Беларусь упершыню наведаў генерал Ордэна Братоў Меншых канвентуальных айцец Марк Таска OFM Conv. Візіт, па прызнанні самога айца генерала, быў неафіцыйным — ён прыехаў адведаць сваіх братоў.
— Асноўная мэта майго візіту — адведаць сваіх братоў. Каб пабыць з імі, каб раздзяліць разам і радасць, і боль, і праблемы, справы і надзеі. Раздзяліць з імі жыццё, а таксама, каб паслухаць. І сваю мэту я выканаў. Гэта быў братэрскі візіт — я наведаў усе супольнасці братоў меншых канвентуальных, якія сёння ёсць у Беларусі.
— Якою Вы ўбачылі Беларусь?
— Я перажыў у Беларусі цудоўныя моманты. Прыгожае наваколле, прырода. Беларусаў буду ўзгадваць з удзячнасцю, як людзей з цёплым і адкрытым сэрцам.
— Што Вас здзівіла ў беларусах як нацыі?
— Прыемна здзівіла, што ў Беларусі шмат людзей, якія жывуць верай, прыходзяць у касцёл. Яны ёсць — і гэта важна. Я ўбачыў людзей радасных, з яснымі тварамі, якія цешацца з таго, што яны робяць. І гэта людзі блізкія да маіх братоў. Я цешуся з таго, што мае браты жывуць поруч з такімі светлымі людзьмі.
— Распавядзіце пра сябе, чаму Вы абралі менавіта закон францішканаў.
— Я нарадзіўся 54 гады таму ў невялікім мястэчку побач з Падуяй, горадам, вядомым у сувязі з жыццём і дзейнасцю св. Антонія. Мая сям’я жыла ў вёсцы. Я апошні з дзевяці дзяцей у сям’і. Тое, што мяне захапіла, пацягнула за сабой — гэта прыезд двух братоў францішканаў у маю парафію. Гэта былі два простыя браты — простыя ў сваёй радасці, але яны неслі гэтую радасць і перадавалі тым, хто быў побач. Якраз падчас сустрэчы з тымі братамі і нарадзіўся мой шлях да паклікання.
Вельмі цешуся, што Пан Бог паклікаў мяне менавіта ў францішканскую супольнасць. Я веру і ўпэўнены ў тым, што св. Францішак мае шмат чаго сказаць. Пасля маёй фармацыі я навучаўся ў Рыме, нейкі час быў настаўнікам-фарматарам у нашым кляштары, пасля быў настаяцелям нашага кляштара ў правінцыі ў Бартыгалі. У 2005 г. стаў правінцыялам нашай падуанскай правінцыі, у 2007 г. быў абраны генеральным настаяцелям міністра нашай генеральнай супольнасці…
— Магчыма, у Вас ёсць мара адведаць усе месцы, дзе працуюць браты Вашай супольнасці?
— Так (усміхаецца), гэта мая надзея і мара, хоць я і ўсведамляю, што гэта не зусім ажыццяўляльна. Між іншым, кожная з нашых супольнасцяў мае штосьці ўнікальнае — сведчанне сваёй веры, стыль таго, як трэба адказваць на выклікі сучаснага свету. Я думаю, у розных супольнасцяў якраз варта вучыцца, як можна перажыць усе гэтыя выклікі.
Для мяне магчымасць адведваць нашы братнія супольнасці — сапраўды багацце. Шмат якім рэчам я вучуся ў іх. Пасля ўжо сам магу дзяліцца гэтым досведам, спазнаным у нашых братоў, з іншымі супольнасцямі, якія адведваю.
— Што б Вы пажадалі беларускім хрысціянам?
— Я хацеў бы пажадаць беларускім вернікам з кожным днём усё больш быць шчаслівымі з таго, што яны хрысціяне. І ўсвядоміць, што гэта вялікі дар. Гэтым дарам мы павінны дзяліцца і ахвяраваць яго тым людзям, якія шукаюць надзею, шукаюць матывацыю для таго, каб супрацьстаяць цяжкасцям сённяшняга свету. Супольнасці католікаў у Беларусі я жадаю, каб яны былі тым духоўным святлом, што будзе свяціць людзям, якія побач. Галоўнае — заставайцеся з Богам!
Размаўляў Ілья Лапато
|