Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прамова біскупа Антонія Дзям’янкі падчас сустрэчы з упаўнаважанымі па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Мінска і Мінскай вобласці


Дадзеныя з гісторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

18 лістапада 2009 г., мінскі архікатэдральны касцёл

1. Адміністрацыйны падзел у партыкулярным Касцёле ў Беларусі (архідыяцэзія, дыяцэзіі, тэрыторыя, год узнікнення, інш.): Мінска-Магілёўская архідыяцэзія (1991 г.), Пінская дыяцэзія (1925 г.), Гродзенская дыяцэзія (1991 г.), Віцебская дыяцэзія (1991 г.). Грэка-каталіцкую Царкву ўзначальвае Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

2. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі была створана ў 1999 г. Устаноўчы сход адбыўся 11 лютага 1999 г. Першым Старшынёй Канферэнцыі быў абраны кардынал Казімір Свёнтэк. З 14 чэрвеня 2006 г. Канферэнцыю ўзначальвае біскуп Аляксандр Кашкевіч, біскуп Гродзенскі. Намеснік Старшыні — біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, генеральны сакратар — дапаможны бiскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонi Дзям’янка.
На сённяшні дзень Канферэнцыя налічвае 6 асобаў: кардынал Казімір Свёнтэк, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Аляксандр Кашкевіч, біскуп Уладзіслаў Блін, біскуп Антоні Дзям’янка і біскуп Казімір Велікаселец.

Устаноўлены і дзейнічаюць дыпламатычныя адносіны паміж Ватыканам і Беларуссю. 15 верасня 2004 г. Святы Айцец прызначыў Апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупа Марціна Відавіча.

3. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія.
Першыя парафіі: Гайна (1386 г.), фарны касцёл у Мінску (1508 г.).
Першапачатковы адміністрацыйны падзел: Рыжская дыяцэзія, Віленская дыяцэзія, Магілёўская архідыяцэзія і Мінская дыяцэзія. Сучасная архідыяцэзія аб’ядноўвае часткі былых Магілёўскай і Віленскай архідыяцэзій, Смаленскай і Пінскай дыяцэзій.

4. Адміністрацыйны падзел у мінулым.
У ХІХ ст. на тэрыторыі сучаснай архідыяцэзіі, г.зн. Мінскай і Магілёўскай абласцей, існавала каля 200 касцёлаў і капліц, якія абслугоўвалі 250 святароў. Напярэдадні перабудовы (каля 1980 г.) у заходняй і паўночнай частцы Мінскай вобласці засталося толькі 14 касцёлаў: адна святыня ў Нясвіжы, іншыя — у вёсках і пасёлках гарадскога тыпу. У гэтых касцёлах працавалі 9 святароў сталага веку. У Магілёўскай вобласці не было ніводнага касцёла.

У 1926 г. Апостальскім Адміністратарам Магілёўскай і Мінскай дыяцэзій быў прызначаны біскуп Баляслаў Слосканс. У 1927 г. ён быў арыштаваны і сасланы ў ГУЛАГ. У 1933 г. выдалены за межы Савецкага Саюза. Памёр у 1981 г. у бэнэдыктынскім кляштары ў г. Лювэн (Бельгія), так ніразу пасля выдалення з Савецкага Саюза і не наведаўшы сваіх вернікаў у Мінску і Магілёве.

У перыяд з 1917 г. па 1964 гг. на тэрыторыі краіны за веру загінулі каля 600 святароў і кансэкраваных асобаў. Не ўстаноўлена дакладная колькасць свецкіх асобаў, якія загінулі ў часы пераследу за веру. Многія страцілі жыццё падчас Вялікай Айчыннай вайны, сталінскіх «чыстак» і ў ГУЛАГу.

5. За апошнія 20 год сітуацыя Каталіцкага Касцёла ў Беларусі змянілася ў станоўчы бок. Колькасць святароў павялічылася з 9 да 104, месцаў культу — з 14 да 105. Вернікам былі перададзены дзесяткі касцёльных будынкаў. Таксама былі пабудаваныя дзесяткі новых святынь на сродкі вернікаў і іншых ахвярадаўцаў. Нярэдка дапамагалі таксама калгасы і дзяржаўныя прадпрыемствы. Для патрэб вернікаў неаднойчы перадаваліся пустуючыя будынкі з дзяржаўнай маёмасці — перш за ўсё ў тых месцах, дзе некалі ваяўнічымі атэістамі былі знішчаны святыні.

На сённяшні дзень у архідыяцэзіі служаць 104 святары. Сярод іх 34 так званых святары fidei donum (дару веры). У архідыяцэзіі ёсць каля 105 месцаў для цэлебрацый набажэнстваў: касцёлы, капліцы, душпастырскія цэнтры. 30 новых будынкаў сакральнага і душпастырскага прызначэння знаходзяцца на розных стадыях будаўніцтва — праектавання, закладкі фундамента, накрыцця даху, унутранага афармлення, падрыхтоўкі да перадачы ў эксплуатацыю.

