Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Уступнае слова aрцыбіскупa Тадэвушa Кандрусевічa падчас адкрыцця III Малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы
30 ліпеня 2010 г., Івянец

Хочаш быць шчаслівым? Захоўвай запаведзі!

Глыбокапаважаная моладзь і ўсе прысутныя!

1.    «Хочаш быць шчаслівым? Захоўвай запаведзі!» Гэта тэма сёлетняй Малітоўнай сустрэчы моладзі інспіравана пасланнем папы Бэнэдыкта XVI на XXV Сусветны Дзень моладзі, які ў гэтым годзе адбываецца ў паасобных дыяцэзіях. Папа заклікае да разважання над евангельскім тэкстам пра багатага юнака, які пытаецца ў Езуса, што ён павінен чыніць, каб дасягнуць жыцця вечнага (пар. Мк 10, 17). Езус адказвае, што найперш трэба захоўваць Божыя запаведзі, а каб быць дасканалым — пакінуць усё і пайсці за Ім (пар. Мк 10, 21).

Мэтай зямнога жыцця чалавека з’яўляецца дасягненне вечнага жыцця. Праблема вельмі актуальная для сучаснага чалавека, які ўсё больш і больш пранікаецца духам секулярызму і не вельмі задумваецца пра вечнае жыццё. Ён жыве паводле максімы язычніцкага Рыма: «Carpe diem» — выкарыстоўвай час, бо жывеш толькі адзін раз. Таму не здарма першы Сусветны Дзень моладзі, які адбыўся ў Рыме ў 1985 г., быў прысвечаны менавіта гэтай тэме. Тым самым ужо тады Слуга Божы Ян Павел II выказаў сваю занепакоенасць праблемай.

Той факт, што сённяшні Пантыфік Бэнэдыкт XVI пасля 25 гадоў ізноў вяртаецца да гэтай тэмы, нагадвае пра яе актуальнасць і неабходнасць звяртаць на яе большую ўвагу.

2. Сёлетняя Малітоўная сустрэча моладзі праходзіць у Юбілейны год Сусветных Дзён моладзі. Кожны юбілей — гэта найперш час падвядзення вынікаў. Беларуская моладзь, пачынаючы з 1991 г., прымае актыўны ўдзел ва ўсіх сусветных форумах сваіх равеснікаў. Гэта не толькі сустрэча з юнакамі і дзяўчатамі з іншых краін свету, не толькі сустрэча з іншымі культурамі і традыцыямі, не толькі прэзентацыя сваёй культуры і традыцый, не толькі катэхезы і дыскусіі ў групах і многае іншае, але найперш сустрэча са Святым Айцом і яго навучаннем як Найвышэйшага Пастыра, адказнага за духоўны стан усіх людзей, у тым ліку моладзі, якая з’яўляецца надзеяй Касцёла і свету.

Юбілей — гэта таксама і рахунак сумлення, які заклікае нас спытаць сябе саміх, ці сапраўды навучанне Святога Айца і досвед Сусветных Дзён моладзі змяняе нас. А можа, удзел у гэтых моладзевых форумах для нас з’яўлецца толькі яшчэ адной чарговай «тусоўкай»?

І нарэшце, юбілей — гэта абмеркаванне планаў на будучыню, дзеля нашай духоўнай дасканаласці, каб будаваць шчаслівае жыццё на зямлі і дасягнуць шчасця вечнага.

Сярэбраны юбілей Сусветных Дзён моладзі мы адзначаем чарговай, ужо трэцяй, Малітоўнай сустрэчай моладзі ў Івянцы. Зразумела, што 3 гады — гэта не 25, аднак зразумела і тое, што кожны вялікі шлях распачынаецца ад першага кроку і кожная вялікая гісторыя пачынаецца пісацца ад першага яе дня. І мы гэты шлях распачалі, таксама як распачалі пісаць гэтую гісторыю.

3.    Малады чалавек заўсёды марыў і сёння марыць быць шчаслівым. Перад ім стаіць актуальнае пытанне: дзе шукаць шчасця ў сённяшняй рэчаіснасці? А яна вельмі складаная.

У наш час свабоды веравызнання замест удзячнасці Богу за тыя вялікія справы, якія Ён чыніць на нашых вачах, відавочны духоўны крызіс, асабліва сярод моладзі. Як шмат маладых людзей трапляе ў залежнасці, набывае псіхічныя хваробы, здзяйсняе гвалт і злачынствы, часам прыходзіць да абыякавасці, да стану, калі лёгка ўчыніць самазабойства і г.д.

