4 лістапада 2012 г., мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі
Дарагія браты і сёстры!
1. Вялікі духоўны мысліцель Фёдар Дастаеўскі ў сваім рамане «Браты Карамазавы» апісвае вельмі павучальную гісторыю пра эгаістычную жанчыну. На страшным судзе яна была пакарана карай пекла. Але анёл ахоўнік заступіўся за яе, звярнуўшыся да Бога з наступнымі словамі: «Пане Божа, яна аднойчы дала беднаму галоўку часнаку». Бог злітаваўся над ёй і наказаў, каб яе выцягнулі з пекла з дапамогай галоўкі часнаку. Жанчына ўхапілася за яе і так падымалася ўверх. Людзі, якія знаходзіліся ў пекле, у сваю чаргу ўхапіліся за яе ногі, спадзеючыся такім чынам выбрацца. Аднак эгаістычная жанчына нагамі адбівалася ад іх і крычыла: «Не, толькі я сама!» Чынячы так, яна сама адарвалася ад галоўкі часнаку і ўпала ў пекла. Такім чынам, яе эгаістычная любoў да сябе не дазволіла ёй трапіць у неба.
2. Як бачна, Дастаеўскі амаль што літаральна засвоіў сённяшняе Евангелле, у якім Езус навучае, што першай і галоўнай запаведдзю ёсць любіць Бога ўсім сэрцам, усёю душой і ўсім розумам, а другой — любіць бліжнага як самога сябе. Паводле Дастаеўскага, Езус, калі навучаў любіць бліжняга, нават які варожа ставіцца да нас, не казаў нам адбівацца ад яго нагамі, але ісці да яго. Любоў да бліжняга не можа абмяжоўвацца прыгожымі аповедамі, але павінна рэалізоўвацца ў жыцці. Людзі, што знаходзяцца ў патрэбе, як быццам крычаць: «Я чакаю не толькі вашай сімпатыі і малітвы, але канкрэтнай дапамогі». Вялікі ірландскі пісьменнік Бернард Шоў пісаў: «Сцеражыся чалавека, у якога Бог ёсць толькі на нябёсах».
Адна гісторыя распавядае пра тое, як законніца занесла ежу галадаючай сям’і. Маці гэтай сям’і на хвіліну знікла з ежай, і калі вярнулася, ежы было напалову менш. Пры гэтым яна сказала: «Нашы суседзі таксама галодныя». Сама патрабуючая ежы, яна падзялілася і з падобнымі да яе.
Наша ўвага да патрабуючых не павінна канцэнтравацца толькі на тых, якія, калі так можна выказацца, заслугоўваюць дапамогі, гэта азначае зусім бедныя. Езус ніколі не дзяліў на вельмі патрабуючых і менш патрабуючых, Ён заахвочваў дапамагаць усім патрабуючым.
Памерлы пяць гадоў таму амерыканскі пісьменнік Курт Воннігут пісаў: «Ёсць толькі адзін закон: ты павінен быць добрым». Хрыстус сваім жыццём адказаў на пытанне: «Хто твой бліжні?» Чалавек можа казаць, што ён не ведае, хто яго бліжні, але так не павінна быць, бо закон аб любові да бліжняга ўпісаны Богам ў нашыя сэрцы. Нездарма благаслаўлёная Маці Тэрэза з Калькуты казала, што мы можам гаварыць пра Бога наступнымі словамі: «Чыні гэта для Мяне» (пар. Мц 25, 40).
Суайчыннік Езуса рабін Гіллель гэтую самую праўду прадставіў іншым чынам. Адзін з яго вучняў папрасіў прадставіць увесь Божы закон падчас таго, калі ён будзе стаяць толькі на адной назе. Рабін падняў правую нагу ўверх і сказаў: «Не рабі іншаму таго, чаго ты не хочаш самому сабе. Гэта ўвесь закон. Усё іншае — гэта толькі каментарый да яго. Ідзі і вучыся». Рабін апусціў нагу на зямлю і засмяяўся здзіўленым вучням. 3. Цудоўнасць Евангелля ў тым, што будучы нялёгкім для практычнага выканання, у той жа час яно з’яўляецца вельмі зразумелым нават для дзяцей. Евангелле, навучаючы аб любові да бліжняга, прыпамінае нам, што мы можам мець шмат тэалагічных ведаў, але не дасягнуць збаўлення, калі не будзем практыкаваць у жыцці закон любові да бліжняга.
Езус вучыць, што мы павінны любіць бліжняга, як самога сябе. Псіхіятры кажуць, што адной з прычын, чаму чалавеку цяжка любіць бліжняга, з’яўляецца тое, што ён не любіць самога сябе. Старая лацінская прыказка вучыць, што любоў да бліжняга распачынаецца ад самога сябе. Калі мы духоўна разбіты, калі наша сэрца і розум знаходзяцца ў стадыі вайны, тады мы пераносім гэты стан на адносіны з іншымі. Таму нельга любіць бліжняга, калі мы не любім сябе саміх. Гэтая тэорыя можа растлумачыць, чаму насілле і варожасць адно да аднаго сталі звыклымі ў сучаснай культуры. У XX стагоддзі ў свеце адбылося 165 войнаў, амаль дзве вайны ў год, у якіх загінула 160 мільёнаў чалавек.
У той жа час, калі мы з’яднаны, калі ў нашых душах пануе супакой, то тады мы можам адносіцца да іншых так, як адносімся да саміх сябе.
У пошуках гэтага ўнутранага супакою людзі звяртаюцца да розных знахароў і лекараў, уступаюць у секты і падымаюцца высока ў горы, каб пачуць словы мудрасці ад розных гуру. Аднак усё, што нам патрэбна, — гэта словы сённяшняга Евангелля. Супакой прыходзіць ад любячага Бога і праз нас перадаецца бліжнім.
4. Таму, нагадваючы аб любові да бліжняга, нам неабходна вучыцца быць фанатамі саміх сябе. Не толькі фанатамі музыкі, футболу альбо хакею, але саміх сябе ў добрым сэнсе гэтага слова, фанатамі, у сэрцы якіх ёсць Хрыстус. Асабліва гэта датычыць маладых, якія губляюць сэнс жыцця і павагу да яго. Толькі тады мы зможам убачыць мудрасць у словах: «Не будзьце толькі хрысціянамі, але будзьце Хрыстамі». Або, як казаў Леў Талстой: «Кожны з нас павінен быць Хрыстом у мініяцюры». Напэўна, Езус быў бы вельмі задаволены, калі б так атрымалася з намі.
Хрысціянства — гэта не рэлігія «мяне самога», але «нас усіх». Мы пакліканы перадаць іншым пяць евангельскіх хлябоў і дзве рыбы з верай, што Бог размножыць наш дар. У бедных сем’ях Лацінскай Амерыкі людзі вітаюць госця наступнымі словамі: «Estas in tu casa» — «Вы ў сваім доме». Тым нямногім, што яны маюць, яны дзеляцца з іншымі.
Адзін вядомы сучасны тэолаг, Карл Барт, пасля таго як напісаў многа кніг пра Бога, прывёў наступную Яго дэфініцыю: «Бог — гэта адзіны, хто любіць мяне». Ці аб нашых адносінах да бліжняга можна сказаць тое ж самае? Бо гэта гарантыя таго, што Хрыстус скажа нам словы сённяшняга Евангелля: «Вы недалёка ад Валадарства Божага». Амэн.
|