29 ліпеня 2012 г.
Святы Максімільян Кольбэ — прыклад рыцара Евангелля для сучаснага чалавека
Дарагая моладзь!
1. Сёлетняя, якая ўжо стала традыцыйнай, Малітоўная сустрэча моладзі ў Івянцы, дэвіз якой: «Я — рыцар Евангелля», праходзіць пад патранатам св. Максімільяна Кольбэ. У мінулым годзе свет адзначаў 70-годдзе яго мучаніцкай смерці ў Асвенцымскім канцэнтрацыйным лагеры, дзе ён дабравольна ахвяраваў сваё жыццё за бацьку сям’і. Гэтым самым ён ажыццявіў словы Езуса Хрыста, што няма большай любові, чым калі нехта аддае сваё жыццё за іншых (пар. Ян 15, 13).
Святы Максімільян Кольбэ ў 1924–1927 гг. працаваў у францішканскім касцёле Маці Божай Анёльскай у Гродне. Там арганізаваў выдавецтва і выдаваў добра вядомы ва ўсім свеце часопіс «Рыцар Беззаганнай». Праз пэўны час гэты касцёл быў маім парафіяльным касцёлам, дзе ў цяжкія часы пераследу веры я меў шчасце спатыкацца з Богам і Яго жыццядайнай ласкай.
Потым так сталася, што ў 1988 г. я быў прызначаны пробашчам гэтай парафіі. Калі цэлебраваў св. Імшу, спавядаў ці здзяйсняў іншыя сакрамэнты або набажэнствы, заўсёды адчуваў вялікую адказнасць. Так было не толькі таму, што гэта былі святыя цэлебрацыі, але таксама і таму, што на гэтым месцы служыў святы чалавек. Мне самому не аднойчы прыйшлося спаткацца з людзьмі, якія яго добра ведалі і заўсёды ўспаміналі як святога, яшчэ задоўга да таго, як ён быў далучаны да хвалы алтара.
Бог даў мне таксама вялікую ласку цэлебраваць першую святую Імшу ў Беларусі ўжо як біскупу менавіта ў гэтым касцёле. Гэта мела месца 27 кастрычніка 1989 г. пасля вяртання з Рыма, дзе благаслаўлёны Ян Павел II у базыліцы св. Пятра ўдзяліў мне біскупскую сакру.
2. Сёння, калі пастырская праграма Касцёла ў Беларусі прысвечана новай евангелізацыі, мы вяртаемся да спадчыны гэтага вялікага святога нашага часу — як сапраўднага рыцара Евангелля.
Калі мы ўважліва паглядзім на праблемы і выклікі сучаснасці праз прызму жыцця і служэння св. Максімільяна Кольбэ Богу, Касцёлу і людзям, то ўбачым, што трапляем у неўралагічны пункт уражлівасці сучаснага чалавека. Святы Максімільян сваёй мучаніцкай смерцю ў галодным бункеры пацвердзіў драму чалавецтва нашага часу.
У гэтым святару-мучаніку стала бачнай цэнтральная праўда Евангелля, а менавіта праўда аб сіле любові. Гэтая праўда сталася асабліва празрыстай праз асвенцымскі чын св. Максімільяна Кольбэ. Найбольш дасканалы прыклад, які пакінуў нам Збаўца, у гэтым чыне быў выкананы з вялікім гераізмам і адначасова з вялікай прастатой. У яго рашэнні аддаць жыццё за іншага чалавека праявілася сталасць ягонай любові і моц Святога Духа, а ў смерці — духоўная і маральная перамога над ёю.
Да гэтай перамогі ён ішоў усё сваё жыццё. Ішоў як духоўны сын св. Францішка і як святар, галоўным заданнем якога з’яўляецца абвяшчаць Евангелле.
У пастырскі Год новай евангелізацыі як уводзінаў у Год веры засяродзім сваю ўвагу на прыкладзе св. Максімільяна Кольбэ.
3. Найперш трэба прыгадаць, што новая евангелізацыя — гэта не новая хрысціянізацыя, але адноўлены пастырскі высілак, скіраваны да ахрышчаных, якія адышлі ад веры. Яе задачай найперш з’яўляецца фармацыя свядомых і моцных вераю хрысціян і хрысціянскіх супольнасцяў, якія змогуць даць сучаснаму свету пераконваючае сведчанне аб Евангеліі.
Таму новая евангелізацыя не з’яўляецца бунтам супраць сучаснай культуры, але прадстаўленнем альтэрнатыўнага, евангелічнага жыцця. Гэта як быццам новае прымяненне педагогікі св. апостала Паўла, якая распачынае ад прыняцця пазітыўных элементаў свету, што само сабой адкрывае чалавека на Бога і Яго любоў.
