Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на XXV Звычайную нядзелю, Год В

23 верасня 2012 г.

Служыць людзям

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. У сённяшнім Евангеллі мы пачулі, можа, вельмі незразумелыя для сучаснага чалавека словы: «Калі хто хоча быць першым, павінен быць апошнім». Уся гісторыя чалавецтва — гэта гісторыя змагання за тое, каб быць першым. Нават у раі д’ябал, калі спакушаў першых нашых бацькоў, казаў: «З’ешце з дрэва пазнання дабра і зла, і будзеце падобнымі да Бога».

Так ужо ёсць у жыцці, што кожны імкнецца быць першым — у школе, універсітэце, на працы, у навуцы, спорце і г.д. Гэта натуральна і тут няма чаго дзівіцца. Імкненне перамагчы, быць першым, стаць чэмпіёнам спрыяе развіццю як самога чалавека, так і жыцця.

Усе мы добра ведаем закон Архімеда: на пагружанае ў ваду цела дзейнічае выштурхваючая сіла, роўная вазе выцесненай ім вады. Гэты прынцып у нейкім сэнсе можна дастасаваць і да чалавека. У нас саміх, пагружаных сярод іншых людзей, дзейнічае нейкая сіла, якая імкнецца паставіць нас вышэй за іншых. Калі б мы маглі ўявіць усё чалавецтва, сабранае разам, то здаецца, што кожны становіцца на дыбачкі, каб толькі быць вышэй за іншых, і як быццам кажа: «Я тут ёсць, я прысутнічаю сярод вас, вы павінны мяне бачыць». Праўда ў тым, што мы баімся застацца незаўважанымі.

У сучасным свеце гэтая тэндэнцыя нарастае з кожным днём і нават прымае абсурдныя формы. Чаго толькі людзі не выдумваюць, якіх толькі спаборніцтваў не праводзяць, каб толькі іх заўважылі. Хто больш з’есць сала, спячэ самы вялікі торт, найхутчэй прабяжыць 100 метраў на карачках ці марафон задам наперад і г.д. Што толькі людзі не робяць, каб быць лепшымі за іншых. Усе імкнуцца трапіць у кнігу рэкордаў Гінеса.

2. Таму зразумела, што многія задаюць сабе пытанне: «Што думаць у адносінах да слоў Езуса: каб быць першым, неабходна стаць апошнім?» Можа, Езус асуджае імкненне чыніць вялікія рэчы ў жыцці дзеля таго, каб быць першым? Так меркаваў ідэолаг нацызму Фрыдрых Ніцшэ. Менавіта ён, заклікаючы да імкнення да ўлады над іншымі і да выхавання суперчалавека, абвінавачваў хрысціянства ў тым, што яно ўвяло ў свет рак пакоры і адмовы ад першынства.

Не адзін можа падумаць, што словы Езуса, якія заахвочваюць быць апошнімі, асуджаюць старанні ў развіцці навукі, тэхнікі, спорту, культуры, эканомікі і г.д. На самой справе гэта зусім не так. Тут не асуджаецца ні канкурэнцыя, ні імкненне да перамогі. Калі ўсё адбываецца ў межах справядлівасці і захавання этычных прынцыпаў, то служыць як дабру чалавека, так і дабру грамадства. Хрыстус не забараняе імкнуцца да перамогі і першынства. Гэта не грэх, і такое імкненне не забаронена. Хрыстус толькі кажа, што імкненне быць першым не павінна чыніцца коштам іншых. Таму Ён дадае, што каб быць першым, неабходна стаць апошнім і слугою ўсіх. Такім чынам, паводле Езуса, шлях уніз становіцца шляхам уверх.

«Парадокс», — скажа нехта. Але гэты парадокс становіцца рэальнасцю. Нездарма Езус кажа: «Першыя стануць апошнімі, а апошнія — першымі».

У адной фірме шукалі кандыдата на вельмі адказную пасаду. 50 чалавек прадставілі свае кандыдатуры. Камісія з іх адабрала толькі 5. Асабіста размова з імі не дала нікому перамогі. Тады нехта запрапанаваў спытацца ў вахцёра, што ён думае аб гэтых кандыдатах. Такім чынам быў выбраны адпаведны кандыдат, які быў не толькі добрым спецыялістам, але і проста чалавекам, здольным размаўляць з іншымі, з самымі малымі ў махіне вялікай фірмы, якімі ёсць вахцёры, і ўвайсці ў іх сітуацыю. І ён спраўдзіўся на новай пасадзе.