Парафіі аб’яднаны ў 20 дэканатаў: 5 дэканатаў у Мінску, 4 — у Магілёўскай вобласці, 11 — у Мінскай вобласці.
Паводле адпаведных падлікаў, у беларускай сталіцы існуе вялікая неабходнасць у арганізацыі новых месцаў малітвы, а значыць у пабудове касцёлаў, капліц. На сённяшні дзень плануецца пабудаваць або адаптаваць пад месцы культу пэўныя будынкі, агульная колькасць якіх можа складаць каля 120 касцёлаў, капліц і пастаральных цэнтраў. Сетка гэтых пабудоў ахапіла б розныя мясцовасці архідыяцэзіі, дзе пражываюць вернікі рыма-каталіцкага веравызнання, асабліва ў буйных гарадах, у тым ліку і ў Мінску, дзе на сённяшні дзень ёсць толькі некалькі касцёлаў у цэнтры горада. Як вядома, большасць вернікаў пражывае ў мікрараёнах, дзе, на жаль, няма касцёлаў (толькі ў некаторых з іх ёсць капліцы).

6. На сённяшні дзень шасцігадовую падрыхтоўку да святарства ў вышэйшых духоўных семінарыях праходзяць 20 семінарыстаў, якія паходзяць з розных парафій архідыяцэзіі. Таксама ёсць кандыдаты да святарства, якія праходзяць фармацыю ў манаскіх супольнасцях.

7. У архідыяцэзіі існуе больш за 10 жаночых манаскіх супольнасцяў, якія служаць Касцёлу згодна з харызмамі сваіх заснавальнікаў і вядуць жыццё паводле зацверджаных касцёльнымі ўладамі статутаў.

8. Сапраўдную прыгажосць і каштоўнасць уяўляюць сабою святыны. Нягледзячы на тое, што ў недалёкім мінулым было разбурана шмат храмаў, яшчэ засталіся касцёлы, якія з’яўляюцца помнікамі культуры і архітэктуры, а таксама часткаю гісторыі нашых продкаў. Сярод найбольш значных з іх — мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, у якім мы знаходзімся (былы езуіцкі касцёл, пабудаваны ў 1710 г.; з 1798 г. — катэдральны; з 1991 г. — архікатэдральны). Гэта трохнефавы касцёл у стылі барока, з дзвюма вежамі і двума купаламі ў бакавых нефах. У архікатэдры захаваліся фрэскі ХVIII ст., самыя старажытныя ў горадзе. Дзякуючы дапамозе дзяржавы, большасць з іх былі адрэстаўраваны. Біскупы Аўстрыі, у прыватнасці дыяцэзія Грац, з’яўляюцца спонсарамі ўстанаўлення ў архікатэдры аргана. Гэта адзін з самых вялікіх сучасных арганаў у Сярэдняй і Усходняй Еўропе, які важыць больш за 12 тон, мае 35 рэгістраў механічнага і пнеўматычнага прывада, два мануалы і педаль. Агульны кошт аргана складае 600 тысяч еўра. Галоўны алтар, які знаходзіцца перад намі, — сімвал Езуса Хрыста — пабудаваны на месцы былога алтара, знішчанага атэістамі. Абраз Найсвяцейшай Панны Марыі, які знаходзіцца ў алтары, — падарунак Папы Рымскага, цяпер Слугі Божага Яна Паўла ІІ.

9. Сярод іншых святыняў касцёл у Нясвіжы, пабудаваны ў 1596 г. Храм з’яўляецца копіяй езуіцкага касцёла Іль Джэзу ў Рыме. Прыкладам віленскага барока з’яўляецца белы івянецкі касцёл, прыкладам неараманскага стылю (надрэйнскі рамантызм) — касцёл св. Сымона і св. Алены ў Мінску, касцёл маёй роднай парафіі ў в. Дзераўная Стаўбцоўскага р-на, пабудаваны ў 1630-х гг. (спалучэнне гатычнага стылю і рэнесансу), велічны касцёл у стылі класіцызму ў Валожыне, створаны каля 1815 г., касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве, пабудаваны кармэлітамі ў 1740 г., а пазней узвышаны да годнасці катэдральнай святыні. Гэта таксама барокавая святыня з прыгожымі алтарамі ў Вішневе 1626–1641 гг. пабудовы. Безумоўна, нельга не ўзгадаць Нацыянальны санктуарый у Будславе. На жаль, яшчэ ёсць святыні, якія не вернуты Касцёлу, — гэта храмы ў Мінску, Раўбічах, драўляны касцёл ва Уздзе, найстарэйшы касцёл у Магілёве, касцёл у Чэрыкаве, касцёл св. Пятра і св. Паўла ў Бабруйску. Застаюцца ў разбураным стане касцёлы ў Дубраўне, каля Ракава, у Раванічах (Чэрвеньскі р-н), Суціне (Пухавіцкі р-н), Зембіне (Барысаўскі р-н).

10. Нашу мясцовасць упрыгожваюць не толькі святыні, але і святасць яе жыхароў. З тэрыторыяй Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі звязана жыццё многіх святых, благаслаўлёных і Слуг Божых. Вось некаторыя з іх: св. Андрэй Баболя — святар, мучанік, які ў свой час служыў у Бабруйску і Нясвіжы, бл. Баляслава Лямэнт — заснавальніца Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і, якая працавала ў Магілёве. Гэта таксама мучанікі Другой сусветнай вайны: бл. аа. Ахілес Пухала і Герман Стэмпень з Пяршаяў каля Івянца, бл. кс. Генрых Глябовіч, які быў замучаны каля Плешчаніц восенню 1941 г. і пахаваны ў Барысаве, бл. сястра Стэла Мардасевіч — настаяцельніца навагрудскіх мучаніц з 1943 г., якая нарадзілася ў Цясноўцы Клецкага р-на, і бл. кс. Міхал Сапоцька з-пад Валожына.

11. З верасня 2007 г. Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію ўзначальвае Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, член Мальтыйскага Ордэна, які, на жаль, не змог сустрэцца з вамі. Пастаральныя праекты праводзяцца пад кіраўніцтвам розных аддзелаў курыі: катэхетычнага, па справах моладзі, сужэнства і сям’і, агульнага душпастырства, харытатыўнай дапамогі (дабрачынны каталіцкі фонд «Карытас»). Дзейнічае таксама Міждыяцэзіяльны касцёльны суд, які разглядае справы сужэнстваў у пэўным кантэксце, у канкрэтных выпадках, выкрывае несапраўднасць сужэнства. Дзейнічае літургічная камісія, камісія па справах будовы і рэстаўрацыі святынь, помнікаў гісторыі і архітэктуры. Існуе таксама выдавецтва і рэдакцыі штоквартальніка «Наша вера» і часопісаў «Ave Maria» і «Маленькі рыцар Беззаганнай».

12. Я выконваю ў архідыяцэзіі абавязкі дапаможнага біскупа, прызначаны на служэнне ў Мінску ў снежні 2004 г. папам Янам Паўлам ІІ. Да гэтага на працягу 6 год (з 1998 г.) з’яўляўся дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі, на працягу 5 год быў рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і пробашчам гродзенскай архікатэдральнай парафіі. У Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з’яўляюся генеральным сакратаром ад часу яе заснавання ў 1999 г.

13. У свой час Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію наведвалі такія асобы, як губернатар Ватыкана кардынал Казімір Шока і прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі кардынал Зянон Грахалеўскі. У мінулым годзе з візітам у архідыяцэзіі прабываў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ. На мінулым тыдні архідыяцэзію наведаў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і Камісіі па справах дыялога з юдэямі кардынал Вальтэр Каспер, які асвяціў 14 стацый Крыжовага шляху ў мінскай архікатэдры.

Касцёл актыўна ўключаецца ў справу захавання і прэзентацыі духоўнай спадчыны. Нашым заданнем як духоўных асобаў з’яўляецца служэнне Богу і людзям. Мы ўсведамляем, што выканаем свае абавязкі толькі тады, калі будзем здольныя да ахвярнасці, да таго, каб бачыць патрэбы людзей, якіх нам пасылае Бог. Бачыцца, што і вы, шаноўныя прадстаўнікі дзяржаўнай улады, якія выконваеце грамадскія абавязкі, у якасці галоўнага задання рэалізуеце абавязак дапамогі людзям, якія давераны вашаму клопату. Многія з вас ахвярна клапоцяцца аб матэрыяльных, духоўных, інтэлектуальных і медыцынскіх патрэбах жыхароў у вашых раёнах. Гэта таксама з’яўляецца служэннем.

Не сакрэт, што намнога прасцей ствараць адказнае грамадства, калі мець справу з людзьмі, якія прытрымліваюцца Божых наказаў. Яны не ствараюць крымінагеннага асяроддзя, здольныя дапамагчы ў падтрыманні грамадскага і эканамічнага парадку. Гэтыя людзі як грамадзяне нашай краіны маюць свае правы, у тым ліку на духоўную спадчыну, якая звязана з культам, унутраным супакоем і кантактам з Богам. Касцёлы і капліцы патрэбны не духавенству, а нашым грамадзянам. Напэўна, усім нам знаёмы вобразы людзей, якія спяшаюцца да святыняў, несучы туды свае, а таксама і нашы малітвы. Варта памятаць, што пры парафіях праводзіцца катэхізацыя, якая мае на ўвазе перадачу духоўных каштоўнасцяў. Пры касцёлах маладыя людзі рыхтуюцца да адказнага сужэнства і бацькоўства. Сёння гэтаму вучаць нямногія. У наш час трагедыі разводаў і асірацелых дзяцей — вялікая праблема грамадства.

Хачу пажадаць шаноўным прадстаўнікам ўлады радаснага служэння нашаму грамадству і бачання тых рэчаў, якія могуць умацаваць наш народ у маральным і духоўным сэнсе.

Адноўлена 18.11.2009 19:32
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску