Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пілігрымка на Святую Зямлю. Дзень сёмы.
Беларусь
27.10.2011 14:41

Апошні, сёмы дзень пілігрымкі на Святую Зямлю, 27 кастрычніка 2011 г., быў прысвечаны наведванню горада Яфы. Гэта вельмі старажытны горад, заснаваны яшчэ ў XVIII ст. да нараджэння Хрыста. У Дзеях Апосталаў ён узгадваецца як горад, звязаны з дзейнасцю св. апостала Пятра, які менавіта тут уваскрасіў Тавіфу. Грабніца Тавіфы знаходзіцца на тэрыторыі Расійскай Духоўнай Місіі, дзе пабудавана царква імя св. Пятра і праведнай Тавіфы.

З Дзеяў Апосталаў таксама вядома, што з Яфы Пётр накіраваўся ў Кесарыю да сотніка Карнэлія. Гэтаму сотніку і яго сям’і апостал абвяшчаў Евангелле, у выніку чаго яны навярнуліся. Гэта вельмі важная з пункту гледжання распаўсюджвання хрысціянства падзея. Менавіта з навяртання сотніка Карнэлія і яго сям’і (а яны, як вядома, дагэтуль былі язычнікамі) пачалося распаўсюджванне Евангелля па-за межы першай габрэйска-хрысціянскай супольнасці.

Пілігрымы наведалі горад і касцёл св. Пятра, які знаходзіцца на цэнтральнай плошчы. Там цэлебравалася святая Імша. У гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, нагадаўшы пілігрымам пра дзейнасць св. Пятра ў гэтым горадзе, падкрэсліў два сутнасныя моманты.

Па-першае, уваскрашаючы Тавіфу, Пётр дзейнічаў дадзенай яму Божай моцай. Езус сказаў апосталам, што Яго іменем будуць чыніць цуды і нават уваскрашаць памерлых. Мітрапаліт прапанаваў паразважаць над цудам аздараўлення калекі каля Ерузалемскай святыні. Пётр разам з Янам выйшлі з храма і спаткалі калеку, які прасіў міласціну. Тады Пётр сказаў: «Золата і срэбра не маем, а тое, што маем, дадзім табе. Іменем Езуса Хрыста кажу табе: устань». І хворы ўстаў. Падобна было і з памерлай Тавіфай. Пётр сказаў: «Тавіфа! Устань. І яна расплюшчыла вочы свае і, убачыўшы Пятра, села» (пар. Дз 9, 40).

Па-другое, як адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч, Пётр, пакліканы Святым Духам, абвяшчае Евангелле язычнікам. Гэта было нешта новае. Многія думалі, што выслужанае Хрыстом збаўленне датычыць толькі выбранага народа. Аднак насамрэч гэта зусім не так. Езус сказаў апосталам: «Ідзіце і навучайце ўсе народы».

«Вялікі Архімед казаў: дайце мне кропку апоры, і я перавярну свет. Не перавярнуў, бо не мог знайсці такой кропкі апоры. Пётр і іншыя апосталы, абапіраючыся на Хрыста і Яго Евангелле, перавярнулі свет, бо напоўнілі яго новым зместам Божай моцы і Ягонай ласкі», — падкрэсліў Мітрапаліт.

Арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў пілігрымаў як мага больш актыўна ўдзельнічаць у распаўсюджванні Добрай Навіны, абараняць хрысціянскія каштоўнасці і на іх будаваць будучыню. Іерарх выказаў надзею, што духоўны плён пілігрымкі будзе спрыяць гэтаму заданню, і пажадаў пілігрымам памятаць аб перажытых на Святой Зямлі днях. «Гэта, — падкрэсліў Мітрапаліт, — былі дні вялікай Божай ласкі і сведчання Яго міласэрнасці, якая асабліва праявілася ў факце асвячэння табліцы з малітвай „Ойча наш” на беларускай мове».

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў пілігрымам за глыбокае малітоўнае перажыванне паломніцтва; словы ўдзячнасці скіраваў да гіда Яўгенія Давыдава, парафіяніна расійскай каталіцкай абшчыны ў г. Хайфа, за яго высокі прафесіяналізм, адукаванасць і ўменне надзвычай цікава і захапляльна весці пілігрымаў па Святой Зямлі; арганізатарам пілігрымкі, асабліва кс. Антонію Клімантовічу, на плечы якога лёг галоўны арганізацыйны цяжар, і спадарыні Але Аркадзьеўне. Іерарх таксама выказаў шчырую падзяку тым, дзякуючы каму аператыўна рыхтавалася і перадавалася інфармацыя на сайты www.catholiс.by і www.pater-noster.catholic.by: кс. Антонію Клімантовічу як фатографу; спадару Алегу Глекаву як фатографу і аператару па дасыланні тэкстаў і фотаздымкаў; спадырыні Аліне Новікавай і спадарыні Крыстыне Лялько як рэдактарам тэкстаў; спадарыні Галіне Гей, якая прымала ўдзел у апрацоўцы фотаздымкаў; спадару Віталію Палінеўскаму за стварэнне і суправаджэнне сайта пілігрымкі.

У сваю чаргу, пілігрымы выказалі самыя шчырыя словы ўдзячнасці Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу, старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу,  кс. Антонію Клімантовічу, кс. Антонію Гею і кс. Рышарду Пежхалу за духоўную апеку пілігрымкі, благаслаўленне і штодзённую Эўхарыстыю, за малітоўную напоўненасць кожнага дня.

У пілігрымаў засталася асаблівая ўдзячнасць Мітрапаліту Кандрусевічу за глыбокія і прачулыя гаміліі, пастырскія словы, разважанні, сведчанні, якія дапамаглі ўсім адчуць і зразумець гістарычную праўдзівасць, непераўзыдзеную важнасць і заўсёдную актуальнасць Хрыстовага Евангелля, якое стваралася на гэтай Святой Зямлі і жывыя старонкі якога пілігрымы мелі магчымасць прачытаць вачыма сэрцаў.

З удзячнасцю Богу за ўсе атрыманыя на Святой Зямлі ласкі пілігрымы вярталіся дадому.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.