27 студзеня 2013 г., мінскі архікатэральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Чытанні, якія Касцёл прапануе нашай увазе на ІІІ Звычайную нядзелю, нагадваюць пра Божы закон і зыходзячыя з яго нормы паводзінаў чалавека.
У сувязі з гэтым карысным здаецца прыклад аднага кляштара з вельмі суровай рэгулай. Калі ў гэты кляштар прыйшоў адзін малады чалавек, то яму было сказана, што правілы прабывання ў ім вельмі суровыя і законнікі не маюць нават права размаўляць паміж сабой. Ім дазваляецца толькі раз у пяць гадоў сказаць два словы. Цягам пяці гадоў яны могуць думаць, што скажуць.
Мінула першыя пяць гадоў, і абат, паклікаўшы гэтага манаха, спытаўся, што ён хацеў бы сказаць. Манах адказаў: «Халодная ежа». «Добра, — сказаў яму абат. — Цяпер маўчы наступныя пяць гадоў, калі ізноў табе будзе дадзены дазвол сказаць наступныя два словы».
Праз пяць гадоў абат ізноў спытаўся ў манаха, якія два словы ён хацеў бы сказаць. Манах адказаў: «Ложак цвёрды». «Добра, — сказаў заклапочаны абат. — Чакай наступныя пяць гадоў».
Мінуў вызначаны час, абат паклікаў манаха і сказаў яму, што цяпер ён можа прамовіць наступныя два словы. Манах сказаў: «Я маўчу». Абат на гэта адказаў: «Нічога дзіўнага, перад гэтым ты заўсёды толькі скардзіўся — то ежа халодная, то ложак цвёрды, — таму прыйшоў час і памаўчаць».
2. У першым сённяшнім чытанні прарок Эздра прадстаўляе Божы закон і яго тлумачыць. Эздра і Нээмія кажуць людзям, што дзень, які яны святкуюць, з’яўляецца святым, і таму трэба радавацца. З гэтых слоў мы павінны зрабіць выснову, што Божы закон нясе не смутак, а радасць.
Евангелле прадстаўляе Езуса, які моліцца ў сінагозе свайго роднага горада Назарэта, дзе ўсе Яго добра ведалі. Яму падалі кнігу прарока Ісаі, з якой Ён прачытаў словы гэтага прарока: «Дух Пана на Мне, бо ён намасціў Мяне абвяшчаць год ласкі Пана».
Як першае, так і другое чытанні нагадваюць, што Божы закон, гэта азначае Божае слова, павінен быць прыняты з радасцю, а не смуткам. Божы закон прадстаўляецца не як абмяжоўваючы, але як вызваляючы і прыносячы свабоду.
3. Цяпер давайце будзем сумленнымі адносна саміх сябе. Справа не толькі ў тым, як мы адносімся да Божага закону і навучання Касцёла, але ў тым, ці мы разумеем тую радасць і свабоду, якую атрымліваем, калі захоўваем маральныя нормы ў нашым жыцці.
У наш час многія людзі дамагаюцца свабоды. Сапраўды, свабода — гэта вялікі дар, але адначасова і заданне. Сапраўдная, прынятая ў духу Евангелля свабода вядзе да шчасця. Але ці можна назваць, напрыклад, сям’ю шчаслівай, калі ў імя свабоды сужэнец не захоўвае сужэнскай вернасці? Калі незахаванне закону вядзе да шчасця, як думаюць некаторыя, то тады чаму так шмат суіцыдаў сярод геданістаў? Калі, як здаецца некаторым, маральны закон вельмі жорсткі, чаму тады самыя шчаслівыя ў свеце людзі менавіта тыя, якія жывуць паводле яго? Паглядзім на сясцёр Маці Тэрэзы з Калькуты, якія прысвяцілі сябе служэнню бяднейшым з бедных. Якой радасцю свецяцца іх вочы!
Аднойчы група маладых людзей наведвала розныя гістарычныя мясціны. Наведалі яны і адзін кляштар, дзе жылі кляўзуровыя сёстры. Госці паразмаўлялі з імі праз краты і далей паехалі аўтобусам. У аўтобусе панавала цішыня. Усе былі пад вельмі вялікім уражаннем ад убачанага. Потым, як гэта часта бывае, знайшоўся нехта, хто пачаў смяяцца з сясцёр. Іншы казаў, якія яны маладыя і прыгожыя, і самі сябе замкнулі ў кляшторнай вязніцы. Словам, паступова ўся кампанія пачала асуджаць законніц, што, маўляў, змарнавалі сабе жыццё. У той жа час адзін малады хлопец працягваў сядзець ціха і не адгукаўся. Тады іншыя звярнулі на яго ўвагу і пачалі нават смяяцца з яго. Хлопец адказаў: «Вы сабе смейцеся, але я перакананы, што гэтыя законніцы больш шчаслівыя за нас усіх». Тады ўвесь аўтобус замаўчаў.
Возьмем закон трапістаў. Рэгула іх жыцця вельмі суровая. Яны павінны ўставаць апоўначы. Іх час падзелены на працу і малітву. Іх ежа вельмі абмежавана. Яны складаюць Богу шлюб маўчання. У той жа час яны шчаслівыя, і такімі іх чыніць паслухмянасць Божаму закону і манаскай рэгуле. Напэўна, сярод іх не можа быць таго манаха, які казаў, што ежа халодная і ложак цвёрды.
4. Аднак у сучасным свеце так шмат цёмных завулкаў, неахайных раёнаў гарадоў з секс-клубамі і свабодным стылем жыцця. Як шмат людзей менавіта там парушаюць усе магчымыя кодэксы захавання! Але ці яны шчаслівыя? Можа, толькі ў кіно. А на самой справе яны знаходзяцца ў глыбокай дэпрэсіі. Адзін святар распавёў наступную гісторыю. Каля касцёла, дзе ён служыў, ён напаткаў маладую цяжарную дзяўчыну. Было бачна, што яна вельмі заклапочана. Святар спытаў, ці можа чымсьці дапамагчы. Яна адказала, што знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі і шукае дапамогі. Пры гэтым дадала: «Я магла б зрабіць аборт, як гэта робяць сяброўкі, але гэта было б несправядліва адносна жыцця, якое я нашу ў сабе». Не кара за аборт устрымлівала яе ад гэтага дзеяння, але радасць з таго, што мае магчымасць дазволіць новаму жыццю ўбачыць свет. Сапраўды, Божы закон нясе радасць.
5. Вельмі часта сучасны свет прадстаўляе католікаў як людзей, якія церпяць ад радыкальнага Божага і касцёльнага закону. Але гэта зусім не так. На самой справе няхай хтосьці пакажа чалавека, які жыве паводле Божага закону і не з’яўляецца шчаслівым. Хто выбірае шлях Божага закону, той шчаслівы, бо гэты закон патрабуе нашага самакантролю і дазваляе, каб Божая любоў стала матывацыяй нашага жыцця. Самая вялікая хлусня нашага часу заключаецца ў тым, што можна знайсці шчасце без Бога. Такое шчасце — гэта не што іншае, як толькі падманлівая дапамога зламанаму жыццю.
Таму няхай у мітусні сучаснага свету і ў абяцаннях імгненнага шчасця нас асвячаюць словы сённяшняга рэспансарыйнага псальма, што Божы закон вядзе да шчасця. Амэн.
|