3. Да чаго вядзе неўпарадкаванае імкненне да першынства? Нярэдка ў такім выпадку адзін дамінуе, а іншыя яму служаць. У той жа час праз служэнне іншым усе атрымліваюць карысць. Хто вялікі ў служэнні — той сам становіцца вялікім і такімі чыніць іншых. Замест таго, каб самому ўзвышацца над іншымі, ён узвышае іншых разам з сабой.

Вельмі добрым прыкладам з’яўляцца благаслаўлёная Маці Тэрэза з Калькуты. Яна сваім жыццём споўніла словы Хрыста, які сказаў пра сябе, што не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць самому. Праз сваё бескарыснае служэнне бяднейшым з бедных яна стала вядомай усяму свету і нават стала яго благаслаўленнем.

4. Святы апостал Павел кажа, што на стадыёне бягуць многія, але пераможцам становіцца адзін. Калі мы глядзім спартыўныя спаборніцтвы, то бачым, што пасля іх уся ўвага звернута на пераможцу. Аб іншых ужо не памятаюць. Такой з’яўляецца логіка спорту, дзе перамагае адзін, у той час як іншыя застаюцца расчараванымі і прыніжанымі. Аднак гэтае параўнанне святога апостала Паўла мае ў сабе і пазітыўны аспект. Апостал народаў кажа: «Глядзіце, якія ахвяры нясуць у сабе атлеты, каб толькі перамагчы і атрымаць часовую ўзнагароду! Ці мы не павінны чыніць падобнае, каб атрымаць вечную ўзнагароду?»

Слова «слуга» можа мець падвойнае значэнне — пазітыўнае і негатыўнае. Будучы пасіўным, яно мае негатыўнае значэнне, бо азначае залежнасць ад кагосьці. Аднак будучы актыўным, яно мае пазітыўнае значэнне, бо азначае таго, які заўсёды гатовы прыйсці з дапамогай для іншых і ахвяруецца дзеля іх дабра. Менавіта ў гэтым значэнні Хрыстус ужывае слова «служыць».

5. Хрысціянскае служэнне павінна браць прыклад з Хрыста, які прыйшоў, каб служыць іншым. Ён пакінуў нам добры прыклад, асабліва падчас Апошняй Вячэры, калі абмыў ногі апосталам. Таму мы павінны ў штодзённым жыцці практыкаваць паводле Яго прыкладу ахвярнае служэнне іншым. Супрацьлегласцю евангельскаму духу служэння з’яўляецца імкненне навязаць іншым сваю волю, свой аўтарытарызм. Гэта не дух служэння, а дух панавання.

6. 21 верасня 2007 г. папа Бэнэдыкт XVI прызначыў мяне Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам. Апошнія 5 гадоў я ізноў з вамі. Увесь гэты час я стараўся служыць Богу, Касцёлу і людзям у духу думкі сённяшняга Евангелля. Калі не заўсёды гэта ўдавалася, то прашу прабачэння ў вас і Бога. Пры гэтым хачу заверыць, што заўсёды кіраваўся толькі дабром Касцёла і бараніў яго інтарэсы. Мы разам змаглі прадоўжыць яго развіццё, хаця і не ўсё ўдалося. За гэты час толькі ў Мінску да 4 існуючых касцёлаў і 2 капліц дадаліся яшчэ 3 новыя капліцы; да дзвюх пляцаў пад будову новых касцёлаў дадаліся яшчэ 7; будуюцца 4 касцёлы, хаця ў часы эканамічнага крызісу гэта вельмі цяжкка. Колькасць святароў у архідыяцэзіі за гэты час павялічылася на 25% і на сённяшні дзень складае 126. Колькасць семінарыстаў таксама павялічылася амаль што ў два разы — 25 супраць 13. Выдадзены фундаментальныя кнігі, якімі з’яўляюцца Дакументы Другога Ватыканскага Сабору, Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла і Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла, а таксама падручнікі па катэхізацыі. Касцёл сёння даволі шырока прадстаўлены на тэлебачанні і радыё. Кожны месяц у сярэднім на цэнтральным тэлебачанні Касцёл мае каля 3 гадзін часу. Развіліся і працягваюць развівацца каталіцкія медыя, як новы спосаб евангелізацыі. У мінулым годзе на Святой Зямлі была ўсталявана табліца з малітвай «Ойча наш» на беларускай мове.

Усё гэта і многае іншае ўдалося ажыццявіць пры супрацоўніцтве і падтрымцы біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў, якім бязмежна ўдзячны.

Дзякуючы Богу за 5 гадоў служэння Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам, прашу вас аб малітве ў маіх інтэнцыях, каб у духу евангельскага служэння мог далей навучаць, асвячаць і кіраваць давераным маёй пастырскай апецы Народам Божым на хвалу Пана і для збаўлення людзей. Амэн.

Адноўлена 23.09.2012 14:43
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі