27 студзеня 1945 г. быў вызвалены адзін з самых страшных канцэнтрацыйных лагераў смерці ў свеце — Аўшвіц (у польскім горадзе Асвенцыме). Некалькі гадоў таму гэтая дата была аб’яўлена Міжнародным днём памяці ахвяр, якія пацярпелі ад нацыянал-сацыялізму. У Аўшвіцы была атручана ў газавай камеры сястра кармэлітанка Эдыта Штайн, замучаны айцец францішканін Максімьліян Кольбэ…
У Германіі вось ужо некалькі дзясяткаў гадоў існуе таварыства Максімільяна Кольбэ. Адна з галоўных задач гэтай дабрачыннай арганізацыі — дапамога былым вязням канцэнтрацыйных лагераў і гета. Пра праекты і гісторыю таварыства распавядае кіраўнік арганізацыі Вольфганг Герстнэр.
— Спадар Вольфганг, распавядзіце, калі ласка, калі быў заснаваны фонд Максімільяна Кольбэ.
— У 1964 годзе група зацікаўленых католікаў з Германіі з міжнароднага мірнага руху «Pax Christi» здзейсніла паўднёвую пілігрымку ў Аўшвіц. Гэта быў час, калі палітычныя адносіны паміж Германіяй і Польшчай былі вельмі нацягнутымі, амаль не было афіцыйных кантактаў паміж краінамі. Паміж Цэрквамі абедзвюх краін таксама яшчэ не быў наладжаны дыялог. Гэта быў час, калі ў Франкфурце адбываўся вялікі судовы працэс над падсуднымі па справе Аўшвіца.
Падчас той пілігрымкі мы пазнаёміліся з адной сямейнай парай, дзе і муж, і жонка былі былымі вязнямі канцэнтрацыйнага лагера.Тады мы заўважылі, што гэтая сямейная пара і іншыя былыя зняволеныя Аўшвіца, якіх мы там сустрэлі, маюць цяжкае матэрыяльнае становішча і, па сутнасці, жывуць у беднасці. Ім ніхто не дапамагае, яны не адчуваюць ніякай падтрымкі з боку дзяржавы і ўвогуле пра сваё мінулае ні з кім не размаўляюць. І пасля таго візіту было вырашана, што гэтым сведкам трэба дапамагчы. Распачалі з малога — збіралі невялікія «ахвяраванні салідарнасці».
Такім чынам, праз некалькі гадоў узнікла таварыства Максімільяна Кольбэ — арганізацыя, галоўнай мэтай якой ёсць мір, узаемапаразуменне і прымірэнне паміж палякамі і немцамі. Адна з канкрэтных мэтаў — дапамога былым вязням. Гэта была аснова. Першыя дваццаць гадоў дапамога накіроўвалася пераважна ў Польшчу. З Савецкім Саюзам такіх кантактаў не было. Але ўжо на пачатку 90-х таварыства Максімільяна Кольбэ пачало супрацоўніцтва і з краінамі былога Савецкага Саюза.
— Якімі мэтамі кіруецца таварыства ў сваёй працы?
— Нашыя тры важнейшыя задачы — гэта дапамагаць, сустракацца і памятаць. Дапамагаць — першасная задача. Такой яна застаецца і сёння. У першую чаргу мы стараемся дбаць пра тых, хто прайшоў праз пекла канцэнтрацыйных лагераў (далей — карцэтаў. — Аўт.), дапамагаючы ў іх патрэбах. Немалая частка нашай дзейнасці — матэрыяльная дапамога сведкам з краін былога Савецкага Саюза. Украіна, Беларусь, Расія — там жыве шмат пажылых людзей, якім патрэбна дадатковая матэрыяльная дапамога, часта яны патрабуюць і належнай медыцынскай дапамогі. Мы спрабуем ім дапамагаць, як можам.
У Польшчы ў нас ёсць сацыяльна-медыцынскі цэнтр, кіраўніком якога з’яўляецца каталіцкая сястра сальватарыянка Эва Кашэўска з Лодзі. Гэты цэнтр — наша цэнтральнае прадстаўніцтва ў Польшчы. У цэнтры вызначаны час для наведвання ўрачоў, там працуюць медыцынскія сёстры, якія адведваюць хворых вязняў, ёсць свая аптэка.
