Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Нямецкі святар — пра Асвенцым: за мінулы год музей у Аўшвіцы наведалі 1,4 мільёны чалавек
Інтэрв'ю
30.01.2012 15:35

Польскі Асвенцым сёння — той жа невялікі гарадок, якім быў да вайны. З той папраўкай, што «звычайным» ён перастаў быць у 1940-м годзе, калі нямецкія нацыянал-сацыялісты задумалі тут стварэнне канцэнтрацыйнага лагера смерці Аўшвіц...

Сёння ў Асвенцыме — сем каталіцкіх парафій і нават адна сінагога. Ксёндз Манфрэд Дэзэлаэрз — нямецкі святар, які вось ужо больш за 20 гадоў жыве і працуе ў Асвенцыме. Пра рэгіён і яго рэлігійнае жыццё ксёндз Дэзэлаэрз распавёў у гутарцы з Сatholic.by.

— Першы раз я наведаў Асвенцым у 1972 годзе. Я заканчваў школу, і набліжаўся час, калі мне трэба было ісці ў войска. Як альтэрнатыву я выбраў сацыяльную працу ў Ізраіле. Рыхтуючыся да паездкі, наша група наведала Аўшвіц. Памятаю, што гэта зрабіла на мяне вялікае ўражанне.

У 1985 годзе я, ужо будучы святаром, пазнаёміўся з пробашчам у Асвенцыме. Тады я спытаў, ці мог бы пажыць у яго адзін год — у знак нямецка-польскага паяднання. Пробашч згадзіўся, біскуп таксама даў свой дазвол.

Аднак прыехаць атрымалася толькі ў 1989-м. Гэта быў час, калі знішчылі Берлінскую сцяну, — увесь той год я пражыў у Асвенцыме ў пробашча. У той жа час я пачаў пісаць дактарат у Кракаве на тэму Аўшвіца: «Бог і зло ў святле біяграфіі Рудольфа Хёса, каменданта Аўшвіца».

Прыблізна тады ж у Асвенцыме быў пабудаваны Цэнтр малітвы і дыялога. Ад таго часу я тут працую, крыху выкладаю ва ўніверсітэце — тэалогію па Аўшвіцы ў Кракаве ў Папскім універсітэце Яна Паўла ІІ.

— Колькі ў Асвенцыме парафій?

— Асвенцым мае 40 тысяч жыхароў і сем парафій, у тым ліку сем касцёлаў. Я працаваў у найстарэйшай парафіі. Дзве парафіі ў горадзе належаць да салезіянаў, астатнія — дыяцэзіяльныя. У цэнтры горада ёсць таксама дом сясцёр францішканак, таксама дзейнічае дом кляўзуровых кармэлітанак.

— Колькі людзей прыязджае ў Аўшвіц штогод?

— Цяпер каля мільёна. Апошнія гады лічба павышаецца. Напрыклад, за апошні год толькі Музей у Аўшвіц-Біркенаў наведалі 1 мільён 400 тысяч чалавек. Найбольш наведвальнікаў з Польшчы, затым ідуць Англія, Ізраіль, Італія, Германія… Большасць наведвальнікаў, вядома, моладзь.

— Ці часта сюды прыязджаюць «рэлігійныя пілігрымкі»?

— Дастаткова часта. Прычым пілігрымкі з усяго свету. Нядаўна сюды прыязджала дыяцэзіяльная пілігрымка з Польшчы. Часта Аўшвіц наведваюць пілігрымкі з Францыі і Італіі. Папулярнасць набываюць так званыя пілігрымкі «Шляхамі папы Яна Паўла ІІ», якія таксама пралягаюць праз Аўшвіц.

Калі мы адзначалі 60-ю гадавіну вызвалення Асвенцыма, было багата высокапастаўленых асобаў. Прысутнічала каля 40 прадстаўнікоў ураду з розных краін Еўропы. Быў Пуцін, Прэзідэнт Украіны, віцэ-прэзідэнт ЗША, Прэзідэнты Польшчы, Ізраіля, Германіі, каралева Англіі.

— У той вобласці, дзе былі Аўшвіц-1 і Аўшвіц-2, ці існуюць сёння якія-небудзь касцёлы ці капліцы?

— На тэрыторыі музея (былы Аўшвіц-Біркенаў. — Аўт.) няма. Пасля вайны Асвенцым сапраўды мог стаць месцам пілігрымавання, але гэта была б непавага да яўрэяў, якія былі тут замучаны. Яўрэі складалі 94 працэнты сярод тых, хто тут загінуў. Тыя ж, хто выжыў, не хацелі, каб Асвенцым стаў каталіцкім. Таму, калі сёстры кармэлітанкі захацелі пабудаваць законны дом недалёка ад былога канцэнтрацыйнага лагера, ім не дазволілі гэтага зрабіць. Было вырашана, што кармэлітанкі пабудуюць дом у іншым месцы — па-за тэрыторыяй музея.

Калі ж у 1980-я Аўшвіц наведаў Папа Рымскі, камуністычныя ўлады не маглі забараніць людзям маліцца. Гэты прыезд быў такім моцным сведчаннем, што пасля другой пілігрымкі Папы ў Польшчу, каб супакоіць неспакойныя настроі насельніцтва, улада дала дазвол на будаўніцтва касцёлаў. Тады і распачалося будаўніцтва кармэлітанскага кляштара.

— У горадзе ёсць таксама сінагога.

— Так. Але яўрэяў няма. Ёсць будынак сінагогі, але ў яе сценах сёння працуе музей.

— Як Вы адчуваеце сябе пасля 20-гадовай працы тут, у Асвенцыме?

— Яшчэ не было такога, каб даводзілася чуць, маўляў: «Не трэба нам тут немца». Адчуваю сябе добра. Бывае, вядома, не проста. Але ў Асвенцыме працуе вельмі шмат цікавых людзей. Я тут не для мёртвых, а для жывых.

Гутарыў Ілья Лапато

Даведка

Ксёндз доктар Манфрэд Дэзэлаэрз нарадзіўся ў 1955 г. у Дзюсельдорфе (Германія). Вывучаў тэалогію ў Цюбінгіі (1976–1981) і Чыкага (1978–1979). У 1983 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. Працаваў вікарыем у гарадку Мёнхенгладбах, сумяшчаючы з гэтым дзейнасць у Таварыстве сумеснай працы хрысціянаў і яўрэяў. З 1990 г. працуе ў парафіі Унебаўзяцца Найсвяцейшай Панны Марыі ў Асвенцыме (Польшча). Выкладчык фундаментальнай тэалогіі Папскай тэалагічнай акадэміі ў Кракаве, віцэ-старшыня Кракаўскага фонду Цэнтра дыялога і малітвы ў Асвенцыме.

У 1994 г. атрымаў статус гіда ў музеі Аўшвіц-Біркенаў. У 1996 г. абараніў дактарат на тэму «Бог і зло ў святле біяграфіі Рудольфа Хёса, камеданта Аўшвіца». Член таварыства фундаментальных тэолагаў у Польшчы. З 2010 г. — душпастыр нямецкага епіскапату за мяжой. У 2010 г. з рук Прэзідэнта Польшчы атрымаў Крыж Кавалерскага ордэна Заслуг Рэспублікі Польшча.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме