаманія, разбэшчанасць, карупцыя, захапленне акультызмам і многае іншае. У той жа час св. Павел указвае на нешта іншае, на Хрыста, указвае тады, калі адбываўся жорсткі пераслед хрысціянства. Павел сам, яшчэ як Саўл, пераследаваў Касцёл і хрысціян. Аднак перад брамай Дамаска цудоўным чынам спаткаў Хрыста. Упаў з каня, аслеп, але вачыма веры ўбачыў Хрыста. Сёння, пасля двух тысячагоддзяў хрысціянства, яно з’яўляецца найбольш пераследуемай рэлігіяй у свеце. Яно пераследуецца не толькі ў краінах, дзе валадарыць фундаменталізм іншай рэлігіі, але пераследуецца і ў краінах з багатай хрысціянскай гісторыяй, з хрысціянскімі каранямі. Найперш у Еўропе, якая вырасла з хрысціянства. Сучасны лібералізм вырывае з душаў людскіх веру і будуе духоўную пустыню. Узгадваючы навяртанне Саўла, нам трэба ўпасці з каня нашай ганарлівасці, трэба спусціцца на зямлю і вачыма душы і сэрца ўбачыць Хрыста ўкрыжаванага і ўваскрослага. У гэтым нам павінна дапамагчы пілігрымка, якая распачынаецца. Мы накіроўваемся ў Святую Зямлю, у зямлю, асвечаную жыццём і дзейнасцю Хрыста. Гэта вялікая ласка — стаць на гэтую зямлю. Аднойчы ў аэрапорце Бен Гурыён у Тэль-Авіве я бачыў маладых амерыканскіх габрэяў, якія цалавалі зямлю. Гэта зямля іх продкаў. Мы таксама павінны, прынамсі маральна, цалаваць гэтую зямлю, бо яна сапраўды святая. Святая найперш тым, што ў ёй жыў, дзейнічаў і здзяйсняў справы збаўлення Хрыстус. Божы Провід дае нам магчымасць паставіць свае ногі на тыя ж месцы, дзе Ён іх ставіў. Калі чалавецтва захоўвае і ўшаноўвае дамы, дзе нарадзіліся і жылі знакамітыя людзі, тым больш мы павінны ўшаноўваць месца абвяшчэння Евангелля і месца нашага збаўлення. Галоўнай мэтай пілігрымкі будзе асвячэнне табліцы з малітвай «Ойча наш» на беларускай мове. Упершыню тэкст гэтай малітвы змешчаны на Святой Зямлі. Мы станем на тым месцы, дзе Хрыстус навучыў апосталаў і праз іх нас усіх гэтай малітве. Мы паўтараем яе кожны дзень. Але ці ўсведамляем мы сабе, што ёй нас навучыў Хрыстус? Ці усведамляем сабе, што яна павінна быць нашай галоўнай малітвай, бо сам Езус сказаў: калі моліцеся, то маліцеся гэтай малітвай. Менавіта таму гэтая малітва мае выключны характар і павінна змяняць нашы сэрцы, бо ў ёй знаходзіцца скарачэнне ўсяго Евангелля. Пілігрымка, якая распачынаецца, павінна стаць часам лепшага пазнання гісторыя збаўлення і ўмацавання нашай веры, што так патрэбна сучаснаму чалавеку. Нездарма Святы Айцец ужо абвясціў, што ў 50-ю гадавіну распачацця Другога Ватыканскага Сабору, 11 кастрычніка 2012 г., распачнецца Год веры. Божы Провід так справіў, што мы ўжо сёння ўключаемся ў гэтую праграму ўмацавання веры сучаснага чалавека, бо той, хто будзе верыць, будзе збаўлены. Пілігрымка – гэта не турыстычная паездка, а малітоўнае мерапрыемства. Няхай Божае благаслаўленне садзейнічае, каб прабыванне ў Святой Зямлі дапамагло нам рэалізаваць у нашым жыцці словы св. ап. Паўла: набыць Хрыста і знайсці сябе ў Ім, адзіным Збаўцы, учора, сёння і ва ўсе часы. Амэн. |
Адноўлена 20.10.2011 18:54 |