Другі ключавы момант — сустрэчы. Вось ужо на працягу трыццаці гадоў мы запрашаем у Германію групы былых вязняў карцэтаў. З розных краін — Польшчы, Украіны, Беларусі, Расіі, Чэхіі, Славакіі, Малдовы, Венгрыі, Казахстана. Яны прыязджаюць на два тыдні ў Германію, дзе ўдзельнічаюць у розных сустрэчах і семінарах. Мы спрабуем паказаць ім іншую Германію, чым тую, якую яны бачылі, і пазнаёміць іх з іншымі немцамі, чым тыя, з якімі яны сутыкаліся.
Трэцяе — гэта памяць. Пра гэта я не буду шмат распавядаць, бо гэты момант ілюструе наш праект для журналістаў «Памятаць і нагадваць у эпоху WEB 2.0». Мы запрашаем сведкаў, якія перажылі канцэнтрацыйныя лагеры, для таго, каб яны змаглі падзяліцца сваімі ўспамінамі з прадстаўнікамі СМІ і студэнтамі факультэтаў журналістыкі розных краін.
— Як прыйшла ідэя стварэння праекта «Памятаць і нагадваць у эпоху WEB 2.0»?
— Калі вы католік, то зразумееце, — мы адчулі ў нас дзеянне Святога Духа. Два гады таму ў свеце адзначалася 65-гадавіна вызвалення Асвенцыма. Тады казалі, што гэта адна з апошніх «круглых датаў». У нас пыталіся, як доўга яшчэ мы зможам працаваць з тымі, хто перажыў карцэт. І мы зразумелі, што абавязаны праводзіць такія сустрэчы не толькі ў нямецкіх школах, але і выходзіць за межы Германіі — праводзіць сустрэчы былых вязняў не толькі з моладдзю Германіі, але і з моладдзю ўсёй Еўропы.
Два гады таму мы ўпершыню рэалізавалі гэты праект, і ён меў вялікі поспех. Паколькі ў Германіі таксама існавалі канцэнтрацыйныя лагеры, то мы вырашылі праводзіць сустрэчы ў два этапы: у польскім Аўшвіцы і нямецкім Бухенвальдзе (апошнія два гады). У мінулыя два гады мы запрашалі моладзь, якую пасля дзялілі на групы: аўдыё, відэа, тэкст і Інтэрнэт 2.0. На працягу двух тыдняў у сваіх групах яны рыхтавалі праекты, якія ў канцы прэзентавалі. Сёлета ў гэтым праекце ўдзельнічалі ўжо маладыя журналісты. Наш праект — як дзіцятка. Ён быў маленькім, аднак пасля пачаў расці, становячыся з кожным годам усё мацнейшым.
— У якіх краінах існуюць філіялы таварыства Максімільяна Кольбэ?
— Нашы філіялы — гэта людзі (усміхаецца — Аўт.). У нас адзін офіс — у Фрайбургу, ён адносна невялікі — усяго сем супрацоўнікаў. Але ў нас шмат філіялаў, і ўсе гэтыя філіялы — гэта людзі. Уласна ў Германіі сем супрацоўнікаў шмат чаго зрабіць не могуць. Але ў нас амаль сто дабравольцаў, якія цікавяцца гэтай работай, і перадусім — у Польшчы, дзе ў нас ёсць сетка давераных, гэта ўсе былыя вязні карцэтаў і гета. Яны выступаюць нашымі пасрэднікамі ва ўсёй Польшчы амаль у кожным рэгіёне.
— Калі я правільна разумею, то фінансаванне таварыства Максімільяна Кольбэ ажыццяўляецца праз ахвяраванні?
— У першую чаргу праз ахвяраванні, аднак гэтых ахвярадаўцаў у нас не так і шмат. Калі мы арганізоўваем такія праекты, то шукаем дадатковых спонсараў. Да прыкладу, каб рэалізаваць такі вось журналісцкі праект, трэба выдаткаваць некалькі тысяч еўра.
— Распавядзіце крыху пра сябе: як даўно Вы працуеце на пасадзе кіраўніка таварыства Максімільяна Кольбэ?
— Летам мінулага года прайшла дзясятая гадавіна, як я ўзначальваю таварыства Максімільяна Кольбэ. Гэта тая праца, якая мяне заўсёды вельмі цікавіла. Але я не ведаў, што канкрэтна мяне чакае на гэтай пасадзе. Тут спалучаецца шмат рэчаў — гуманітарныя акцыі, сустрэчы былых вязняў з нямецкімі школьнікамі. Гэта вельмі ўдзячная і цудоўная праца, і я ахвотна ёю займаюся. Гутарыў Ілья Лапато
|