22 студзеня 2012 г., мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі
1. Дарагія браты і сёстры!
Звычайны вучань у школе з урокаў фізікі ведае, што калі на нейкае цела, якое знаходзіцца ў руху, не дзейнічае ніякая сіла або дзейнічаюць роўныя процілеглыя сілы, то яно працягвае рухацца ў тым самым напрамку. Калі гэты прынцып дынамікі аднесці да духоўнага жыцця, то можна сцвердзіць, што калі існаванне чалавека не акрэсліваецца ніякімі каштоўнасцямі або на яго ўдзейнічаюць у роўнай меры і зло, і дабро, то яго жыццё не рэалізуецца, а толькі проста «цячэ» ці «коціцца». Маючы на ўвазе тое, што чалавечая прырода падвержана першароднаму граху, гэтае «скочванне» становіцца «скочваннем» у балота зла. Біблейскім сімвалам гэтага стала Нініва, аб якой распавядае першае чытанне. Вялікі горад стаў горадам граху, і Божая кара навісла над ім. Аднак вялікі ў сваёй міласэрнасці Бог даў жыхарам Нінівы шанс пазбегнуць знішчэння. Умовай было навяртанне.
Таму Нініва, з’яўляючыся знакам амаральнага «скочвання», у той жа час стала знакам навяртання, бо яе жыхары адвярнуліся ад злога шляху і сталі на шлях Божы. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што на «цела» Нінівы, якое «скочвалася», у пэўны момант пачала дзейнічаць новая дадатковая сіла, якой сталі словы прарока Ёны, праз якога прамаўляў сам Бог. Гісторыя Нінівы, якая «скочвалася» да знішчэння, змяніла свой напрамак. Навяртанне захавала яе ад маральнага ўпадку, за якім ішло знішчэнне, і дазволіла падымацца ўверх да дасканаласці.
2. Калі «настаў час», як кажа сённяшняе Евангелле, Бог даў ласку навяртання ўсім народам. На людзей, жыццё якіх «скочвалася» ў бок граху або працякала ў коле прыземленай і малой стабільнасці, пачала дзейнічаць новая сіла, а менавіта сіла слова Езуса Хрыста, які заклікаў да навяртання, бо наблізілася Валадарства Божае.
Моц гэтых слоў была бязмерна вялікай. Галілейскія рыбакі, жыццё якіх было звязана з рыбацкімі сеткамі, адразу іх пакінулі і пайшлі за Хрыстом. Яны зразумелі, што быць рыбакамі людзей азначае значна большае, чым толькі лавіць рыбу. Адарванне ад рыбацкіх сетак было для іх пачаткам шляху да дасканаласці, бо чалавечая асоба значна важнейшая за самуя лепшую рыбу ці нейкую нават вельмі каштоўную рэч. Дзеля гэтага апосталы пакінулі сваіх блізкіх і пайшлі за Езусам.
3. «Пакінуць» не азначае «перастаць любіць». Пакінуць можа таксама азначаць магчымасць вярнуцца больш любячым і ўзбагачаным досведам і Божай ласкай. Адзін пустэльнік любіў паўтараць: «Няхай маё такое балеснае для мяне адарванне ад свету ўчыніць яго лепшым і прыгажэйшым». Здаецца, што найбольш важным у гэтым сказе з’яўляецца слова «балеснае». Не ўчыніць свет лепшым адарванне ад яго з мэтай вызвалення ад цяжару жыцця і абавязкаў і пошуку выгодаў. Не ўчыніць іншага чалавека лепшым адыход ад яго з мэтай вызвалення ад абавязкаў адносна яго, напрыклад, догляду хворага ці старога.
Адарванне ад свету і людзей толькі тады мае збаўчы сэнс, калі з’яўляецца ахвярай, сведчаннем навяртання або зваротам да вышэйшых каштоўнасцяў. Жывучы ў свеце, мы павінны памятаць аб тым, што пакліканы да вышэйшых духоўных справаў. Таму справы гэтага свету не павінны заглушаць справаў духоўных.
4. Сучасны чалавек, на жаль, вельмі моцна звязаны з матэрыяльнымі справамі і рэчамі, і яны валодаюць ім. Ён забываецца аб тым, што павінен кіравацца прынцыпам не мець, але быць. А менавіта быць дзіцём Божым з усімі выплываючымі з гэтага абавязкамі і прывілеямі.
Сёння многія карыстаюцца камп’ютарам, пішуць электронныя лісты і г.д. Пішучы такія лісты і перасылаючы інфармацыю, мы часта карыстаемся так званым «attachment». Мы прыкладаем да нашага паведамлення свой ліст. Падобна і ў жыцці: нашы зямныя справы і зацікаўленасці, сучасная матэрыялізацыя, пошук задавальненняў і г.д. з’яўляюцца тым «attachment», без якога мы не можам і не ўмеем жыць.
Гэта балячка сучаснага свету, якая вельмі садзейнічае «скочванню» нашага жыцця ў амаральнае балота.
5. Італьянскі кардынал Карло Марыя Марціні часта гаворыць аб выкліках евангелізацыі ў вялікіх гарадах, дзе найбольш праяўляецца дух секулярызацыі. Кардынал Марціні пры гэтым звяртае ўвагу на тое, што секулярны горад існуе ў нас саміх. Ён не існаваў бы звонку, калі б не быў у нашых сэрцах. Езус кажа, што менавіта ў сэрцы чалавека нараджаюцца злыя думкі і ўчынкі. Не было б гарадоў бязвер’я і абыякавасці, калі б мы не насілі іх у нашых сэрцах. На жаль, сучасныя хрысціяне носяць у сабе ўсведамленне вялікага, поўнага гоману, ананімнасці, спешкі, недахопу спачування і пачуцця святасці гораду. Ёсць і шмат ананімных вернікаў, злучаных з Касцёлам толькі пасведчаннем хросту, а не жывой верай.
Нехта можа сказаць: маўляў, калісьці быў Езус, які прамовіў да галілейскіх рыбакоў, і яны пакінулі ўсё і пайшлі за Ім, каб духоўна ўдасканаліцца. Гэта праўда. Аднак праўда і тое, што яны пайшлі не толькі каб самім удасканаліцца, але і каб ад імя Езуса і Ягонай моцай абвяшчаць вечна жывое Божае слова, якое з’яўляецца крыніцай кожнага навяртання. Іх місію сёння працягваюць біскупы і святары. Менавіта яны, дзейнічаючы ад імя Хрыста, абвяшчаюць Яго слова. Праблема толькі ў тым, як мы яго ўспрымаем.
6. Андрэй і Сымон, пачуўшы голас клічучага іх Хрыста, адразу пакінулі свае сеткі і пайшлі за Ім. Сеткі служаць для таго, каб лавіць рыбу. Але сеткі таксама могуць быць і сімвалам граху. Нездарма мы кажам, што той ці іншы чалавек заблытаўся ў сетцы алкагалізму, наркаманіі, мафіі, распусты і г.д. Таму сеткі могуць сімвалізаваць грахоўнае рабства. Мы ведаем, як цяжка выбрацца з сеткі, калі нехта там заблытаецца. Нялёгка таксама выбрацца і з грахоўнай пасткі.
Галілейскія рыбакі, пачуўшы слова Езуса, выбраліся з іх і, навярнуўшыся самі, навярталі іншых. Таксама і мы павінны чыніць. Гісторыя галілейскіх рыбакоў павінна стаць нашай гісторыяй. Таму паглядзі, дарагі брат і сястра, у чым ты заблытаўся? У якіх сетках знаходзішся? Не могуць быць імі толькі сеткі мабільных тэлефонаў ці Інтэрнэту, хоць гэта таксама вялікая і актуальная сучасная праблема. Імі могуць быць таксама сеткі зняволення нашых грэшных пачуццяў, сеткі карупцыі, сеткі сужэнскай нявернасці, сеткі алкагалізму ці наркотыкаў, сеткі нязгоднага з Божым законам сексу, сеткі хлусні, сеткі роспачы, сеткі здрады сваёй веры і г.д.
Езус, кажучы, што «настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле», запрашае нас да вызвалення з гэтых сетак. Дастаткова добрай споведзі, дастаткова знайсці апостала, якога сам Бог вылавіў з бушуючага мора, каб мог лавіць іншых для Валадарства Божага. Ніхто з людзей сам не можа вызваліцца з гэтых сетак. Маючы ўражанне, што чалавек сам ловіць, ён не ўсведамляе таго, што на самой справе з’яўляецца ахвярай. Напэўна, Сымон і Андрэй і далей сядзелі б над возерам, калі б не моцныя словы Хрыста. Гэта Ён выцягнуў іх з гэтых сетак і толькі Ён можа выцягнуць нас моцай сваіх слоў і моцай свайго прабачэння. Дарагі брат і сястра, дай шанс Богу, каб мог прамовіць да цябе, бо сеці слоў Божых могуць выцягнуць цябе з самай цёмнай глыбіні граху. Амэн.
|