Новая евангелізацыя злучана з пошукам новых формаў камунікацыі, не забываючыся аб тым, што найважнейшай справай з’яўляецца малітва і сведчанне жыцця. У сувязі з гэтым новая евангелізацыя — гэта не новая рэклама Евангелля, але паўторнае дасведчанне яго нязвыклай каштоўнасці і моцы ў адносінах да чалавека. Гэта таксама напамін, што сутнасцю Евангелля ёсць любоў, бо быць хрысціянінам азначае любіць.
4. Найчасцей з асобай св. Максімільяна Кольбэ людзі звязваюць яго гераічны ўчынак у Асвенцымскім канцлагеры, дзе ён ахвяраваў сваё жыццё за іншага чалавека. Гэта праўда. Але праўдай з’яўляецца і тое, што менавіта ён стаўся ініцыятарам і стваральнікам новай евангелізацыі. Пры гэтым трэба заўважыць, што ў яго разуменні новая евангелізацыя носіць марыйны знак. Заснаваныя ім у 1920 г. Рыцарства Беззаганнай і часопіс «Рыцар Беззаганнай», а таксама ініцыятывы і спосабы абвяшчэння Добрай Навіны арганічна ўпісваюцца ў сучаснае паняцце новай евангелізацыі. У справе ажыццяўлення евангелічна-місійнага запатрабавання яны былі наватарскімі і эфектыўнымі і абапіраліся на дасягненні найвышэйшай ступені дасканаласці, якую ён бачыў у давярэнні сябе Марыі.
5. Жыццё і дзейнасць св. Максімільяна Кольбэ былі своеасаблівым aggiornamento — аднаўленнем паводле патрабаванняў часу абвяшчэння Евангелля задоўга да Другога Ватыканскага Сабору. Ці ведаў ён аб тым? А можа, толькі прадчуваў? Так ці інакш, але гэта быў шлях новай евангелізацыі праз Марыю. Гэта была новая школа, новая духоўная майстэрня, з якой пайшлі ў свет рыцары Беззаганнай як рыцары Евангелля.
Як кожная майстэрня, так і ягоная мела свае інструменты, сваю тэхналогію, сваё, кажучы сучаснай мовай, know how. Гэта быў варштат працы над чалавекам, і гэтая праца нагадвала пра сутнасць евангелізацыі.
Трэба памятаць і аб тым, што ягоны час быў часам вельмі цяжкім з сацыяльна-палітычнага пункту гледжання. Аднак такія абставіны яго не стрымлівалі ад дзеяння. Згодна са сваім іменем, ён быў максімалістам, можна сказаць, максімільянам пошуку. У сваіх апостальскіх планах хацеў усіх прывесці да Хрыста праз Беззаганна Зачатую.
Гэты евангелізацыйны варштат паводле таго часу быў вельмі сучасным і апярэджваў ягоную эпоху як з духоўнага, так і з тэхнічнага пункту гледжання. Святы Максімільян добра ведаў, што для эфектыўнай евангелізацыі патрэбны новыя сродкі масавай камунікацыі. З гэтай мэтай ён засноўвае выдавецтва і радыё, марыць аб тэлебачанні. На той час гэта былі сапраўды рэвалюцыйныя ідэі. У духоўнай сферы прыкладам для ўсіх ён ставіў Марыю і яе «fiat» — згоду з Божай воляй.
Сутнасным элементам евангелізацыі паводле св. Максімільяна Кольбэ было друкаванае і таксама перадаванае праз радыё слова. Заснаваны ім «Рыцар Беззаганнай» не быў адзіным на рынку касцёльнай прэсы часопісам. Не быў ён таксама тыпічнай касцёльнай перыёдыкай. Ён быў аўтэнтычным катэхізатарам. Не быў толькі інфарматарам аб Евангеллі, але фарматарам чалавечай асобы, словам, якое было скіравана да ўсіх — веруючых і няверуючых. Святы Максімільян Кольбэ кіраваўся думкаю арцыбіскупа Пізы кардынала П’етро Маффі, які жыў на пачатку ХХ стагоддзя і казаў: «Вы абвяшчаеце Евангелле ў нядзелю, у той жа час часопісы чыняць гэта кожны дзень і ў кожную гадзіну. Вы прамаўляеце да вернікаў у касцёле, а часопісы дома. Вы прамаўляеце да іх паўгадзіны, а часопісы не перастаюць гэта чыніць».
Святы Максімільян Кольбэ прадчуваў тое, аб чым потым скажа благаслаўлёны Ян Павел II у энцыкліцы «Redemptoris missio» («Місія Збаўцы»): першым сучасным «арэапагам» ёсць свет мас-медыя. Сродкі масавай камунікацыі ў наш час з’яўляюцца галоўным інфармацыйным і фармацыйным інструментам, а таксама кіраўніком і натхненнем у жыцці асобаў, сем’яў і грамадстваў. Евангелізацыя сучаснай культуры залежыць ад іх уплыву. Таму недастаткова выкарыстоўваць сродкі масавай камунікацыі толькі для распаўсюджвання хрысціянства і навучання Касцёла, але яго пасланне неабходна ўключыць у створаную праз сучасныя мас-медыя «новую культуру» (пар. RM 37).
Геніяльнасць і арыгінальнасць св. Максімільяна Кольбэ ў тым, што мас- медыя для яго былі абвяшчальнікамі Евангелля. Не толькі інструментамі, але і тымі, хто абвяшчае. Калі чалавек не можа або не хоча пайсці да сучаснай Нінівы, туды ідуць мас-медыя. У гэтым заключаецца наватарства максімільянаўскай евангелізацыі. Ён быў перакананы, што нават згубленае на вуліцы Нагасакі ці ў іншым месцы напісанае Божае слова ў рэшце рэшт знойдзе свайго чытача. Паводле св. Максімільяна Кольбэ, мэтай каталіцкіх мас-медыя павінна быць місія.
6. З такімі ідэямі св. Максімільян Кольбэ пайшоў у свет. Марыў пра працу ў Індыі, Кітаі, Карэі. Беззаганна Зачатая завяла яго ў Японію, у Нагасакі, дзе таксама пачаў выдаваць «Рыцара Беззаганнай».
У сваёй дзейнасці св. Максімільян Кольбэ адзначаўся моцнай верай і чынам, дзейнічаў энергічна і ўсебакова. Аднак падмуркам усяго гэтага была вера і давер Беззаганна Зачатай Марыі.
Святы Максімільян Кольбэ паказаў, што спосаб і кантэкст евангелізацыі моцна залежаць ад духоўнасці евангелізатара. Гэта адносіцца як да духоўных, так і да свецкіх асобаў. Ён стварыў місійную школу для свецкіх, якія па прыкладу св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус не павінны былі выязджаць на місіі, каб быць місіянерамі.
7. Сёння, разважаючы пра вельмі актуальную задачу новай евангелізацыі, нам неабходна звярнуць увагу на гэтага святога, які евангелізаваў да канца сваіх дзён. Успомнім сцэну, калі ён дабравольна прапануе аддаць сваё жыццё за бацьку сям’і. Эсэсавец не можа зразумець такога чыну і пытаецца: «Кім ты з’яўляешся?» «Я каталіцкі святар», — адказаў Кольбэ.
А сцэна ў камеры смерці? Калі Кольбэ не мог доўга памерці і калі яго вочы свяціліся так моцна, што ў іх не маглі глядзець каты, яго забілі ўколам фенолу. Мы не ведаем, што было тады ў душах эсэсаўцаў, але, напэўна, голас сумлення павінен быў прамовіць у іх. Ці пачулі яны яго? Таксама не ведаем. Але ведаем, што былі выпадкі, калі каты потым навярталіся.
У адным з нямецкіх канцэнтрацыйных лагераў, дзе былі дзеці, жанчына-назіральніца вельмі нядобра ставілася да іх. І вось аднойчы яна хацела ўдарыць малога хлопчыка. А той з добрай дзіцячай усмешкай сказаў: «Я хачу, каб ты была маёй мамай». Апусцілася рука суровай назіральніцы. Потым яна загінула ў тым самым канцэнтрацыйным лагеры.
Святы Максімільян Кольбэ абвяшчаў Евангелле як жывым, так і друкаваным словам, а таксама сваім прыкладам, абвяшчаў аж да смерці. Гэтым самым ён упісаўся ў гісторыю чалавецтва, паказваючы, што дабро перамагае зло. Ён, як рыцар Евангелля свайго часу, памёр у Асвенцымскім бункеры, але жыццё засталося.
Усе мы створаны, каб жыць. Езус кажа: «Я прыйшоў дзеля таго, каб мелі жыццё і мелі ўдосталь» (Ян 10, 10). Езус прыходзіць да нас праз Евангелле, каб мы мелі моцную веру і, ёю жывучы, дасягнулі жыцця вечнага.
Папа Бэнэдыкт XVI падчас мінулагодняга Сусветнага дня моладзі ў Мадрыдзе заклікаў маладых да моцнай, укаранёнай у Хрысце веры, якую неабходна сведчыць.
Люстэрка не з’яўляецца крыніцай святла, але з яго дапамогай можна паслаць сонечнае святло туды, куды яно ніколі не даходзіць. Святы Максімільян Кольбэ сваёй малітвай, абсалютным даверам Марыі і сведчаннем быў Божым люстэркам і перадаваў святло Евангелля іншым.
Няхай яго прыклад і давер Марыі дапамогуць нам стаць сапраўднымі рыцарамі Евангелля для перадачы і ўмацавання веры, як гарантыі шчаслівага жыцця на гэтай зямлі і ў вечнасці. Амэн.
|