Галоўнай прычынай гэтага крызісу з’яўляецца пануючы ў сучасным свеце міф лёгкага шчасця, якога можна дасягнуць без цяжкасцяў, без супрацоўніцтва з Богам, без маральных прынцыпаў і абавязкаў, без любові і праўды, без вернасці і адказнасці. Абяцанне такога шчасця з’яўляецца абсурднай утопіяй, ілюзіяй і фікцыяй. Такога тыпу абяцанне — гэта не што іншае як пастка, якую чалавек можа паставіць сам сабе або ў якую можа быць уцягнуты праз іншых людзей.

Ёсць многа праяў ілюзіі лёгкага шчасця. Вось толькі некаторыя з іх.

Імкненне да лёгкіх грошай, калі яны не зарабляюцца, але атрымліваюцца праз кражу, рэкет, прастытуцыю, продаж свайго сумлення і г.д. Падобнай філасофіяй жыцця нярэдка кіруюцца таксама і тыя, хто шукае лёгкай кар’еры. Не маючы патрэбнай кваліфікацыі, працавітасці і адказнасці, яны імкнуцца пабудаваць кар’еру на знаёмствах, хабары ці адмаўленні ад маральных прынцыпаў.

Іншая праява лёгкага шчасця — гэта «лёгкадаступны» секс, ці адарванае ад сапраўднай любові і адказнасці сексуальнае жыццё. Хоць такія паводзіны вядуць да цяжкіх хваробаў і нават смерці ў выпадку хваробы СНІДу, аднак міф «лёгкадаступнага» сексу існуе. З ім злучана імкненне да «бяспечнага» сексу. Яно звязана з верай у тое, што прэзерватыў захавае ад заражэння СНІДам. Для некага ж шчасце — гэта алкаголь ці наркотыкі, якія могуць даць добрае самапачуццё. А шчаслівую старасць забяспечыць страхавы поліс.

Чарговае праяўленне ілюзіі лёгкага шчасця — гэта міф аб існаванні лёгкіх партнёрскіх сувязяў паміж мужчынай і жанчынай, якія абапіраюцца не на любові, вернасці і адказнасці, а на партнёрстве.

Не менш таксічнымі з’яўляюцца міфы пра існаванне легкадумных каштоўнасцяў, маральнасці і сумленнасці. Гэты міф праяўляецца ў сцверджанні: маральна тое, што лічыць сам чалавек, або тое, што чыніць большасць у грамадстве.

Чарговай праявай пошуку лёгкага шчасця з’яўляецца апраўданне сваіх памылак. Нярэдка можна пачуць наступныя сцверджанні: я ж не парушыў закон, бо іншыя таксама так паступаюць; або мае слабасці ці залежнасці з’яўляюцца ўласцівасцямі маёй натуры, бо я такім нарадзіўся.

Некаторыя ў імя паліткарэктнасці прапануюць іншую і больш прыемную мову, у якой усё павінна выглядаць пазітыўна і добра, толькі «трошкі па-іншаму». Менавіта, хлусня — гэта праўда, толькі па-іншаму, няволя — тая ж самая свабода, толькі па-іншаму, забойства — ахова жыцця, толькі па-іншаму, крадзеж — гэта па-іншаму зразумелая сумленнасць. Людзі забываюцца пры гэтым, што ў справах сапраўднай маральнасці і хрысціянскіх каштоўнасцяў не можа быць і гутаркі пра рэлігійную паліткарэктнасць.

Падатлівасць ілюзіі лёгкага шчасця вядзе да дзеянняў паводле прынцыпу хуткага задавальнення жаданняў. Чалавек тады паступае, як дзіця, нягледзячы на тое, што гэта самы кароткі шлях да залежнасцяў і злачынстваў.

4.    Наіўнасць з аднаго боку і цынізм з іншага ў сучасным свеце не ведаюць межаў. Дзякуй Богу, няма межаў і Божай міласэрнасці. У сваёй любові да чалавека Бог паслаў свайго Адзінароднага Сына, каб адкрыць яму праўду, якая вызваляе яго ад ілюзій і адначасова перамяняе нас, з’яўляецца сэнсам нашага жыцця. Гэтую праўду Бог адкрывае і далей у сваім Касцёле, заданнем якога з’яўляецца вучыць людзей любіць Божы закон і жыць паводле яго, каб знайсці сапраўднае шчасце.

Дзякуючы ўсім арганізатарам гэтага моладзевага форуму, Малітоўную сустрэчу моладзі-2010 аб’яўляю адкрытай і жадаю яе ўдзельнікам Божага благаслаўлення і поспехаў.

Дзякую за ўвагу.

Адноўлена 31.07.2010 11:22
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску