Пілігрымка ў Святую Зямлю. Дзень другі. |
Беларусь |
23.10.2011 20:37 |
Другі дзень пілігрымкі распачаўся вельмі рана, калі пілігрымы выехалі на гару Благаслаўленняў. Пасля агляду гэтага святога месца, пілігрымы памаліліся, а мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у сваім слове нагадаў пра тое, што 8 благаслаўленняў, якія Хрыстус прамовіў з гэтага месца, з’яўляюцца арыенцірамі для хрысціянскага жыцця і шляхам да дасканаласці і шчаслівай вечнасці. Езус пакінуў гэтыя благаслаўленні нам, каб яны не заставаліся толькі ў Евангеллі, але каб мы імі жылі. Бо нашае заданне – быць святлом свету і соллю зямлі. Найцямней пад лямпай, – кажа прымаўка. Мы цяпер маем свабоду веравызнання, але часта жывем у духоўнай цемры. Сучасны свет таксама духоўна загнівае, і таму яму патрэбна соль Евангелля, каб уратавацца ад маральнай сапсаванасці. Іерарх пажадаў пілігрымам з усёй адказнасцю ўспрымаць вучэнне Хрыста і асабліва Яго 8 благаслаўленяў – як шлях да дасканаласці. Потым пілігрымы накіраваліся ў Табху, на бераг Галілейскага возера. Яны найперш наведалі месца цуду размнажэння хлябоў. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да пілігрымаў, нагадаў пра тое, што гэты цуд з’яўляецца запаведдзю ўстанаўлення Эўхарыстыі – хлеба жыцця вечнага. Яго Эксцэленцыя заклікаў вернікаў да жыцця Эўхарыстыяй, якая ўмацоўвае веру і дае новую надзею. Пасля Табхі пілігрымы наведалі Капернаум і дом св. Пятра, дзе Хрыстус прапаведваў слова Божае і чыніў цуд аздараўлення цешчы Пятра. Потым яны перайшлі ў сінагогу, дзе Хрыстус маліўся і навучаў. У слове да пілігрымаў мітрапаліт нагадаў пра тое, што і праз вякі камяні гэтай сінагогі прамаўляюць да нас і прыпамінаюць пра навуку Хрыста. Камяні зачыненых касцёлаў і цэркваў у былым СССР гэтаксама моцна прамаўлялі падчас пераследу веры і дапамагалі людзям быць вернымі Богу. Няхай жа і голас камянёў сінагогі ў Капернауме ўмацуе нашу веру і дапаможа быць заўсёды сведкамі жывога Хрыста. Святая Імша ў гэты дзень адбылася на тым месцы, дзе Хрыстус надаў права першынства апосталу Пятру. Эўхарыстыю ўзначаліў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, разам з ім св. Імшу канцэлебравалі Яго Эксцэленцыя біскуп А. Кашкевіч і святары-пілігрымы. Над алтаром, устаноўленым пад шатром на вуліцы, дзе адбывалася Літургія, змешчана фрэска з выяваю благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ. Пілігрымы ўспрынялі гэта як знак Божага Провіду, бо 22 кастрычніка ўпершыню ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца літургічны ўспамін гэтага благаслаўлёнага Папы. У гаміліі мітрапаліт Кандрусевіч звярнуўся да таго моманту Евангелля, дзе ў Цэзарэі Галілейскай Хрыстус запытаўся апосталаў, што пра Яго думаюць людзі, кім для іх Ён з’яўляецца? Хрыстус хацеў ведаць, як Яго ўспрымаюць людзі. Адказы былі розныя: як Яна Хрысціцеля або некага іншага з прарокаў. Тады Хрыстус спытаўся апосталаў, кім яны Яго лічаць. І тут на першае месца выходзіць Пётр. Ён кажа: Ты – Хрыстус, Сын Бога жывога. Такім чынам, Пётр першым вызнаў веру ў Езуса Хрыста як Сына Божага. За гэта Езус удзяліў яму права быць першым у Касцёле. Гэты тэкст Евангелля з’яўляецца фундаментальным у вучэнні аб Касцёле і адначасова найбольш спрэчным у адносінах з Праваслаўнай Царквой. З пункту гледжання Каталіцкага Касцёла можа быць толькі адзін чалавек, які займае першае месца ў Касцёле. З устанаўлення Хрыста – гэта Пётр. З пункту гледжання Праваслаўных Цэркваў, якіх сёння афіцыйна існуе пятнаццаць, усе Праваслаўныя Цэрквы аўтаномныя, і нават Канстацінопальскі Патрыярх мае толькі ганаровае першынство. Перад сваёй смерцю Хрыстус заклікаў хрысціянаў да еднасці. Ён казаў, каб усе былі адно. Але каб усе былі адным, павінен быць адзіны адпраўны пункт. Ім акурат і ёсць Пётр, які жыве ў сваіх наступніках – Рымскіх папаў. Каталіцкі Касцёл ужо больш за дзве тысячы гадоў кіруецца навучаннем наступніка св. Пятра. У гэтым – сіла Касцёла, бо ён заўсёды мае аднаго лідэра, вакол якога яднаюцца вернікі розных народаў, моваў і традыцый. Нягледзячы на гэта ўсе яны з’яўляюцца католікамі. Таму мы павінны быць удзячны Богу за ласку, што маем аднаго і адзінага лідэра – Папу Рымскага – які ў сваіх руках моцна трымае штурвал касцёльнага карабля і вядзе яго па бурлівым моры сучаснасці. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч таксама нагадўаў пра тое, што сёння ўпершыню адзначаецца дзень успаміну благаслаўлёнага Папы Яна Паўла II, які вельмі любіў Беларусь і які хацеў яе наведаць. Не было дадзена яму гэтага ўчыніць, аднак сёння ён духоўна ён сярод нас. Нагадваючы пра праблему першынства св. Пятра, менавіта Папа Ян Павел II у сваёй экуменічнай энцыкліцы “Ut unum sunt” – “Каб усе былі адно” прапанаваў усім хрысціянскім Касцёлам і супольнасцям сумеснае вывучэнне праблемы служэння наступніка св. Пятра. Тут трэба падкрэсліць, менавіта служэнне наступніка Пятра, а не дамінаванне. Нездарма Папа падпісваецца як “слуга слугаў Божых”. Тэалагічны дыялог паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнымі Цэрквамі акурат і займаецца праблемай служэння Пятра і дзякуй Богу, што гэты дыялог паспяхова развіваецца. Такім чынам вучэнне благаслаўлёнага Яна Паўла II рэалізуецца ў нашым жыцці. Мітрапаліт заклікаў пілігрымаў быць заўсёды вернымі Папу Рымскаму, бо ў гэтым сіла Каталіцкага Касцёла, і заклікаў адначасова маліцца аб еднасці хрысціянаў. Гэта асабліва важна перад выклікамі сучаснасці, каб разам супрацьстаяць гэтым выклікам і бараніць хрысціянскія каштоўнасці. Пасля св. Імшы пілігрымы разам са сваімі пастырамі ўшанавалі камень у святыні, што сімвалізуе апостала Пятра, як скалу, на якой Хрыстус збудаваў свой Касцёл. Далей на шляху пілігрымаў была рака Ярдан. На яе беразе пілігрымы аднавілі абяцанні сакрамэнту хросту і акунуліся ў святыя воды Ярдана. Прамаўляючы да іх, іерарх нагадаў, што менавіта ў Ярдане Езус прыняў хрост ад св. Яна Хрысціцеля. Пасля хросту Езус распачаў публічнае жыццё – сваё навучанне і абвяшчэнне Валадарства Божага. Гэты факт павінен нам нагадваць і пра наш хрост, дзякуючы якому мы сталіся членамі Касцёла. Іерарх заклікаў пілігрымаў, каб яны заўсёды, нягледзячы на спакусы і выклікі нашага часу, а таксама на адыход ад веры многіх людзей, заставаліся вернымі хрысціянскаму пакліканню і абяцанням сакрамэнту хросту. Хрысціянства – гэта вялікі і вельмі каштоўны дар, аднак у той жа час яно з’яўляецца і заданнем. На хрысціянства нельга глядзець толькі павярхоўна, яно павінна стаць часткай нашага жыцця. У другой палове дня пілігрымы наведалі прамысловы цэнтр Ізраіля – горад Хайфу, дзе знаходзіцца пячора, у якой прабываў прарок Ілля. Над гэтай пячорай узведзены кармелітанскі касцёл Stella maris – Зорка мора – ў гонар Марыі, якая прыходзіла маліцца сюды, на тое месца, дзе калісьці быў прарок Ілля. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у сваім слове, прамоўленым у касцёле Stella maris, нагадаў пілігрымам гісторыю прарока Іллі, які быў пасланы змагацца з фальшывымі прарокамі. Ён – сімвал моцнай веры ў аднаго Бога. Касцёл Stella maris увасабляе Марыю як зорку мора. Іерарх падкрэсліў, што сучасны чалавек у гэтым жыцці часта апынаецца ў бурлівым моры амаральнасці і розных спакусаў, таму трэба даверыцца Марыі, каб не згінуць у гэтым моры. Другі дзень пілігрымкі завяршыўся вячэрняй прагулкай на карабліку “Ярдан” па Галілейскім возеры. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў пілігрымам пра значэнне гэтага возера ў гісторыі збаўлення. Тут Езус навучаў, тут Ён паклікаў апосталаў з мясцовых рыбакоў, тут суцішваў буру, тут ішоў па хвалях да сваіх вучняў і тут сказаў Пятру адплысці на глыбіню, каб учыніць цудоўны ўлоў рыбы... Гэтаксама і Ян Павел ІІ на пачатку ХХІ стагоддзя заклікаў нас не баяцца адплысці на глыбіню. І таму арцыбіскуп Тадэвуш на гэтым святым возеры заахвоціў пілігрымаў услухацца ў голас благаслаўлёнага Папы, бо нам, хрысціянам, не выпадае пялёхацца на плыцізне, але трэба выплысці на глыбіню, а гэта азначае – стаць людзьмі моцнай веры... Сімвалічнай і прыгожай была супольная малітва пілігрымаў на “Ярдане”: яна нібы перанесла ўсіх нас у часы Езуса.
|
Фотарэпартаж |